Адкрыццё офіса Еўракамісіі ў Мінску не паўплывае на адмену прэферэнцый

Адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску не можа быць падставай для захавання за Беларуссю гандлёвых прэферэнцый.

Пра гэта ў інтэрв’ю бельгійскай газеце “EUobserver” паведаміў адзін з чыноўнікаў Еўрапейскага Cаюза. Гэтае меркаванне пацвердзіў і прадстаўнік дэлегацыі Еўракамісіі ў Мінску Яніс Айзсалніекс:


Яніс Айзсалніекс: “Гэта два пытанні, якія не могуць быць звязаныя, бо яны сыходзяць з прынцыпова розных крыніц супрацоўніцтва паміж Еўрапейскай камісіяй і Беларуссю. Пытанне пра адкрыццё прадстаўніцтва паўстала шмат гадоў таму. У Беларусі ёсць прадстаўніцтва пры Еўрапейскім Cаюзе ў Брусэлі, таму і ў Еўракамісіі можа быць прадстаўніцтва ў Беларусі.


Што датычыць пытання па гандлёвых прэферэнцыях, дык гэта звязана толькі з выкананнем рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы”.


Генеральная сістэма прэферэнцый – гэта сістэма мытных ільгот, якія даюцца краінам, якія развіваюцца, з боку развітых краін. Сістэма ахоплівае 77 дзяржаў, у тым ліку і рэспублікі былога СССР, якія пакуль не ўступілі ў ЕС.


Гандлёвымі прэферэнцыямі, якія ўяўляюць з сябе паніжэнне мытнага збору на 10%, карыстаюцца краіны, якія выконваюць правы чалавека, у прыватнасці правы незалежных прафсаюзаў.


Працэдура прыпынення гандлёвых прэферэнцый для Беларусі была ініцыяваная Радай ЕС у жніўні 2005 году ў сувязі з інфармацыяй пра парушэнні правоў прафсаюзаў у нашай краіне. Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва Еўрасаюза з прапановай прыпыніць для Беларусі дзеянне ГСП.


Чуткі пра тое, што Беларусь можа захаваць прэферэнцыі, пайшлі пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі: маўляў, адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску – гэта акт добрай волі з боку Беларусі, і нашая краіна чакае адпаведных крокаў ад Еўрасаюзу.


Аднак відавочна, што менавіта доўгачаканая згода беларускіх уладаў на перамовы па адкрыцці офіса Еўракамісіі ўспрымаецца еўрапейскімі чыноўнікамі як крок у адказ, а не наадварот.


У Еўропе мяркуюць, што страты Беларусі ад выключэння з Генеральнай сістэмы прэферэнцый складуць каля 400 мільёнаў еўра штогод. У гэтую лічбу не ўключаюцца так званыя “ўскосныя” страты.


Пасля пазбаўлення прэферэнцыяў кошты на тавары, якія Еўропа імпартуе з Беларусі, узнімуцца на 10%. Натуральна, гэта негатыўна адаб’ецца на іх канкурэнтаздольнасці.


Цалкам магчыма, што даражэйшыя беларускія тавары прайграюць канкурэнтную барацьбу таварам іншых вытворцаў, і пэўная частка айчынных прадпрыемстваў згубіць не проста 10% ад кошту тавара, якія дазваляюць ашчадзіць прэферэнцыі, а ўвогуле еўрапейскія рынкі збыту.


Беларусь будзе выключаная з Генеральнай сістэмы прэферэнцый 21 чэрвеня 2007 году – на жаль, гэта непазбежна. Аднак кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што ў нашай краіны ёсць магчымасць з часам вярнуць сабе прэферэнцыі.


Аляксандр Ярашук: “Ёсць такая мачгымасць пасля адмены прэферэнцый, калі напраўду будуць рабіцца крокі, якія адназначна сведчаць пра намер выконваць рэкамендацыі, праз два месяцы можна пачынаць працэдуру вяртання прэферэнцыяў”.


Але ці пойдуць беларускія ўлады на выкананне тузіна рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы, якую хвалюе ўмяшанне ўладаў ва ўнутраныя справы прафсаюзаў і адмовы ў рэгістрацыі прафсаюзных арганізацый, звальненні прафсаюзных лідэраў, ліквідацыя безнаяўнай сістэмы збору прафсаюзных узносаў і шмат што іншае? Пытанне рытарычнае.


Фота — www.painetworks.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі