Вы тут

"70 кніг дастаткова". Чаму гродзенскім бібліятэкам не патрэбныя "Галасы утопіі"

Новы пяцітомнік Святланы Алексіевіч. Грошы на выданне сабраныя праз краудфандынг.

"Вялікі дзякуй, але кніг Святланы Алексіевіч у нас дастаткова", — прыблізна так у Гродзенскім аблвыканкаме адказалі на прапанову "Белгазпрамбанка" забяспечыць усе бібліятэкі вобласці пяцітомнікам перакладаў нобелеўскай лаўрэаткі на беларускую мову. Сітуацыя дзіўная: мецэнаты бясплатна прапануюць бібліятэкам кнігі, а тыя ад іх адмаўляюцца!

Зрэшты, не: адмаўляюцца не бібліятэкі, а чыноўнікі. Афіцыйны адказ з фармулёўкай пра "дастатковасць кніг" ў банку атрымалі з Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Намеснік начальніка ўпраўлення Сяргей Шумейка запэўнівае Еўрарадыё, што "асабіста яму" кнігі "ніхто не прапаноўваў", а мы вырашаем разабрацца, няўжо ў раённых бібліятэках на захадзе Беларусі і праўда не патрэбныя кнігі Святланы Алексіевіч? 

 

Дзятлаўскі раён: 10 кніг Святланы Алексіевіч

"У нас ёсць кнігі і на беларускай, і на рускай мове. "Апошнія сведкі" — адзін асобнік (тут ёсць яшчэ, спісаныя), "Зачараваныя смерцю" — таксама адзін, "У вайны не жаночае аблічча" — адзін і "У войны не женское лицо" — тры, " Цинковые мальчики" — два, і "Цынкавыя хлопчыкі" — адзін, "Чарнобыльская малітва" — адна, — распавядаюць у раённай бібліятэцы горада Дзятлава. — Але гэта ўсё, што ёсць у наяўнасці, мы глядзім па каталогу. Якія-небудзь з іх могуць быць цяпер на руках".

Усяго дзесяць кніг і, дарэчы, апошняй, "Час сэканд хэнд" ў фондзе бібліятэкі няма.

"Ведаеце, ёсць зачытаныя [кнігі], — не без шкадавання дадаюць у бібліятэцы. — Чытаюць — і дарослыя, і дзеці".

У Дзятлаве таксама дадалі, што калі б ім прапанавалі кнігі пісьменніцы бясплатна, то з задавальненнем бы прынялі, маўляў, падарункам рады заўсёды, а вось грошай на папаўненне фонду мала.

Ліда: кнігі Алексіевіч ёсць толькі на рускай мове

У Лідскай раённай бібліятэцы ад пяцітомніка Святланы Алексіевіч таксама не адмовіліся б. У бібліятэкі 20 філіялаў. Насельніцтва раёна на пачатак 2018 года — 131 тысяча чалавек, у пяць разоў больш, чым у Дзятлаўскім.

 

"Алексіевіч у нас толькі на рускай: "У вайны не жаночы твар" - 35 асобнікаў, "Цинковые мальчики" — 11, "Чернобыльская молитва" — 11, "Время секонд хэнд" — 13, "Последние свидетели" — таксама 11", — распавядаюць у бібліятэцы.

Усяго 81 том! Па словах загадчыцы бібліятэкі, стан кніг нядрэнны, паколькі творы былі выдадзеныя "параўнальна нядаўна", не лічачы кнігі "У вайны не жаночае аблічча".

Часцей за ўсё чытачы звяртаюцца па "Временем секонд хэнд":

"Пасля таго, як яе выдалі, наведвальнікі прыходзілі і пыталіся. Таму мы спецыяльна закупілі для бібліятэкі", — сказалі нам.

Масты: 77 кніг Алексіевіч, "Часу сэканд хэнд" ў фондзе няма

У раённай бібліятэцы ў Мастах кажуць, што папулярнасць Святланы Алексіевіч сярод мясцовых чытачоў адчувальна вырасла пасля таго, як пісьменніца атрымала Нобелеўскую прэмію.

"У нас 77 асобнікаў, — распавялі Еўрарадыё. — Большасць — на беларускай, напрыклад, "Апошнія сведкі", "Зачараваныя смерцю", "У вайны не жаночае аблічча", "Цынкавыя хлопчыкі". На рускай — "Последние свидетели", "У войны не женское лицо", "Цинковые мальчики", "Чернобыльская молитва". Мабыць, усё".

 

Кнігі "Час сэканд хэнд" ў фондзе няма. Даведаўшыся, што можна атрымаць у падарунак пяцітомнік, супрацоўніца бібліятэкі ўзрадавалася: маўляў, было б выдатна.

Дарэчы, такая рэакцыя была амаль ва ўсіх раённых бібліятэках, куды мы датэлефанаваліся. Але не абышлося і без выключэння. 

Бераставіца: "Дзесьці 70 кніг Алексіевіч — дастаткова"

"Дзесьці семдзесят кніг Алексіевіч, і я думаю, што гэта вельмі шмат. Для нашага раёна гэта вялікая лічба. Думаю, што дастаткова, нам больш і не трэба, — лічыць намеснік дырэктара Бераставіцкай раённай бібліятэкі. — У нас ёсць і новыя, і старыя, і на рускай, і на беларускай. Але ў нас маленькі раён — ёсць вялікія. Там, можа быць, больш бібліятэк, а ў нас мала бібліятэк — усяго дзевяць. Калі мы будзем камплектаваць іх толькі Алексіевіч, у якой чытаюць на сёння толькі "Час сэканд хэнд", і больш нічога, то навошта?"

Пераклад "Час сэканд хэнд" на беларускай тут таксама не патрэбны. Намеснік дырэктара тлумачыць, што тыя, хто хацеў, ужо прачыталі кнігу па-руску.