Ахова тройчы падпускала кілераў да Лукашэнкі

Прэзідэнцкія сек’юрыці правалілі першы этап спаборніцтваў сярод целаахоўнікаў Сек’юрыці з усёй Расіі і краін СНД мераліся прафесіяналізмам у горадзе Койданава Ніжагародскай вобласці. Каманда целаахоўнікаў Аляксандра Лукашэнкі тройчы дапусціла памылкі, якія ў рэальным жыцці маглі б каштаваць прэзідэнту жыцця, – канстатавалі суддзі.

Па сцэнары прэзідэнт прыехаў на возера. У вадзе яго чакалі адразу дзве небяспекі – “кілеры”, перапранутыя ў вадалаза і рыбака. Вадалаз сядзеў у вадзе і быў замаскіраваны пад купіну. Калі рыбака беларускія целаахоўнікі абясшкодзілі адразу, то вадалаза яны нават не заўважылі. Падчас агляду вадаёма ахоўнікі на яго… наступілі!

Яшчэ адзін промах, які каштаваў бы чатыром целаахоўнікам жыцця Лукашэнкі: ніхто з іх не заўважыў “кілера”, які хаваўся ў машыне. Па сцэнары VIP-персону запрасілі на футбол. А недалёка ад футбольнага поля стаяла машына, у багажніку якой хаваўся “кілер”

Абяззброіць яго ў целаахоўнікаў Лукашэнкі не атрымалася. Таксама як і знайсці “бомбу”, схаваную ў вядры з фарбай.

Гледачы Адкрытага міжнароднага кубка прафесійных целаахоўнікаў нібыта патрапілі на здымачную плацоўку галівудскага блокбастара, – рапартуе з месца падзеяў расійская газета “Твой День”. VIP-ахоўнікі стралялі, паказвалі прыёмы рукапашнага бою, абясшкоджвалі тэрарыстаў, ратавалі сваіх падапечных ад злачынцаў на экстрэмальнай хуткасці.

Адзінымі прадстаўнікамі прэзідэнцкай аховай былі беларусы, усе астатнія каманды былі з прыватных ахоўных структур. Таму ўвага да целаахоўнікаў Лукашэнкі была падвышаная.

“Целаахоўнікі Лукашэнкі не здолелі выканаць некаторыя задачы, – кажа прэс-сакратар спаборніцтваў Аксана Грыгорычава. – Але пасля разбору памылак з нашымі інструктарамі яны выдатна адпрацавалі астатнія заданні”.

У выніку прэзідэнцкія сек’юрыці, якія тройчы падставілі Лукашэнку “кілерам”, нават вырвалі перамогу ў Кубку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі