Алег Трусаў: Улады зрабілі так, што бел-чырвона-белы сцяг ведае кожны

120514 TrusauS.mp3

Еўрарадыё:
Ці бралі вы ўдзел у рэферэндуме?

 

Алег Трусаў: Як грамадзянін – вядома ж, браў. Да таго ж, я тады быў дэпутатам.

 

Еўрарадыё:
Калі вы ішлі на рэферэндум, ці думалі вы, што будзе такі вынік?

 

Алег
Трусаў:
Я ў гэтым мала сумняваўся, тым больш,
што пытанне было пастаўленае даволі па-езуіцку: роўнасць моваў. Дык я таксама
за роўнасць моваў. І нават тады калі беларуская мова была адзінай дзяржаўнай, яна
адставала ад расейскай па ўсіх параметрах. І зараз, дарэчы, я змагаюся з
уладамі за выкананне рэферэндуму – вы ж галасавалі за роўнасць, а зайдзіце ў
любую краму і вы ўбачыце, што аніякай роўнасцю не пахне.

 

Еўрарадыё:
Што змянілася з тых часоў у моўнай сітуацыі?

 

Алег
Трусаў:
Што тычыцца мовы – сітуацыя не такая і
простая. З аднаго боку, безумоўна, колькасць беларускамоўных класаў і школ
значна паменшылася. Але, напрыклад, у інтэрнэце беларуская мова свае пазіцыі не
згубіла, увесь час адкрываюцца новыя парталы, сайты. Вось і ТБМ нядаўна адкрыла
новы партал. Мінская моладзь зараз па-беларуску размаўляе не менш, чым у тыя
гады, а нават і больш. Нельга сказаць, што ўсё кепска, хаця ў галіне адукацыі
сітуацыя рэзка пагоршылася.

 

Еўрарадыё:
Але з тых часоў бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам апазіцыі, ён ужо не
асацыюецца з дзяржавай?

 

Алег
Трусаў:
Ну, я не сказаў бы, што апазіцыі. Справа ў тым, што на рэферэндуме за
сцяг і за герб галасавала значна больш людзей, чым за адну беларускую мову. То
бок да сімволікі людзі ставіліся значна лепш. Па-другое, там таксама былі
нюансы. Напісана – “новая сімволіка”, людзі не разбіраліся, што за новая
. Некаторыя думалі, што новая
– гэта і ёсць не савецкая. Нацыянальныя сімвалы не могуць быць сімваламі
апазіцыі – яны сімвалы нацыі. І, дарэчы, пад ціскам грамадскасці герб Пагоня
аб’яўлены нацыянальнай каштоўнасцю і пад нумарам 1 занесены ў спіс “ахоўваецца
дзяржавай”. Я думаю, неўзабаве і сцяг туды трапіць. То бок гэтая ўлада была
змушаная абвесціць пагоню адной з каштоўнасцяў нашай краіны.

 

Еўрарадыё:
А што дае тое, што сімвалы знаходзяцца ў гэтым спісе?

 

Алег
Трусаў:
Ну, вось, калі б сцяг знаходзіўся ў
спісе, то яго ніхто б не рваў і не выбіваў з рук. Паспрабуй Пагоню парві.
Дарэчы, зараз Пагоню ніхто і не адбірае, бо міліцыя ведае, што яна ахоўваецца
дзяржавай.

 

Еўрарадыё:
Вяртаючыся да мовы, на сённяшнюю моўную сітуацыю вы глядзіце песімістычна ці
аптымістычна?

 

Алег
Трусаў:
Безумоўна, я гляджу аптымістычна,
таму што былі ў нашай гісторыі часы, калі з мовай было значна горш. Я памятаю
сваю маладосць. У 1971-1976 гадах, калі я быў студэнтам у Менску, фактычна
па-беларуску на вуліцах размаўляла каля сотні чалавек, далёка не ўсе
пісьменнікі. Не было ніводнага беларускамоўнага класа ў Менску. Больш за тое,
беларускую літаратуру ў школах выкладалі на рускай мове. Вось з чаго мы
пачыналі. Так што, вядома, зараз сітуацыя значна лепшая. І самае галоўнае – на
нас працуе дваццаць год незалежнай Беларусі. І зараз ніхто не кажа, як нам
казалі ў дзяцінстве, маўляў, дзеці, навошта вам беларуская мова, у 1980 годзе
пабудуем камунізм і ўсе цывілізаваныя людзі свету будуць размаўляць на “вялікім
і магучым рускім языке”. А зараз? Што будзе праз дзесяць год – улада маўчыць.
Бо не ведае сама, ці будзе яна праз дзесяць год.

 

Еўрарадыё:
Ці вернуцца нашы сімвалы?

 

Алег
Трусаў:
Я не сумняваюся. Я думаю, мы ўсе з
вамі да гэтага дажывем. Я думаю, неўзабаве, праз невялікі гістарычны перыяд
сімвалы вернуцца. Зараз яны настолькі вядомыя народу, дарэчы, дзякуючы ўладам.
Бо калі б на іх ніхто не звяртаў увагі, то, мабыць, і народ не ведаў бы, што
гэта такое. Але з бел-чырвона-белым сцягам змагаюцца, яму зрабілі такі рэйтынг,
што новая ўлада назаўтра ж заменіць сцяг і герб, любая ўлада, якая б ні
прыйшла. Можа, цяперашнія ўлады гэтага і не хацелі, але яны зрабілі так, што
бел-чырвона-белы сцяг ведае цяпер кожны грамадзянін Беларусі.