Вы тут

2 сакавіка ў Інтэлектуальным клубе Святланы Алексіевіч выступіць Рута Ванагайтэ

Рута Ванагайтэ. Фота: www.lrt.lt

На трэцім пасяджэнні Інтэлектуальнага клуба нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч выступіць літоўская пісьменніца Рута Ванагайтэ. Яе кніга "Нашы" ("Mūsiškiai") пра тое, як літоўцы знішчалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны, літаральна падзяліла краіну надвое. Ад пісьменніцы адвярнуліся сябры, а тыя, хто хацеў бы, каб пра нязручную тэму згадвалі як мага радзей, абвінавачвалі Руту ў здрадзе Радзіме. Яна ведала, што так будзе — і ўсё ж давяла сваё даследаванне да канца. 

"Ведаю, што Літва не чакала гэтую кнігу, — сказала Ванагайтэ ў адным інтэрв'ю. — Таму і напісала яе".

Апанентам літоўскай пісьменніцы будзе беларускі даследчык Аляксей Літвін

"Гэта навуковец, які вывучае партызанскі рух, дзейнасць паліцаяў. Як тут усё адбывалася, што адбывалася, — распавядае Еўрарадыё Святлана Алексіевіч. —  Хто ўсё ж такі забіваў габрэяў? У нас такі ідэалізаваны вобраз прысутнічае, быццам бы не, [не беларусы]. Але навукоўцы кажуць, што гэта няпраўда".

Лекцыя адбудзецца 2 сакавіка — на гэты раз не ў "Галерэі TUT.by", а ў амбасадзе Літвы. Але на колькасць ўдзельнікаў гэта не паўплывае: Святлана Аляксандраўна распавядае Еўрарадыё, што да ўдзелу будуць запрошаныя каля 150 чалавек.

"Мы хацелі б знайсці большую пляцоўку, хаця б на 300 чалавек. Але пакуль гэта складана, пакуль шукаем. Гэтым разам будуць спісы, але далей 50 месцаў плануем даць у свабодную рэгістрацыю", — кажа пісьменніца. Як тэхнічна будзе рэалізаваная рэгістрацыя, пакуль невядома. "З аднаго боку, я не хацела б, каб гэта быў міжсабойчык. А з іншага боку, не хацела б, каб набегла нейкая мітынговая публіка, і не атрымалася інтэлектуальнай размовы. Пакуль мы шукаем фармат", — дадае нобелеўская лаўрэатка.

Дрэнная навіна для тых, хто не патрапіць на трэцяе пасяджэнне інтэлектуальнага клуба: яно не будзе транслявацца праз інтэрнэце. Але лекцыю Руты Ванагайтэ запішуць на відэа і неўзабаве апублікуюць у сеціве.