5 самых простых спосабаў трапіць за краты “за парнушку”

5 самых простых спосабаў трапіць за краты “за парнушку”

Трапіць за краты “за парнаграфію” у Беларусі можна не толькі гандлюючы ёй альбо здымаючы такое відэа на камеру. Існуе шмат іншых, куды больш лёгкіх, спосабаў. Пастарайцеся так ніколі не рабіць.

 

Спосаб першы — святочны. “Распаўсюджванне парнаграфіі прадугледжвае перадачу яе хоць бы адной асобе, незалежна ад спосабу (збыт, дарэнне, абмен і іншыя)”, — папярэджвае СК. То бок калі вы раптам захацелі падарыць на Дзень народзінаў свайму хлопцу ці дзяўчыне DVD з кіно “пра сэкс”, лепш шмат разоў падумайце. Бо, зыходзячы з сюжэту, нават за “Німфаманку” можна лёгка трапіць за краты. А калі вы любіце нямецкі кінематограф, то тым больш трэба быць асабліва асцярожным.

 

Спосаб другі — сацыяльны. Гаворка пра сацыяльныя сеткі. Аказваецца, для размовы са следчымі на інтымныя тэмы не абавязкова фатаграфаваць непрыстойнасці для Інстаграма. За краты можна трапіць усяго толькі лайкнуўшы карцінку з выявай прычыннага месца. Бо гэта лічыцца “выстаўленнем такіх прадметаў на ўсеагульны агляд, паведамленнем інфармацыі пра іх, у тым ліку, праз глабальную камп'ютарную сетку Інтэрнэт”. Вось так.

 

Спосаб трэці — прыватны. Калі ў вас ёсць харошае порна і моцна хочацца яго камусьці паказаць — не ўздумайце рабіць гэта праз Скайп, Вайбер ці яшчэ нешта такое. Следчы камітэт палічыць вашы дзеянні незаконнымі, бо гэта “перадача трэцяй асобе”. І змесціць у кутузку.

 

Спосаб чацвёрты — балбатлівы. Беларускія законы забараняюць не толькі размяшчаць порна ў інтэрнэце, лайкаць яго ці рэпосціць. У нас нельга нават каменціць відэа з парнаграфічным зместам. Бо ваш камент можа нечакана выскачыць у стужцы сяброў, а гэта ўжо цягне на “размяшчэнне і перамяшчэнне інфармацыі, якая ўключае ў сябе матэрыялы парнаграфічнага зместу”.

 

Спосаб пяты — жартаўлівы. Уявім стандартную сітуацыю: вы захацелі нашкодзіць калегу, падгледзеўшы яго паролі да “аднакласнікаў”. Бывае. Вычакаўшы момант, вы посціце яму на сценку парнушку. У такім выпадку за краты пасадзяць, хутчэй за ўсё, вас (калі знойдуцца сведкі), бо такія дзеянні кваліфікуюцца як узлом, а вы будзеце “асобай, якая ўзламала старонку і размясціла на ёй відэа”.

 

Следчы камітэт нагадвае, што не спіць у шапку — сёлета ўжо ўзбудзіліся 404 крымінальныя справы “за трускаўкі”. За ўвесь 2013 год іх было ўсяго 278.

Еўрарадыё рыхтуе працяг тэмы з каментарыямі незалежнага юрыста. Сачыце за сайтам!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі