Алесь Аляхновіч: улады не падтрымаюць беларусаў падчас крызісу

Алесь Аляхновіч: улады не падтрымаюць беларусаў падчас крызісу

У найбліжэйшыя месяцы ў эканоміцы можа адбыцца большы спад, чым падчас крызісу 2015–2016 гадоў. Разлічваць у гэты перыяд на дапамогу дзяржавы беларусам не варта, упэўнены дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

Можна паглядзець на досвед, наколькі ў крызісных сітуацыях беларуская дзяржава падтрымлівала людзей. Два апошнія досведы згадаю. Першы — гэта 2015–2016 год, калі беларуская эканоміка апынулася ў рэцэсіі ўпершыню з паловы дзевяностых гадоў.

Гэта быў першы эканамічны крызiс, калі пачало адбывацца расслаенне даходаў. Рэгіёны Беларусі пачалі зарабляць менш. Там былі вялікія праблемы і з занятасцю, і з заробкамі, а ў буйных гарадах сітуацыя была лепшая. І дзяржава не дапамагала тады рэгіёнам альбо прынамсі недастаткова дапамагала, — кажа Алесь Аляхновіч.

Другі выпадак — 2020 год, калі пачалася пандэмія каранавіруса. Тады падтрымкі не атрымалі ні людзі, ні бізнесы. Фактычна кампаніі, якія маглі працаваць без офісаў, самі пераходзілі на ізаляцыю, а грамадзяне дапамагалі набываць медыцынскія касцюмы для бальніц. У гэты ж час на дзяржаўным тэлебачанні каранавірус называўся “псіхозам”.

Дзяржава не падтрымала саміх людзей, не ўвяла забароны на правядзенне розных публічных мерапрыемстваў. То-бок людзі ў Беларусі масава паміралі. Прыватны бізнес так і не дачакаўся падтрымкі. Гэта былі нейкія капейкі, кінутыя прыватнаму бізнесу. Уся падтрымка ішла практычна на дзяржаўны сектар эканомікі.

Таму спадзявацца, што цяпер, калі грошай значна менш, беларусы займеюць нейкую падтрымку, не выпадае, робіць выснову суразмоўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі