Вы тут

Альпіністка Лілія Яноўская не пакідае надзеі падняць БЧБ-сцяг на Эверэст

Альпіністка Лілія Яноўская / хатні архіў

"Мне шкада, што БЧБ-сцяг так і не быў узняты сёлета над Эверэстам. Але вяршыня нікуды не дзенецца. Гэта абавязкова адбудзецца", — расказвае ў эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё 61-гадовая альпіністка Лілія Яноўская. Яна магла стаць першай беларускай, якая разгарнула над "дахам свету" бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг Беларусі. Але калі да вяршыні заставаўся ўсяго адзін дзень, альпіністка падхапіла каранавірус. Узыходжанне да вяршыні давялося адкласці.

Хвароба прайшла без ускладненняў, экстранная эвакуацыя з Джамалунгмы і шпіталізацыя не спатрэбіліся. Цяпер Лілія знаходзіцца ў Катманду і чакае магчымасці вярнуцца дадому ў Канаду, куды яе сям'я пераехала з Беларусі ў 1990-х.
 

Еўрарадыё: Як вы даведаліся, што ў вас каранавірус?

Лілія Яноўская: Наша каманда прывезла з сабой каля дзвюх тысяч набораў для тэставання. У час экспедыцыі я тэставалася больш за 20 разоў: перад і пасля кожнай трэніровачнай ратацыі, пры падазрэнні на вірус ва ўдзельнікаў экспедыцыі і гэтак далей. За дзень да планаванага выхаду на пік мой тэст аказаўся станоўчым. Мяне адразу ізалявалі ад каманды і перасялілі ў асобную палатку далей ад астатніх. Там я правяла дзесьці паўтара тыдня, а потым паляцела ў Катманду.
 

Еўрарадыё: Вы ўяўляеце, дзе маглі заразіцца?

Лілія Яноўская: Мяркую, што заразілася ў базавым лагеры, калі чакала добрага надвор'я для ўзыходжання. У мяне з'явілася лёгкае недамаганне, на якое я спачатку не звяртала ўвагі. У высокіх горах пры паніжаным кіслародзе ў многіх альпіністаў выяўляюцца сімптомы, падобныя да сімптомаў каранавіруса. Галаўныя болі, боль у суставах, кашаль, агульная слабасць... Іх часта складана адрозніць ад ранняй стадыі COVID-19.

Мы вярнуліся з тыднёвай ратацыі ў трэці лагер 9 траўня. Планавалася пару дзён адпачыць і аднавіцца перад выхадам на вяршыню, але надвор'е моцна сапсавалася, і практычна ўсе каманды былі вымушаныя адкласці ўзыходжанне і чакаць пагоднага акна ў базавым лагеры. Калі прагноз палепшыўся, каманды пачалі рыхтавацца да ўзыходжання. Збіраліся выйсці 16-18 чысла, каб дасягнуць вяршыні 21-га.

За гэты час было выяўлена вельмі шмат выпадкаў заражэння — усяго ў лагеры знаходзілася больш за тысячу чалавек, уключаючы альпіністаў, шэрпаў і персанал. Праз пандэмію камандам было забаронена мець зносіны адно з адным, але далёка не ўсе выконвалі правілы, і не ўсе каманды тэставалі сваіх альпіністаў.

Наша каманда выконвала правілы дыстанцыявання, але нават ва ўмовах сегрэгацыі большасці за гэтыя паўтара тыдня вірус распаўсюдзіўся даволі хутка. Было некалькі эвакуацый. Адна вялікая аўстрыйская каманда цалкам адмяніла сваю экспедыцыю і пакінула лагер праз рызыку заражэння.
 

Еўрарадыё: Ці шмат яшчэ альпіністаў захварэла?

Лілія Яноўская: Фармальна задакументавана ўсяго некалькі выпадкаў заражэння, у прэсе пісалі пра 30 адсоткаў. Але мне здаецца, заразілася больш за палову ўсіх шэрпаў і альпіністаў. У час каранціну я бачыла шмат эвакуацый на верталёце. Акрамя мяне, у маёй камандзе заразілася некалькі чалавек, некаторыя з іх — у час узыходжання. Магчыма, калі жылі ў больш цесных лагерах, дзе многім давялося правесці некалькі начэй у чаканні пагоды.
 

Еўрарадыё: У складзе якой экспедыцыі вы ішлі? Ці сустракалі іншых беларусаў?

Лілія Яноўская: Я ішла ў складзе амерыканскай кампаніі IMG (International Mountain Guides). Першапачаткова ў складзе нашай інтэрнацыянальнай каманды было 17 чалавек, але 11 альпіністаў выбыла па стане здароўя або ў выніку заражэння.

Лілія Яноўская — грамадзянка Канады і Беларусі. Нарадзілася ў Івянцы, жыла ў Мінску. Пасля заканчэння матэматычнага факультэт БДУ Лілія атрымала другую вышэйшую адукацыю ў галіне фінансавага аналізу.

У 1990-я сям'я Яноўскай эмігравала ў Канаду. Альпінізмам беларуска занялася пасля нараджэння трэцяй унучкі, ва ўзросце 50 гадоў. Сярод скораных вяршынь — Аканкагуа (6962 м, найвышэйшы пік у Паўднёвай Амерыцы), гара Матэрхорн у Швейцарыі (4478 м), Рэйнір у ЗША, стратавулканы ў Перу, Мексіцы і Эквадоры.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.