Адвакат Міхалевіча: Адказнасці за парушэнне падпіскі аб нявыездзе няма

Ні крымінальнай, ні адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне падпіскі аб нявыездзе няма. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла адвакат Алеся Міхалевіча Тамара Сідарэнка, каментуючы раптоўны ад’езд палітыка, абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 


"Калі парушаюцца правілы, вызначаныя пастановай, можа быць змененая мера стрымання зноў на арышт", — адзначыла яна.


Следства могуць праводзіць і без удзелу Міхалевіча, таксама справу могуць выдзеліць асобна, прыпыніць і абвясціць палітыка ў вышук. Але як будзе насамрэч, пакуль казаць рана, бо, як паведамілі памежнікі, у пунктах пропуску Міхалевіч мяжу не перасякаў.


"Закон дае такія магчымасці, а што будзе, ніхто не ведае. Тым больш, з'ехаў. Магчыма, з'ехаў, а можа і не. Не ведаю", — кажа Сідарэнка.


Праваабаронца Гары Паганяйла дадае, што Міхалевіча могуць аб'явіць у міжнародны вышук і патрабаваць яго экстрадыцыі.


"У сувязі з тым, што ён не ў Беларусі, могуць аб'явіць яго ў нацыянальны вышук, а затым і ў міжнародны. І затым, калі ён аб'явіцца  якой-небудзь з краінаў, патрабаваць яго экстрадыцыі ў Беларусь паводле тых працэдур, якія замацаваныя ў нашым заканадаўстве і міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь".


Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты правёў два месяцы ў следчым ізалятары КДБ і ў СІЗА на Валадарскага, быў вызвалены пад падпіску пра нявыезд 19 лютага. Праз нейкі час на прэс-канферэнцыі ў Мінску Міхалевіч заявіў, што за кратамі яго катавалі. Каб выйсці на волю і распавесці пра гэта, ён быў вымушаны пагадзіцца на супрацоўніцтва з КДБ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі