“Кантузія, ляжу ў шпіталі” — дзе цяпер героі інтэрв’ю Еўрарадыё з зоны АТА

Насуперак чаканням і “мірным мінскім дамоўленасцям”, з надыходам зімы вайна на Данбасе не толькі не суцішылася, але і абвастрылася на асобных участках. Штодзённыя паведамленні аб колькасці забітых і параненых падштурхнула даведацца: дзе цяпер салдаты ўкраінскай арміі і батальёнаў добраахвотнікаў, а таксама валанцёры, якія сталі героямі інтэрв’ю Еўрарадыё, ці ўсё ў іх добра?

Адным з першых такіх герояў стаў артылерыст-разведчык Аляксандр Алімаў. Яго расказ пра 22 дні ў поўным акружэнні ў “Сектары “Д” пад бясконцымі абстрэламі “Градаў” з расійскай тэрыторыі і прарыў з гэтага акружэння проста шакаваў — да жахаў вайны тады яшчэ не “прызвычаіліся”. Размова была ў жніўні 2014 года, дзе ён цяпер?

Аляксандр Алімаў: “Канкрэтна сказаць не магу, дзе я цяпер, бо гэтая інфармацыя не публічная. Але і далей знаходжуся ў раёне АТА. Праўда, апошнія два месяцы не на перадавой. Цяпер мы займаемся перафарматаваннем арміі і іншымі працэсамі, пра якія гаварыць проста нельга”.

Затое жывы, хоць і давялося, прызнаецца, пэўны час “паваляцца” па шпіталях пасля таго акружэння ў “Сектары “Д”. А потым — зноў ваяваў. І на просьбу распавесці, ці не здаралася з ім яшчэ неардынарнага нават для вайны, прапануе смешную “артылерыйскую гісторыю”.

Аляксандр Алімаў: “Такая камічная сітуацыя была: КАМАЗ з мінамётам абстрэльваў нашы пазіцыі. Стрэльнуў — ад’ехаў, стаў, стрэльнуў — ад’ехаў. І мы ніяк ў яго пацэліць не маглі. А аднаму з танкістаў валанцёры прывезлі звязаны яго жонкай швэдар, ружовы і доўгі, але цёплы. Вось ён яго надзеў, выйшаў і стаіць сабе, углядаецца, дзе ж той КАМАЗ? А тыя з КАМАЗа ўбачылі, што нехта дзіўны выйшаў на пазіцыю, і спыніліся паглядзець на яго ў біноклі. У гэты час мы іх і дасталі”.

                                            Аляксандр Алімаў

Дарэчы, пасля таго інтэрв’ю з Еўрарадыё, пашыранага праз сацыяльныя сеткі, Аляксандр стаў персонай, вядомай на фронце. “Цікава, што ніякіх дрэнных наступстваў ад той вядомасці не было”, — смяецца артылерыст. І распавядае, што яму нават тэлефанаваў “нейкі палкоўнік з Генштаба” і цікавіўся: ці жывы, ці ўсё ў яго, Алімава, у парадку, ці мае якія патрэбы. “Паціху ўсё наладжваецца ў арміі, — кажа хлопец, — будзем ваяваць!”

Наступным “ваенным” героем стаў… святар Украінскай праваслаўнай царквы Андрэй Чмель, капелан батальёна “Данбас”. Набіраем нумар: высвятляецца, што цяпер ён не на фронце, а ў сваім прыходзе. Але хутка зноў на перадавую. Праўда, пакуль не вырашыў, ці вернецца ў “Данбас”.

Айцец Андрэй Чмель: “Я б хацеў, каб наступіў мір, але, здаецца, у нашага “сябра” ў Крамлі іншыя планы. Таму я збіраюся вярнуцца на перадавую, у шэрагі арміі, бо там ёсць праца. Мяне клікаў да сябе армейскі дэсант — хацелася б і іх уважыць, але, натуральна, лепш вярнуцца да сваіх, у “Данбас”".

Праўда, ва ўкраінскай арміі да гэтага часу так і не ўвялі такую “штатную адзінку”, як капелан. “Гэта ж Украіна! — смяецца айцец Андрэй. — Тут усё робіцца ў аўральным рэжыме ў апошнюю чаргу. А яшчэ лепш — не робіцца ўвогуле!” Таму давядзецца зноў вяртацца на фронт добраахвотнікам, каб зноў “залічылі радавым і выдалі аўтамат”.

З першых дзён канфлікту на Данбасе здольнасці да супраціўлення ўкраінскіх ваенных шмат у чым залежаць ад валанцёраў. Пра тое, чым яны займаюцца і якія небяспекі ў “валанцёрскай справы”, мы гаварылі з валанцёрамі Юрыем Біруковым і Таццянай Рычковай, Юрыем Касьянавым і Дзмітрыем Углачам. З імі ўсё ў парадку: жывыя, здаровыя, матаюцца па ўсім фронце. Каб спраўдзіць гэта, нават тэлефанаваць і адрываць людзей ад важных спраў не давялося — іх шлях добра адсочваецца па сацсетках. Толькі Юрый Бірукоў стаў дарадцам прэзідэнта Украіны, але часцей бывае ў Данецкім аэрапорце і ў Песках, чым у паркетных кабінетах. А Таццяну Рычкову прызначылі дырэктарам аднаго з дзяржпрадпрыемстваў пры Мінабароны. Праўда, і яна часцей на фронце бывае, чым у тыле. Тое ж тычыцца і Юрыя Касьянава ды яго калег з “Армія SOS”: “У мяне ўсё нармальна. Працую”.

                                  Юрый Бірукоў і Таццяна Рычкова

                                         Юрый Касьянаў

Не патрэбны тэлефон, каб даведацца, што жывыя-здаровыя і такія суразмоўцы Еўрарадыё, як камбат “Данбаса” Сямён Сяменчанкакамбат “Міратворца” Андрэй Цецярук, 

камбат “Азова” Юрый Бялецкіпрадстаўнік “Правага сектара”  Барыслаў Бяроза  . Усе яны сталі дэпутатамі Вярхоўнай Рады. Праўда, камбаты не склалі з сябе паўнамоцтваў камандзіраў і часцяком бываюць на перадавой. Адзінае што Барыслаў Бяроза больш не кіраўнік інфармацыйнага аддзела “Правага сектара”. На пытанне, што змянілася ў яго жыцці, адказвае коратка: “Я ў Страсбургу. Сяджу на сесіі ПАСЕ. Змагаюся за Украіну”.

                           Барыслаў Бярэза

                                 Андрэй Цецярук

                                Сямён Сяменчанка

Трагічна выглядае сітуацыя з разведчыкам Сяргеем Кастаковым. Не далей як 26 студзеня на яго старонцы ў ФБ з’явіўся наступны запіс: “Прайшло ўжо два месяцы, як Сяргей Кастакоў знік, і нашы пошукі, на жаль, на далі ніякага выніку… Сяргей знік 22 лістапада, шукаць яго мы пачалі 23 лістапада, але і сёння мы не ведаем, дзе Сяргей, што з ім здарылася...”

Ваенны журналіст Леанід Мацюхін апошнія два месяцы — спікер АТА.

“Нармальна ўсё – базуюся ў Краматорску, перыядычна езджу па перадавой, хоць такое маё памкненне не ўсе разумеюць і ўспрымаюць, — распавядае як старому знаёмаму Леанід. — Вось хутка замена будзе, і я думаю, куды падацца: у Пескі ці ў Дэбальцава (там цяпер самыя гарачыя кропкі супрацьстаяння з сепаратыстамі, — Еўрарадыё). Бо людзі будуць верыць толькі тады, калі спікер будзе вяшчаць з перадавой. Хаця б зрэдку…

Адказвае на тэлефанаванне і баец “Правага сектара” Ядзвіга Гданьска. Дзяўчына са смехам распавядае, што цяпер яна “ваюе на два батальёны”.

Ядзвіга Гданьска: “Цяпер я ў іншым батальёне — батальёне спецыяльнага прызначэння МУС “Крыўбас”. А калі ў мяне адпачынак і пры любой зручнай магчымасці я выскакваю ў ДУК (Добраахвотны ўкраінскі корпус “Правы сектар”, — Еўрарадыё) — я баец двух батальёнаў, унікальны выпадак!”

І калі “Крыўбас” пакуль нясе варту на блокпостах і з нецярпеннем чакае адпраўкі на перадавую, то байцы “Правага сектара” заўжды ў самым пекле — у Данецкім аэрапорце і ў Песках. Туды ж пры магчымасці заўжды прыязджае Ядзвіга. Пакуль, кажа, абыходзіцца без трагічных наступстваў — у яе ніводнай драпіны, сярод “пабрацімаў” забітых няма.

Жывы і здаровы “рускі з Піцера”, жыхар Марыўпаля, прэс-афіцэр “Штаба абароны горада” Яўген Сцепаненка. Але пагаварыць з намі не мае часу — шмат спраў пасля суботняга абстрэлу сепаратыстамі жылых кварталаў горада. Ды і цяпер на лініі супрацьстаяння сітуацыя напружаная. Абяцае абавязкова ўсе апошнія навіны расказаць пазней…

А вось датэлефанавацца да памежніка Сяргея, атрад якога ў траўні 2014 года вымушаны быў над націскам сепаратыстаў адступаць на тэрыторыю Расіі, не ўдаецца — нумар недаступны. Паводле нашай інфармацыі, Сяргей цяпер знаходзіцца ў станіцы Луганскай: “Там проста жахлівае пекла, сувязі няма ніякай”, — тлумачаць Еўрарадыё ўкраінскія валанцёры.

У шпіталі знаходзім добраахвотніка Юрыя Семчука, які даваў інтэрв’ю Еўрарадыё пад абстрэлам снайпера. “У мяне ж была ўжо кантузія, і ад выбухаў побач проста жахлівы стан, а нас калашмацілі добра”, — тлумачыць Юрый.

Юрый Сямчук: “Калі нашы пайшлі ў атаку на аэрапорт, то высветлілася, што праціўнік не сядзеў склаўшы рукі. Яны назапасілі шмат высокатэхналагічнай тэхнікі. Карацей, нас разбілі ўшчэнт. Бачылі ў інтэрнэце ролік пра 20 батальён з “Краснага партызана”? Гэта нашы хлопцы — іх там шмат пазабівалі, у палон узялі… Тактыка ў сепараў вельмі простая: яны прамацалі нашы слабыя месцы. А мы што: апорны пункт трымаем невялікай колькасцю людзей і на 1,5 кіламетра ўправа-ўлева нікога няма. І яны проста заходзяць двума танкамі з бакоў і адзін спераду і пачынаюць нас “прасаваць”. Стрэльнеш па іх з “Мухі” ці СТКРа — адтуль адразу шквал агню ідзе. Мы нават выклікалі агонь артылерыі на сябе — усё адно загінем. А яны: “Мы не можам страляць — вас баімся зачапіць”.

Неяк вырваліся, але, прызнаецца Юрый Сямчук, настрой не вельмі добры. Тым не менш, ён збіраецца падлячыцца і вярнуцца на фронт.

Некалькі тыдняў прайшло пасля вызвалення з двухмесячнага палону ў баевікоў “ДНР” “Маскіта”, байца батальёна “Данбас”. Ужо заўтра, распавядае ён Еўрарадыё, едзе на агульную сустрэчу байцоў батальёна, дзе будзе вырашаць, ці вернецца на фронт, у свой батальён…

“Кібарг” Мікола Ціханаў выехаў у Кіеў па ратацыі за некалькі дзён да трагічнай атакі сепаратыстаў на Данецкі аэрапорт. Цяпер здае сесію ў Акадэміі кіравання, але па яе заканчэнні зноў вернецца на перадавую. Куды? Там, дзе будзе яго батальён “Карпацка січ”.

                                            Мікола Ціханаў

Таксама не на перадавой цяпер баявы рэлігійны яўрэй з палка “Днепр-1” Ашэр-Ёсеф Чаркаскі. “У мяне ўсё ў парадку. Працягваю службу, раніцай вярнуўся з баявога дзяжурства”, — спакойна кажа ён Еўрарадыё.

                              Ашэр-Ёсеф Чаркаскі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі