Ад бамбасховішча ў Кіеве да сусветнай сцэны: гісторыя юнай спявачкі з Украіны

Амелія Анісовіч і Ціна Караль / TVP 
Амелія Анісовіч і Ціна Караль / TVP 

"Мяне адна цётачка побач спытала, што я ўвогуле люблю рабіць, і я сказала, што спяваць. Яна папрасіла заспяваць штосьці нам. Я ніколі раней не спявала перад столькімі людзьмі. Было вельмі шумна, але потым я пачала спяваць — і ўсе змоўклі і пачалі слухаць, нават малыя перасталі плакаць".

Гэта маленькая Амелія Анісовіч узгадвае, як спявала ў бамбасховішчы падчас чарговага абстрэлу Кіева. Спевы дзяўчынкі зняла на відэа жанчына, якая таксама хавалася ад ракетнай атакі. Яна і выклала відэа ў сетку. Песня з любімага мультфільма Амеліі "Халоднае сэрца" ў яе выкананні набрала мільёны праглядаў.

"Громадське" сустрэлася з дзяўчынкай і яе мамай у Польшчы і пагаварыла пра іх шлях ад кіеўскага бамбасховішча да сусветнай сцэны.

Жыццё ў бамбасховішчы

Калі пачалі абстрэльваць Кіеў, Амелія вельмі спалохалася. Баялася падыходзіць да вокнаў. З братам і мамай яны цэлымі днямі сядзелі ў бамбасховішчы, — расказвае мама дзяўчынкі Лілія Анісовіч. Там жа аднойчы Амелія праспявала песню "Усё роўна" з любімага мультфільма і стала вядомай.

У пачатку сакавіка сям'я вырашыла эвакуяваць 7-гадовую Амелію і 15-гадовага Міхаіла разам з бабуляй у Польшчу. Лілія і Раман засталіся ў Кіеве.

"Мы з мужам засталіся валанцёрамі. Ён дапамагаў будаваць блокпасты, капаць акопы, а я з суседкай гатавала ежу для тэрабароны і жыхароў нашага дома. Калі не было хлеба, мы пяклі яго на ўвесь пад'езд", — успамінае Лілія.

Эвакуацыя маленькай спявачкі

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання цягнікі былі перапоўненыя, на межах — вялізныя чэргі. Выехаць у больш бяспечнае месца стала выпрабаваннем на трываласць.

"Вельмі шмат людзей было, было цяжка ісці, і ў мяне нават жывот забалеў... А потым мы яшчэ на падлозе сядзелі, чакалі. Цацак маіх таксама са мной не было, таму што ў нас былі толькі заплечнікі, і там былі неабходныя рэчы. Спачатку мы жылі ў жоўтым доме. Ну, я яго так называю — "жоўты дом". Там было шмат розных сем'яў, у мяне там нават былі дзве сяброўкі. Але мне не спадабалася, што там кармілі толькі бутэрбродамі з сырам", — так маленькая Амелія ўспамінае свой ад'езд з Украіны ў пачатку сакавіка і хостэл, дзе яны пасяліліся з дзясяткамі іншых сем'яў.

Вайна і эвакуацыя адбіліся на здароўі бабулі Амеліі. У Польшчы ў Веры Іванаўны пачаліся праблемы з сэрцам, абвастрыліся хранічныя хваробы. Праз дзесяць дзён Лілія Анісовіч пераехала да дзяцей.

Спачатку яны пасяліліся ў хостэле ў вёсцы пад Варшавай. Пазней перабраліся ў сталіцу, дзе ім дапамаглі зняць кватэру. Па словах Ліліі, страху не было, больш хвалявалася за родных, якія засталіся ва Украіне. Дзяцей хутка прыстроіла ў бліжэйшую школу. Але там Амелія правучылася ўсяго паўтара месяцы — не ведала польскай і проста гуляла на ўроках, таму Лілія вырашыла, што дачка будзе вучыцца онлайн са сваім украінскім класам.

Маленькая кіяўлянка на сусветнай сцэне

У Ліліі ёсць юрыдычная адукацыя, але ва Украіне працавала ў гандлі. У Польшчы ў яе жыццё прадзюсара — рэпетыцыі і гастролі дачкі. У Амеліі ёсць выкладчыца па вакале, з якой сям'ю пазнаёмілі валанцёры, яна ж яе агент. Разам ужо запісалі некалькі новых песень на польскай і англійскай мовах.

"Я лічу, што гэта самае важнае, што я цяпер магу зрабіць. Таму што мы ўдзельнічаем у розных дабрачынных канцэртах. Напрыклад, перад паездкай дадому на калядныя святы ў нас было тры канцэрты запар, дзе мы арганізавалі збор сродкаў і купілі на іх перасоўны шпіталь для ўкраінскіх ваяроў. Я лічу, гэта крута, што васьмігадовая дзяўчынка можа столькі зрабіць. Таму так, цяпер я працую на дзіця", — расказвае Лілія.

Першае вялікае выступленне Амеліі адбылося ў польскай Лодзі: "Я вельмі моцна перажывала і хвалявалася. Я разумела, што ў падвале было менш людзей, а на канцэрце так шмат. Я не магла стрымацца. Сэрца так б'ецца, б'ецца, бух-бух, а я такая маленькая-маленькая на сцэне. А потым мне пачалі пляскаць і я перастала стрэсаваць і ўзрадавалася. Таму што так спраўдзілася мая мара, бо я вельмі марыла спяваць на сцэне".

У галерэі мамы Амеліі на тэлефоне сотні фота з вядомымі выканаўцамі, палітыкамі і спартсменамі. Дзяўчынка са шчырым захапленнем расказвае пра свае выступы, запэўнівае, што мары спраўджваюцца, але калі гаворка заходзіць пра Украіну, заўважна хвалюецца.

За восем месяцаў поўнамаштабнай вайны дзяўчынка выступіла ў Нью-Ёрку, Лондане, Германіі, Фінляндыі, ва Уэльсе. У Монтэ-Карла на яе выступ прыехаў прынц Альберт.

«Жартам кажуць, што не аддадуць Амельку»

Брат Амеліі Міхаіл ужо вярнуўся ва Украіну і цяпер жыве з татам у Кіеве. Дзяўчынка сумуе па ім і па бацьку, а таксама па сябрах і настаўніцах. Чакае вяртання дадому.

"Да Амеліі, напэўна, асаблівае стаўленне, таму што ў Польшчы яе ўсе ведаюць, усюды пазнаюць. Куды б мы ні паехалі, хтосьці абавязкова падыдзе і папросіць фота ці скажуць некалькі добрых слоў у падтрымку. Яны наогул жартам кажуць, што Амельку нікуды не аддадуць, а мы ўвесь час гаворым пра тое, што мы вам вельмі ўдзячныя, але мы — украінцы, і нашая зямля, Радзіма — гэта Украіна, інакш быць не можа", — адзначае Лілія.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі