90% грамадзян Беларусі – камп’ютарныя піраты!

У краіне ўжо распачатыя крымінальныя справы супраць распаўсюднікаў “пірацкага” праграмнага забеспячэння. У “піратаў” Windows каштуе каля 5 умоўных адзінак, а ў афіцыйных дыстрыб’ютараў – у 40 разоў больш. Калі генеральны дырэктар прадстаўніцтва Microsoft ва Украіне і краінах СНД Валерый Ланавенка апошні раз быў у Мінску, ён заявіў, што больш за 80% праграмнага забеспячэння, якім карыстаюцца ў Беларусі, – пірацкае. Па меркаванні генеральнага дырэктара партала TUT.BY Кірыла Валошына, гэтая лічба не меншая за 90%.

10% карыстальнікаў ліцэнзійных праграмаў у нашай краіне – гэта найперш супрацоўнікі дзяржаўных прадпраемстваў і ўстаноў. Такіх, напрыклад, як адміністрацыя “Парку высокіх тэхналогіяў”. Каментуе намеснік дырэктара адміністрацыі “ПВТ” Аляксандр Марцінкевіч:

Аляксандр Марцінкевіч: “Мы набываем камп’ютары, на якіх ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне праінсталявана вытворцам. Вось, напрыклад, у мяне стаіць ноўтбук “Toshiba”, там уся сістэма ўбудавана”.

Дакладна вядома, што ліцэнзійным праграмным забеспячэннем карыстаюцца ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь і ў Беларускім доме друку. Не карыстаюцца пірацкімі копіямі камп’ютарных праграм і ў Белдзяржуніверсітэце. Распавядае Наталля Новікава, начальнік аддзела праграмнага забеспячэння Цэнтра інфармацыйных тэхналогіяў БДУ:

Наталля Новікава: “Мы як установа адукацыі карыстаемся зніжкамі, якія гандляры робяць для дзярдаўных, медыцынскіх і адукацыйных устаноў. Зніжкі часам даходзяць да 80%”.

Адзін з “бацькоў” сучаснага Рунэту Антон Носік тлумачыць зацікаўленасць дзяржаўных устаноў у ліцэнзійным ПЗ наступным чынам:

Антон Носік: “Дзяржава аплочвае свае выдаткі не са сваёй кішэні. У дзяржавы няма прычынаў эканоміць грошы. “Пірацтва” ж узнікае там, дзе ў людзей ёсць прычына лічыць свае грошы”.

Сапраўды, ліцэнзійная праграмнае забеспячэнне каштуе параўнальна вялікіх грошай. За копію Windows Vista Business у прыгожай скрыначцы беларускія дыстрыб’ютары просяць ад 380 да 485 тысяч рублёў. І атрымліваюць-такі гэтыя грошы, але нячаста.

Апошняя – восьмая версія праграмы для распазнавання тэкстаў Fine Reader крыху таннейшая за Windows: кошты на яе трымаюцца ў межах 300 тысячаў. А вось базавы пакет графічнага рэдактара Adobe Photoshop CS3 каштуе ў Беларусі каля 1000 умоўных адзінак.

Сутыкаючыся з такімі коштамі, беларускія карыстальнікі софту, натуральна, звяртаюцца да “піратаў”. У іх дыскі з праграмным забеспячэннем любога кшталту каштуюць амаль аднолькава – каля 5 умоўных адзінак. Антон Носік бачыць наступнае выйсце з сітуацыі:

Антон Носік: “Падвышэнне ўласнага прыбытку – вось які ёсць добры спосаб”.

"Пірацтва" не падабаецца ні вытворцам праграмнага забеспячэння, ні дзяржаве. Аднак, па меркаванні Аляксандра Марцінкевіча, ні вытворцы, ні дзяржава нічога не могуць з ім зрабіць:

Аляксандр Марцінкевіч: “У краіне адзін з найлепшых законаў па абароне аўтарскіх правоў і інтэлектуальнай уласнасці ў СНД. Але механізмы яго здзяйснення не адпрацаваныя. Тое, што робіцца, робіцца спантанна”.

Юрый Шапёлкін, дырэктар кампаніі “Мисофт” – адзінага ў Беларусі афіцыйнага дыстрыб’ютара бухгалтарскай праграмы “1С” – мяркуе, што на 20 тысяч яе ліцэнзійных копій у Беларусі ўсталявана не менш за 20 тысяч кантрафактных. Па словах адмыслоўцы, у нашай краіне ўжо распрацоўваецца некалькі крымінальных спраў, звязаных з камп'ютарным “пірацтвам”:

Юрый Шапёлкін: “У Беларусі ўжо распачатыя крымінальныя справы і за ўсталяванне неліцэнзійнага праграмнага забеспячэння, і за гандаль кантрафактнымі камп’ютарнымі дыскамі. І ў Гомелі, і ў Маладзечне, і ў Жодзіне, і ў Мінску ёсць справы. І супраць камп’ютарных клубаў – за выкарыстанне неліцэнзійнага ПЗ на камп'ютарах”.

ДАРЭЧЫ:

Пра тое, чым “пірацкія” праграмы горшыя за ліцэнзійныя, Еўрапейскае радыё запыталася ў Юрыя Зісера, генеральнага дырэктара кампаніі “Надзейныя праграмы”:

Юрый Зісер: “Пірацкія копіі прадаюцца без суправаджальнай дакументацыі, без ключоў, без гарантыі. Звычайна такія копіі своечасова не абнаўляюцца. Нярэдкія выпадкі, калі іх карыстальнікі губляюць важныя звесткі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі