Альбом Ніла Янга стаў лепшым канадскім дыскам усіх часоў

Класічны альбом Ніла Янга "Harvest" 1972 года атрымаў неафіцыйны статус лепшага канадскага альбома ўсіх часоў паводле галасавання прадстаўнікоў канадскага шоў-бізу.
Пісьменнік Боб Мерсеро апытаў больш за 600 вядомых музыкаў, крытыкаў, дыджэяў і дыстрыбутараў музычнай прадукцыі. Выданне з вынікамі апытання "The Top 100 Canadian Albums" з'явіцца ў кнігарнях на пачатку наступнага тыдня.

Другое месца ў спісе ста лепшых альбомаў заняла кружэлка пад назвай "Blue" знакамітай выканаўцы Джоні Мітчэл, на трэцім размясціўся яшчэ адзін дыск Ніла Янга "After the Gold Rush". Таксама ў першую пяцёрку ўвайшлі "Music From Big Pink" гурта The Band і "Fully Completely" – Tragically Hip.

Паводле словаў Боба Мерсеро, рэйтынг у першую чаргу адлюстроўвае цяперашнія густы канадскай публікі, таму не з’яўляецца поўнай хрэстаматыяй канадскай музыкі.

Дадам, што рокер-ветэран Ніл Янг акрамя таго, што ўзначаліў "Топ-100", яшчэ і атрымаў найбольшае "прадстаўніцтва" у рэйтынгу. У спісе ўзгадваюцца адразу восем яго альбомаў.

Кожная пазіцыя "Топ-100" забяспечаная ў кнізе сваёй арыгінальнай вокладкай, неабходнымі каментарамі і кароткім інтэрв'ю з аўтарамі альбома.

Фота: www.theage.com.au

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі