2009 год у фота

Чым запомніўся нам мінулы год: падзеі, здарэнні, візіты, перамогі, адстаўкі, катастрофы

СТУДЗЕНЬ

Напалоханыя абвешчанай Нацбанкам дэвальвацыяй, беларусы рынуліся ў крамы па пакупкі. Скуплялася ўсё: ад пасцельнай бялізны і плоек да тэлевізараў і лядоўняў.


Фота — bymedia.net


ЛЮТЫ

"Палітычны прызыў" — у беларускім войску прынялі прысягу актывісты маладзёжных апазіцыйных арганізацый. Нярэдка прызыў адбываўся гвалтоўна, стан здароўя хлопцаў не надта ўлічваўся.


На здымку: былы кіраўнік "Моладзі БНФ" Алесь Каліта (у цэнтры) і маладафронтавец Іван Шыла (справа)
Фота — bymedia.net


САКАВІК

14 сакавіка ў Маладзечне прайшла 13-я цырымонія ўзнагароджання лепшых беларускіх музыкаў "Рок-каранацыя". Галоўную карону атрымаў гурт "Ляпіс Трубяцкой".




КРАСАВІК

27 красавіка Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі ў Ватыкане сустрэліся з Папам Рымскім Бенедыктам XVI. "Калі вы знойдзеце час, мы сустрэнемся на беларускай зямлі, калі на тое будзе воля Божая", — сказаў кіраўнік Беларусі пантыфіку.


На здымку: Коля Лукашэнка падараваў Папе Рымскаму "Букварь"


ТРАВЕНЬ

Беларус з нарвежскім пашпартам Аляксандр Рыбак набраў рэкордную колькасць балаў за ўсе часы правядзення конкурсу "Еўрабачанне". Пасля перамогі ўраджэнец нашай краіны адзначыў: “Мне дапамагло тое, што я нарадзіўся ў Беларусі. Дзякуй Беларусь, я вельмі шчаслівы!”



Фота — bymedia.net

Дзесяць нашчадкаў славутага роду Радзівілаў упершыню за доўгія гады наведалі Беларусь. За чацвёра сутак князі наведалі шмат гістарычных мясцін і, канешне ж, родны Нясвіж.


На здымку: Эльжбэта і Мікалай Радзівілы каля Мірскага замка


ЧЭРВЕНЬ

13-гадовы мінскі школьнік Юра Дземідовіч са сваёй песняй "Чароўны трусік" нарабіў шуму ў паўфінале Нацыянальнага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання-2009". За некалькі дзён відэа з выступам Дземідовіча праглядзелі ў інтэрнэце некалькі соцень тысяч чалавек. 10 верасня Юра выйграў фінал у Беларусі, але ў лістападзе ў Кіеве заняў толькі 9-е месца з 13-ці.


Фота — bymedia.net

"Малочная вайна" разгарэлася паміж Беларуссю і Расіяй. Эканамічныя санкцыі супраць паставак беларускімі вытворцамі малочных прадуктаў прымусілі афіцыйны Мінск пайсці на беспрэцэдэнтны "сіметрычны адказ": найперш на мяжы з Расіяй былі выстаўленыя мытныя пасты. Пасля гэтага ў Маскве вырашылі адмовіцца ад далейшай эскалацыі канфлікту.


Фота — dw-world.de

Беларускія літаратары зняліся галяком на каляндар “Канец словаў”. Для яго распрануліся філосаф Валянцін Акудовіч, паэт Андрэй Хадановіч (на здымку), журналіст Севярын Квяткоўскі, музыка Андрэй Такіданг, а таксама Юрась Барысевіч, Андрэй Адамовіч, Віталь Рыжкоў, Сяргей Прылуцкі ды іншыя беларускія літаратары. Аўтары і рэдактары праекту спадзяюцца, што аголеныя літаратары прыцягнуць увагу да беларускай літаратуры.




ЛІПЕНЬ

Забойцы "пухавіцкага падпальшчыка" памілаваныя кіраўніком дзяржавы. Нагадаем, двое жыхароў вёскі Пухавічы Сяргей Аліферовіч і Ігар Макарэвіч былі асуджаныя адпаведна на 5 і 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму за забойства свайго аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, якога падазравалі ў падпалах.


Фота — kp.by

На помнiку 1000‑годдзя Брэста зрабiлi 75 арфаграфiчных памылак. Іх падлічыў карэспандэнт "Звязды" Глеб Лабадзенка. Стваральнікам помніка давялося тэрмінова выпраўляць памылкі.


Фота — Звязда


ЖНІВЕНЬ

30-га жніўня на авіяшоў у польскім горадзе Радаме разбіўся беларускі знішчальнік СУ-27. Падчас аварыі загінулі два нашыя лётчыкі: намеснік камандуючага Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання вайскова-паветраных сілаў 53-гадовы палкоўнік Аляксандр Марфіцкі і намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах 46-гадовы палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч. Коштам уласнага жыцця яны адвялі самалёт ад польскай вёскі.




ВЕРАСЕНЬ

33-гадовы Аляксей Янукевіч абраны старшынём Партыі БНФ. Ён быў падтрыманы большасцю дэлегатаў 12-га партыйнага з'езда, які прайшоў у Мінску 5 верасня. Янукевіч стаў самым маладым кіраўніком Партыі БНФ за ўсю яе гісторыю.


Фота — bymedia.net

16 верасня на Кастрычніцкай плошчы сталіцы быў жорстка разагнаны пікет памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія зніклі 10 гадоў таму. Міліцыянты ў цывільным актыўна блакавалі працу фатографаў.


Фота — bymedia.net


КАСТРЫЧНІК

60 галодных кітайцаў пешшу хадзілі на Мінск, бо не мелі грошай на праезд. Пра тое, што ім некалькі месяцаў не плацілі заробак, яны хацелі распавесці амбасадару Кітая. Міліцыя затрымала іх на падыходзе да Пружанаў. Кітайцаў вярнулі ў вёску Шчарчова, дзе яны працавалі ўсё лета на прадпрыемстве "Шэнян", бясплатна накармілі і пакінулі чакаць на заснавальніка замежнага прадпрыемства, які павінен быў прывезці кітайцам заробак. А ў лістападзе ўсіх кітайцаў адправілі на радзіму.



Прайшоў перапіс насельніцтва, у якім узялі ўдзел 97% грамадзян Беларусі. На працягу дзесяці дзён, з 14 да 24 кастрычніка, па кватэрах хадзілі 38 тысяч перапісчыкаў. Дарэчы, на іх нападалі і сабакі, і гопнікі, а некаторых збівалі машыны.



У Палацы культуры Мінскага аўтазавода прайшоў Беларускі еўрапейскі форум.


На здымку: Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч (злева).
Фота — bymedia.net

Самалёт расійскай авіякампаніі "С-Эйр" разбіўся ўвечары 26 кастрычніка ў чатырох кіламетрах ад Нацыянальнага аэрапорта "Мінск". На яго борце знаходзіліся тры члены экіпажа і два пасажыры. Адзін з іх — генеральны дырэктар самой авіякампаніі "С-Эйр" Марат Рамашкін.




ЛІСТАПАД

Мінск запоўнілі чуткі пра надыход эпідэміі грыпу. А следам за чуткамі сталіцу напоўнілі людзі ў дыфіцытных масках.





23 лістапада прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў даў інтэрв'ю беларускім СМІ. У Маскву былі запрошаныя і прадстаўнікі недзяржаўных медый.


Фота — kremlin.ru

Галоўны трэнер мінскага "Юнацтва" і нацыянальнай зборнай Украіны Міхаіл Захараў  ачоліў і хакейную зборную Беларусі, з якой сыйшоў канадскі спецыяліст Глен Хэнлан (на здымку справа ад Захарава).


Фота — bymedia.net


СНЕЖАНЬ

У Тайландзе затрыманы самалёт, які перавозіў амаль 40 тонаў зброі і выбухоўкі. Адзін з членаў экіпажу — 54-гадовы беларус Міхаіл Петухоў. Ён і яго калегі — грамадзяне Казахстану — сцвярджаюць, што нічога не ведалі пра характар грузу. Тым не менш, ім пагражае вельмі сур'ёзнае пакаранне.



Былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў неўзабаве стане і былым кіраўніком федэрацыі хакею. Відавочна, што на рашэнне Навумава паўплывала прызначэнне Міністэрствам спорту і турызму, насуперак яго пазіцыі, галоўным трэнерам хакейнай зборнай Міхаіла Захарава. Уладзімір Навумаў заявіў, што зоймецца бізнесам у Маскве.


Таксама ў снежні сыйшлі са сваіх пасадаў "апошнія з магікан" міністр абароны Леанід Мальцаў і міністр інфармацыі Ўладзімір Русакевіч.

Фота — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі