Абстрэл Краматорска, адна з ракет трапіла ў шматпавярхоўку — 344-я раніца вайны

Наступствы расійскага абстрэлу Краматорска / @dsns_telegram
Наступствы расійскага абстрэлу Краматорска / @dsns_telegram

Два чалавекі загінулі ў выніку траплення расійскай ракеты ў шматпавярхоўку ў Краматорску — гэта горад у Данецкай вобласці. Яшчэ 21 чалавек, па дадзеных ратавальнікаў, пацярпелі, восем з іх забралі ў бальніцу.

Ракетны абстрэл здарыўся ўчора ўвечары. Адна з ракет трапіла ў чатырохпавярховы жылы дом. "Разбураны з 4-га па 1-ы паверхі чатырохпавярховага жылога дома ў межах аднаго пад'езда з наступным узгараннем прыпаркаваных аўтамабіляў", — распавядалі ноччу ў Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях Украіны. Узгаранне патушылі. Арганізавалі разбор завалаў — шукалі людзей.

На абстрэл Краматорска адрэагаваў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, разбураная расійскай ракетай шматпавярхоўка — "гэта не паўтарэнне гісторыі, гэта штодзённая рэальнасць жыцця нашай краіны, краіны, якая тэрытарыяльна мяжуе з абсалютным злом, і якая павінна яго адолець, каб звесці да нуля верагоднасць паўтарэння падобных трагедый". Ён прынёс спачуванне родным і блізкім загінулых. Паабяцаў знайсці і пакараць вінаватых.

"Памілавання яны не заслугоўваюць", — падкрэсліў Зяленскі.

Обстрел Краматорска, одна из ракет попала в многоэтажку — 344-е утро войны
Разбор завалаў у Краматорску /@dsns_telegram

У вячэрнім звароце Зяленскі казаў аб сітуацыі на фронце. Паводле яго слоў, расійскія войскі яшчэ больш узмацнілі спробы наступу на ўсходзе. "Сітуацыя становіцца яшчэ больш жорсткай", — кажа ён. Зяленскі таксама падзякаваў вайскоўцам, якія дэманструюць патрэбную Украіне ўстойлівасць.

Пра абвастрэнне сітуацыі на фронце казала ўчора ўвечары і намесніца міністра абароны Ганна Маляр. Яна адзначыла, што вораг спрабуе пашырыць геаграфію наступу на Ліманскім кірунку і робіць магутныя спробы прарваць украінскую абарону. Нягледзячы на вялікія страты, расіяне працягваюць наступальныя дзеянні таксама на Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Новапаўлаўскім напрамках. Яны "актыўна спрабуюць выйсці на межы Данецкай і Луганскай абласцей", адзначыла Маляр.

Обстрел Краматорска, одна из ракет попала в многоэтажку — 344-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Інстытут вывучэння вайны выказаў здагадку, што прыватная вайсковая кампанія "Вагнер", якая ваюе цяпер на Данбасе, "магчыма, замарудзіла свае намаганні па вярбоўцы зняволеных у апошнія месяцы". Напярэдадні Федэральная служба выканання пакаранняў Расіі апублікавала статыстычныя звесткі. З іх відаць, што агульная колькасць зняволеных у Расіі з лістапада 2022 года па студзень 2023 скарацілася ўсяго на 6 тысяч чалавек. Тады як з верасня па кастрычнік яна зменшылася на 23 тысячы.

У Інстытуце мяркуюць, што "рэпутацыя групы Вагнера аб тым, што яна падвяргае зняволеных-навабранцаў нападам з высокай ступенню знясілення на ўсходзе Украіны, верагодна, выклікала супраціў сярод расійскіх зняволеных". У выніку яны не так актыўна згаджаюцца ісці ваяваць. 

Генштаб УСУ са свайго боку распавядае аб пастцы, у якой апынулася адно з расійскіх падраздзяленняў у Луганскай вобласці. У 300 вайскоўцаў гэтага падраздзялення скончыліся трохмесячныя кантракты. Таму з 9 студзеня яны не атрымліваюць грошы. Але і сысці не могуць — з-за абвешчанай мабілізацыі.

Обстрел Краматорска, одна из ракет попала в многоэтажку — 344-е утро войны
Кіраўнік групы "Вагнер" Яўген Прыгожын у адной з расійскіх калоній / скрыншот відэа

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што не выключае аказання ваеннай дапамогі Кіеву. Журналіст CNN спытаў Нетаньяху аб гэтай дапамозе, у тым ліку аб сістэме супрацьпаветранай абароны "Жалезны купал".

"Ну, я, бясспрэчна, разглядаю гэта", — адказаў Ізраільскі прэм'ер.

Тым часам прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган скептычна адрэагаваў на пастанову заходніх краін перадаць Украіне сучасныя танкі. "Я не магу сказаць, што адпраўка танкаў ва Украіну можа быць элементам рашэння канфлікту. Усё гэта рызыкоўна",цытуе Эрдагана агенцтва Anadolu. На думку прэзідэнта Турцыі, карысць у гэтым выпадку атрымаюць "толькі зброевыя бароны". Эрдаган заявіў, што Анкара заўсёды гатовая стаць пасярэднікам у перамовах. Але перамовы, па яго словах, "неабходна падмацаваць аб'явай аб спыненні агню і бачаннем справядлівага рашэння".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі