Аляксандр Ярашук заявіў пра стварэнне Нацыянальнага стачкама

Аляксандр Ярашук заявіў пра стварэнне Нацыянальнага стачкама

У Беларусі пачалося стварэнне Нацыянальнага стачкама. Пра гэта заявіў старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук

Ён лічыць неабходным стварыць Нацыянальны стачкам у найбліжэйшыя два-тры дні і пачаць ад яго імя непасрэдны дыялог з афіцыйнымі органамі наконт транзіту ўлады ў краіне. 

"Сітуацыя знаходзіцца ў крытычным пункце, уладныя структуры паралізаваныя і не могуць прымаць рашэнняў, прэзідэнт Лукашэнка ні пад якой маркай не хоча прызнаваць, што народ канчаткова і беспаваротна адмовіў яму ў даверы і патрабуе неадкладнага сыходу. У сваю чаргу, абраны прэзідэнт Святлана Ціханоўская, якая заявіла ўчора пра сваю гатоўнасць стаць нацыянальным лідарам, не можа ні сама, ні фармаваная ёю Каардынацыйная рада пачаць дыялог пра транзіт улады. Узнікла надзвычай небяспечная для краіны сітуацыя двоеўладдзя. Яе трэба як мага хутчэй вырашыць і зрабіць крок па выхадзе з вострага палітычнага крызісу", — піша Ярашук. 

Па яго словах незалежныя парфсаюзы ўжо стварылі стачкамы на ўсіх рудаўпраўленнях ААТ "Беларуськалій", дзе дзейнічае Незалежны прафсаюз гарнякоў (НПГ). 

"Найбліжэйшым часам з актыўным удзелам незалежных прафсаюзаў гэта зробяць рабочыя ААТ "Гродна Азот", ААТ "Нафтан" і завод "Палімір", ААТ "Мазырскі НПЗ". Тое ж самае вам трэба неадкладна зрабіць на МТЗ, МАЗе, "Гомсельмашы", БелАЗе, "Белшыне" і на ўсіх іншых прадпрыемствах краіны і адразу дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у Нацыянальны стачачны камітэт. Можна гэтую працу весці паралельна і, не чакаючы стварэння стачкама, дэлегаваць свайго прадстаўніка ў НСК", — тлумачыць Ярашук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі