А.Лябедзька: Зняццё кандыдатаў - наша жорсткая рэакцыя на дзеянні ўладаў

Мінская арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі зняла з выбараў 5 кандыдатаў з 6. Змагацца за дэпутацкае крэсла будзе толькі лідэр партыі Анатоль Лябедзька. Паводле яго слоў, зняццё кандыдатаў - гэта адэкватны і жорсткі адказ уладам на адмову ў друкаванні праграм. Анатоль Лябедзька: “Мы не маглі не адрэагаваць з маральнага і палітычнага пункту гледжання на брутальныя дзеянні ўлады, якія, фактычна, пазбавілі магчымасці 380 тысяч выбаршчыкаў атрымаць нашы праграмы. У нас павінна была быць рэакцыя. І яна, на наш погляд, адэкватная і жорсткая: 5 кандыдатаў здымаюцца”.

Плануецца, што па гэтых пяці акругах, дзе балатаваліся Станіслаў Багданкевіч, Валянціна Палевікова, Ганна Ягорава, Кацярына Маласаева і Аляксандр Дабравольскі, будзе данесеная інфармацыя выбаршчыкам аб канфлікце кандыдатаў і ўладаў.

Нагадаем, 16 верасня члены АГП прад'явілі Цэнтрвыбаркаму ўльтыматум у сувязі з немагчымасцю надрукаваць агітацыйныя матэрыялы сваіх кандыдатаў. Усе шасцёра збіраліся выдаць сумесную перадвыбарную ўлётку, аднак атрымалі адмову з некалькіх друкарняў. Мікалай Лазавік заявіў, што кандыдаты ў дэпутаты ад АГП "замест улёткі вырашылі выпусціць спецвыпуск газеты "Народная воля", а на прапанову змяніць фармат перадвыбарнага буклета не адрэагавалі.

Сваё рашэнне працягнуць выбарчую барацьбу Анатоль Лябедзька тлумачыць жаданнем працягваць збіраць доказы фальсіфікацыі выбарчай кампаніі:

“Мы мусім выконваць свае абавязкі ў фармаце кааліцыі АДС. Мы бралі на сябе абавязкі прад’явіць доказы фальсіфікацыі выбарчай кампаніі, у тым ліку па ўсіх рэгіёнах і ў Мінску. Такім чынам, па выбарчай акрузе №105 мы такую задачу будзем вырашаць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі