Адзіны беларускі супрацоўнік “Беларуснафты” у Венесуэле — у бяспецы

Адзіны беларускі супрацоўнік “Беларуснафты” у Венесуэле — у бяспецы

На дадзены момант у Венесуэле знаходзіцца адзін беларускі супрацоўнік “Беларуснафты”, ён падчас антыўрадавых дэманстрацый не пацярпеў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Павел Лях, намеснік начальніка упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці “Беларуснафты”. Астатнія грамадзяне Беларусі, якія працуюць на прадпрыемстве ў Венесуэле, пакінулі паўднёваамерыканскую краіну. Па словах прадстаўніка “Беларуснафты”, гэты ад’езд запланаваны і з нестабільнай сітуацыяй ніяк не звязаны.  

Лях: “Па апошняй інфармацыі, пацярпелых сярод нашых супрацоўнікаў няма. Людзі выходзяць на сувязь і на дадзены момант знаходзяцца ў бяспечным месцы. Масавыя акцыі пратэсту праходзяць у буйных гарадах, такіх як Каракас, але ў дадзены момант мы ў Каракасе не прадстаўленыя. Мы знаходзімся крыху ў глыбіні краіны, там сітуацыя больш спакойная”.

Адзіны беларускі супрацоўнік “Беларуснафты” цяпер знаходзіцца ў раёне горада Маракайба. Гэта прыкладна ў 700 кіламетрах ад Каракаса. Рэкамендацыя кіраўніцтва прадпрыемства для свайго працаўніка: на бліжэйшыя дні скараціць колькасць перасоўванняў па-за межамі таго рэгіёна, дзе ён цяпер знаходзіцца.  

Прадстаўніцтва “Беларуснафты” працуе ў Венесуэле з 2006 года. На сумесным беларуска-венесуэльскім прадпрыемстве беларусы займаюцца распрацоўкай радовішчаў нафты і газу.

Новая хваля вулічных пратэстаў у Венесуэле пачалася ў панядзелак пасля таго, як улады паведамілі пра падаўленне спробы вайсковага мяцяжу ў сталіцы.

У аўторак лідар апазіцыі Хуан Гуайдо падчас шматтысячнай дэманстрацыі ў Каракасе абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта Венесуэлы. Яго падтрымалі ўлады ЗША і шэрагу іншых краін. Гуайдо назваў Нікаласа Мадура нелегітымным прэзідэнтам.

СМІ паведамляюць, што падчас сутыкненняў пратэстоўцаў з сіламі бяспекі 23 чалавекі загінулі і дзясяткі пацярпелі.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 24.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі