Аляксандр Сапега: Побач ёсць дзіўныя рэчы, дзіўныя людзі

У Беларусі некалькі гадоў існуе ўсяго толькі адзін прафесійны конкурс для бубначоў. Гэта конкурс "Барабанны Біт", якія прыдумаў і стварыў Аляксандр Сапега, вядомы многа каму як барабаншчык сур'ёзнага джазавага гурта "Apple Tea". Зусім хутка, 15 верасня, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі мінуе чарговы "Барабанны Біт". Аляксандр Сапега ветліва пагадзіўся на сустрэчу, дзе і распавёў усю гісторыю сваёй вар’яцкай і выдатнай задумы ад самага пачатку.


А.С: Пачалося з таго, што я быў у Варшаве і  пазнаёміўся там з прафесарам музычнай акадэміі — Стасам Скачыньскім. Стас ужо гадоў дзесяць ладзіў музычныя лагеры для дзяцей рознага ўзросту, дзе іх навучаюць гранню на барабанах. Тады я ўпершыню падумаў, што добра было б зрабіць нешта падобнае і ў нас, бо ў рамках лагера праходзяць і конкурсы.

Потым на літоўскім фэсце "Клайпеда" мне прапанавалі правесці майстар-клас. Я пагадзіўся, і на мяне пасыпаліся запрашэнні падобнага кшталту з усіх бакоў.

Мяне запрасіў Таліс Гжэбоўскіс, гэта латвійскі музыка і на той час ён праводзіў ужо дзясяты па ліку фэст. Ён, дарэчы, таксама пачынаў, з лагера для барабаншчыкаў, а праз два гады ў праект пачалі запрашаць усіх музыкаў, і ў выніку ўсё гэта ператварылася ў вялікі фэст. Я выкладаў спачатку ў лагеры, а пасля мы з “Apple Tea” бралі ўдзел у канцэрце. Дэйв Вэйкл таксама быў там са сваім майстар-класам і канцэртам.

Р: Нічога сабе!

А.С: Так! А у гэтым годзе Стыў Сміт і Vital Information. Гэта толькі дэманструе высокі ўзровень фэсту. І ў нас мог бы быць такі, калі б у нас была прыватная ініцыятыва.

Р:  А што жа дзяржава? Бо добрая ж справа!

А.З: Ад дзяржавы падтрымкі чакаць не даводзіцца. Гэта дзіўна! Дагэтуль еўрапейская дзяржава лічыць, што "ультрамоднае" тут не да месца. Хоць "ультрамоднай" з'явай барабаны не назавеш. Цяпер не 40-я гады. Ударная ўстаноўка чамусьці не карыстаецца ўвагай, хоць гэта дарма. Я лічу, што за ўдарнай устаноўкай будучыня.

Я бачу, што цяпер школа выканання на ўстаноўцы развіваецца двума шляхамі: гэта ансамблевае гранне і сола-гранне, як у цырку, памятаеш? І бубнач, і трубач, і піяніст і чачотачку магу. Апошнія самі робяць сваё "шоў", і ім  зусім не патрэбныя іншыя музыкі. Не смейся! Такія "шоў" карыстаюцца поспехам, асабліва ў Еўропе і Амерыцы.

Р: Дык як жа ў цябе паспеў план па стварэнні свайго "Барабаннага шоў"?

А.С: Дык вось! Гэтая ідэя ляжала на паверхні! Фінальнай кропкай стала мая паездка ў Талін. Мяне запрасілі туды на конкурс пад патранажам швейцарскай фірмы "Paiste", дзе я з'яўляюся эндорсерам. Дарэчы, усходняе бюро "Paiste" прапанавала эндорсмэнт двум лаўрэатам "Барабаннага Біта". Дык вось, пакуль я працаваў на конкурсе, я звярнуў увагу на тое, што людзі выказваюць велізарную цікавасць да ўдарнай устаноўкі, і я вырашыў, што вярнуся і зраблю нешта падобнае ў Менску. Адразу з цягніка, на пад'ездзе да горада я патэлефанаваў Сашы Старажуку і сказаў яму, маўляў, сустракай мяне на пероне. Мы адразу ж пайшлі ў вакзальны рэстаран, узялі гарэлкі, закускі і ўвогуле за пару-тройку гадзін гутаркі мы акрэслілі контуры гэтага конкурсу і накідалі правілы. Шчыра кажучы, многа чаго мы запазычылі ў амерыканцаў.

Р: А што-небудзь новенькае, зыходзячы з рэалій Беларусі, прыйшлося прыдумаць або змяніць?

А.С: Канечне. Дапрацоўка гэтых правіл ідзе дагэтуль. Напрыклад, у нас былі цяжкасці ў дыферэнцыяцыі прафесіяналаў-непрафесіяналаў. Яшчэ мы прынялі рашэнне праводзіць фэст раз у два гады, таму што краіна маленькая, музыкі не паспяваюць "абнаўляцца", прыходзяць адныя і тыя ж людзі, а нашая змена дасць перавагу маладым, пачаткоўцам.

Я спадзяюся, што наш конкурс аднойчы стане міжнародным і мы зможам запрашаць музыкаў і з іншых краін. Украінцы, напрыклад, вельмі моцныя бубначы!

На нас, дарэчы, ужо звярнулі ўвагу: нашыя лаўрэаты былі запрошаныя на конкурс "Балтыйская ліга" у Рыгу. Нажаль, яны не ўзялі ніякіх месцаў, але не таму, што дрэнна гралі, а таму, што трохі памыліліся з фарматам. Думаю, у наступным годзе будзе лепш, бо нашаму Андрэю Маўрыну, напрыклад, выказвалі кампліменты з нагоды ягонага выканання. Журы конкурсу палічыла, што яго тэхніка выканання на малым барабане непаўторная.

Так што нам ёсць чым ганарыцца і што паказаць.

Самы кайф, канешне, у чаканні гэтага свята, і вельмі сумна, калі яно заканчваецца. Але з іншага боку, ты ўжо пачынаеш рыхтавацца да наступнага, і гэта як у жыцці: усё ідзе, усё змяняецца, з'яўляюцца новыя людзі, яны здзіўляюць… Пасля конкурсу многа хто піша мне смс-кі, маўляў, Аляксандр Мікалаевіч, дзякуй вам вялікі!

Р: Гэта выдатна! Так шмат музыкаў да цябе далучаецца, але звычайна на людзей з такой шчодрай актыўнасцю пазіраюць, як на дурачкоў.

А.С:  Згодны. Для таго, каб зрабіць нешта падобнае, трэба быць трохі вар’ятам. Таму што падрыхтоўка конкурсу — гэта вельмі складана, але я жадаў, каб у маім жыцці была б нейкае сур'ёзная справа, каб жыццё вакол была цікавей. Таму што нашыя музыкі сумныя нейкія…  Вось, калі я быў студэнтам кансерваторыі, я ніколі не меў стасункаў са сваімі. Мне яны здаваліся зашоранымі, і я стала знікаў у Інстытуце Культуры ў Сашы Старажука, у пакоі  пяцьсот нейкі… з раніцы хлопцы грэлі гарбату, булачкі гарачыя аднекуль былі, мы слухалі Weather Report, абмяркоўвалі музыку, клас! І мне захацелася, каб нашым музыкам стала цікавей жыць.

Напрыклад, я не збіраюся з'яжджаць у нейкую іншую краіну, таму што там тое самае, за выключэннем аднаго: там ёсць актыўныя людзі, якія нешта спрабуюць зрабіць для іншых. Мне бы вельмі хацелася зрабіць наш конкурс міжнародным. Сёлета прыедзе Крэйг Бландэл. Прызнацца, нічога пра яго не ведаю, таму што гэта госць ад кампаніі "Paiste". Спонсарскі падарунак фірмы. Я бачыў яго ў youtube. Ну што, моцны такі прафесіянал, нічым не горшы за мяне альбо Старажука. За такі падарунак я "Paiste" дзякую.

Р: Яшчэ бубнач гурта “Тараканы” жадаў патрапіць да цябе, праўда?

А.С:  Праўда. Мне сорамна, але я не ведаў гэтай групы. Бачыш, я таксама зашораны злёгку, таму што стала знаходжуся ў джазе. Калі Сяргей Парабкаў з “Тараканаў” патэлефанаваў мне і прапанаваў сваю кандыдатуру,  я спачатку ўспрыняў гэта з асцярогай. Мне здавалася, калі чалавек сам напрошваецца, значыць, ёсць у гэтым нешта не вельмі добрае.

Потым я паглядзеў, як ён грае, паслухаў канцэрты. Ён вельмі сур'ёзны музыка! І гурт добры. Сяргей прыедзе і будзе даваць майстар-клас у Інстытуце Культуры( Маскоўская, 18 А, другі корпус, аўдыторыя 509, а 12.00, 15 верасня). Усе нашыя студэнты плануюць там быць.

Р: Саша, а ты адсочваеш лёс сваіх канкурсантаў?

А.С:  Вядома! Яны жа ўсе тут, на віду. Напрыклад, Лёшу Хайчука пасля перамогі ў 2006 адразу ж пасля конкурсу запрасілі ў J:Mors. Музыкі ходзяць на агледзіны. У прынцыпе, гэта адна з задач конкурсу. Саша Ліпніцкі трапіў у “Лепрыконсы”.

Саша вельмі таленавіты, у яго ёсць свой аркестр - Symphonic Drive Orchestra -  і традыцыйна 15-га ён выступіць у нас на фэсце. З “Apple Tea” Саша будзе граць на пяркусіі.

Р: Скажы, дзяўчынкі на конкурс просяцца да цябе?

А.З
:  Ды няма. Нейкія гендэрныя праблемы ў нас. У Амерыцы гэта ўжо даўно не праблема, а ў нас дзяўчынкі калі і ідуць граць на барабанах, але выконваюць класіку.

На канцэртах дзяўчынак шмат! Не ведаю, можа, яны са сваімі хлопчыкамі-музыкамі прыходзяць. Але я спадзяюся, што наш конкурс паўплывае на гэтую сітуацыю.

Р: Відаць, дзяўчынак у музыку мамы не пускаюць. Бухгалтар куды больш салідна.

А.З: Я думаю, што галоўнае, каб дзіця не калолася, не піла, а займалася чым-небудзь. Вядома, мамам больш да спадобы прафесія бухгалтара або юрыста, але ж можна выдатна сумяшчаць прафесію і аматарскае выкананне. Наогул, вялікая маса бубначоў — гэта не прафесіяналы, а аматары.
 
Р: Так што, адукацыя не такая ўжо і важная?

А.З: Для звычайнага рок-н-ролла — так. Але калі чалавек жадае быць лепей за іншых, а ён заўсёды гэтага жадае, праўда? — то павучыцца ўсё жа трэба. Хоць ёсць дзіўныя прыклады адваротнага. Вось напрыклад, Джордж Бэнсан не ведае нот! Для мяне гэта было адкрыццём. Яго прыводзяць на саўндчэк і паказваюць, дзе яму іграць. З іншага боку, дзівіцца няма чаму. У Амерыцы, калі ты здолеў выявіць свой талент, цябе аўтаматычна прыцягваюць у тусоўку, дзе стала ідзе праца, праца, праца. Мабыць, такім чынам у іх і выпрацоўваецца фенаменальная памяць і навыкі выканання.

Р: Скажы мне як дасведчаны музыка, наколькі папулярныя бубначы сярод жанчын? Вядома, што хлапчукі часта ідуць у гітарысты або вакалісты, каб здабыць жаночае каханне, а вось бубначы неяк, па маіх адчуваннях, не так папулярныя. Або я памыляюся?

А.С: Я нават не ведаю. Проста я ўвесь час меў стасункі з сур'ёзнымі музыкамі, у нас неяк не было такіх замарочак, сур'ёзна! Не палічы, што я нейкі ненармальны. (смяецца)

Р: Ні ў якім разе! Я, наадварот, імкнуся пачуць ад цябе пацверджанне таму, што жанчын трэба прыцягваць іншымі спосабамі.

А.С:  Скажу больш, на жанчын, нажаль, наогул мала часу застаецца, таму што калі ты жадаеш сапраўды добра іграць, не важна, гітара гэта, барабаны або вакал, ты займаешся шмат, правільна? Праводзіш шмат часу ў занятках. А заняткі — гэта не абавязкова творчасць. Потым рэпетыцыі, канцэрты… Гэта проста вялікая самааддача. Нажаль, я вось заўважыў, у нашым асяродку многа ў каго не складаецца асабістае жыццё, менавіта з той прычыны, што многае аддаецца музыцы.

Р: Многае ж ад музыкі і прыходзіць, правільна?

А.С:  Так. Я люблю музыку  і калекцыяную яе. Я, напрыклад, не зусім звычайны барабаншчык. Многія барабаншчыкі збіраюць кружэлкі іншых барабаншчыкаў, барабанную музыку. Вось я прыходжу, бывае, да Валодзі Марусечкіна, гэта былы барабаншчык "Пясняроў", а ён мне — вось, у мяне кружэлка гэтага, кружэлка таго, і ўсё совае мне барабаншчыкаў. А я люблю музыку часцяком увогуле без барабаншчыкаў. Хочацца разнастайнасці. Я слухаю класічную музыку: Брамса, Чайкоўскага, Пракофьева.

Р: Што скажаш пра  электронную музыку?

А.З:  Сэмплы мне не падабаюцца. Гэтае не сапраўднае. Гэта ж немагчыма сыграць тое, што засэмпліравана штучным чынам. У нас жа дзве рукі, дзве нагі, а там трэба па восем мець. (усміхаецца). З прафесійнага пункту гледжання мяне гэта не цікавіць. Я за барабанную ўстаноўку. Я думаў, вось чаму ўвогуле жыву? Чаму мне цікава жыць? Напэўна, таму, што побач ёсць дзіўныя рэчы, дзіўныя людзі… Мне здаецца, што дзеля гэтага я і зрабіў гэты фэст.

Р:  Дзякуючы такім энтузіястам, як ты, поўных любові да музыкі і людзей, тут яшчэ доўга не скончыцца музыка. Дзякуй табе.

Нагадаю, што фестываль “Барабанны Біт” пройдзе у панядзелак, 15 верасня ў залі Філармоніі а 19.00. Не прафілонце!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі