Акадэмія навук, магчыма, папросіць новых дэпутатаў размаўляць па-беларуску

А дэпутат Уладзімір Здановіч спадзяецца, што і законы будуць прымацца адразу на дзвюх дзяржаўных мовах. Начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Рагачук абавязаў чыноўнікаў гэтай дзяржустановы  раз на тыдзень размаўляць на працы па-беларуску. У дзяржаўнай прэсе пачалі друкаваць артыкулы, дзе звяртаецца ўвага на ганебны стан мовы бацькоў у Беларусі. А БТ заявіла пра намер распачаць паказ новага праекту “Зямля Беларуская”, весці якую таксама будуць на роднай мове. Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці не азначае гэтая “нездаровая” цікаўнасць да мовы прыкметай будучай глабальнай беларусізацыі краіны.

У адказ на гэта пытанне дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч выказаў меркаванне, што раптоўнай беларусізацыі не будзе, але мы здолеем дажыць да таго часу, калі па-беларуску загаворыць нават прэзідэнт Лукашэнка.

Уладзімір Здановіч: “Будзеце ж жыць доўга – пачуеце. Не засмучайцеся!”

Праўда, потым прызнаўся, што сам ён толькі адзін раз чуў, каб Лукашэнка гаварыў на дзяржаўнай мове – у 1995 годзе, падчас цырымоніі ўручэння настаўніку Здановічу ўзнагароды “Крыштальны журавель”.

Дэпутат сцвярджае, што дзяржава шмат робіць для пашырэння гэтай цікавасці. Але ў якасці канкрэтнага прыкладу здолеў назваць толькі прыняты сёлета спрэчны закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і правапісу”. На яго думку, гэты закон зробіць мову больш цікавай і зручнай да вывучэння. А вось калі ёй зацікавяцца, кажа дэпутат, то гэта дасць падставы ўнесці ў закон “Аб мовах” праўкі, якія нават чыноўнікаў прымусяць весці справаводства па-беларуску. Праўда, прызнаўся, што пагаварыць па-беларуску ў Авальнай зале ён можа толькі з дэпутатам Свірыдам. Астатнія нават прапанову дубляваць на беларускай мове законы, якія прымае парламент, адхілілі.

Уладзімір Здановіч: “Такая прапанова некалькі гадоў таму прагучала ад нашай камісіі пра тое, што давайце ўсе законы прымаць на двух мовах. А тут узніклі шэраг арганізацыйных пытанняў. Патрэбна шмат перакладчыкаў. Прычым, не проста перакладчыкаў з рускай на беларускаю, а патрэбны кваліфікаваныя перакладчыкі-юрысты. Каб не страціць сэнс нормы, якая закладалася раней. Але думаю, што ў гэтым накірунку праца будзе весціся”.

Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў назваў сённяшняе стаўленне дзяржаўных чыноўнікаў да беларускай мовы дыскрымінацыйным.

Міхаіл Пастухоў: “Гэта супярэчыць канстытуцыйнай норме аб наданні роўнага статусу дзвюм мовам – беларускай і рускай. Калі надпіс на шыльдзе робіцца на расійскай мове, то ніжэй павінна рабіцца і на беларускай. Гэта ж тычыцца аб’яў па радыё ці іншых СМІ. А спасылкі чыноўнікаў на тое, што яны могуць карыстацца ці той, ці іншай мовай, лічу адчэпкай. Каб забяспечыць роўны статус чыноўнікі павінны валодаць як рускай мовай, так у першую чаргу і беларускай – мовай тытульнай нацыі”.

Прыблізна год таму, падчас выступу на пасяджэнні секцыі па гуманітарных навуках і мастацтве дырэктар Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Аляксандар Лукашанец прапанаваў навукоўцам ініцыяваць заканадаўчую норму, згодна з якой свабоднае валоданне абедзвюма мовамі стане абавязковай умовай прыёму спецыялістаў на дзяржслужбу. Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў навукоўца, які лёс напаткаў яго ініцыятыву. Высветлілася, што ніякай будучыні ў яе не было. Дырэктар Інстытуту не хоча нават называць свае словы прапановай. Так – сказаў і сказаў.

Аляксандар Лукашанец: “Я проста закінуў гэту ідэю, грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыі і закона “Аб мовах”. Але гэта не была афіцыйная прапанова. У прынцыпе, гэта норма, якая выцякае з дзяржаўнага дзвюхмоўя. Вось і ўсё”.

Па словах Лукашанца, тое, што гэтую ідэю навукоўцы сапраўды маглі аформіць у якасці афіцыйнай прапановы Інстытута мовазнаўства і накіраваць на разгляд дэпутатам, яны проста не падумалі.

Аляксандар Лукашанец: “Вы добра падказалі! Я падумаю пра гэта”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі