Валанцёр з Херсона: Майдан і гэтая вайна нарэшце зрабілі з украінцаў нацыю

Цалкам размову з Дзмірыем Углачам можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Углач — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, юрыст, праваабаронца, карэнны крымчанін з Сімферопаля. У міліцыі служыў да 2008 года, потым працаваў юрыстам у буйной юрыдычнай фірме Сімферопаля. Адразу пасля рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года выехаў з Крыма ў Херсон. Кіраўнік грамадскай арганізацыі, валанцёр, вывозіць уцекачоў з зоны АТА, супрацоўнік Херсонскага абласнога Фонда міласэрнасці і здароўя.

Еўрарадыё: Ці праўда крымчане амаль на 100% былі за далучэнне да Расіі?

Дзмітрый Углач: Гэта сапраўды адпавядае рэчаіснасці. Іншая рэч, што людзей падвялі да гэтай рэчаіснасці. У Крыме з канца 1980-х гадоў разыгрывалася карта супрацьстаяння рускамоўнага насельніцтва і крымскіх татар. Быў справакаваны канфлікт паміж татарамі і рускімі, і татары аказаліся ў большасці, бо яны больш арганізаваныя. Канфлікт гэты нібыта падштурхоўваў рускіх крымчан да Расіі. Але калі ў нас пачаліся прарасійскія акцыі гэтым разам, я не паставіўся да іх сур’ёзна — нешта такое было ў 1992 годзе, калі абіралі прэзідэнта Мяшкова, калі Крым стаў аўтаноміяй.

Думаў, што і гэтым разам усё будзе на такім жа ўзроўні. Аксёнава (самаабвешчаны кіраўнік Крыма — Еўрарадыё) я ўсур’ёз не ўспрымаў, асабліва з улікам таго, што я са сваёй працы ў органах добра ведаў, што ён з сябе ўяўляе. Канстанцінаў (старшыня дзяржаўнага савета Крыма — Еўрарадыё) — таксама не палітык, ён гаспадарнік, “барыга”. Таму я да апошняга не верыў, што так усё будзе, як сталася. Дый прысутнасць расійскіх войск у Крыме нас не здзіўляла: у Севастопалі заўжды былі расійскія войскі, і я быў прыхільнікам таго, што Севастопаль трэба было яшчэ ў 1991 годзе аддаць Расіі — гэта сапраўды горад рускіх маракоў. Скажу шчыра, калі б мяне гэтая ўся эпапея не закранула, то я б, можа, і застаўся ў Крыме.

Еўрарадыё: Якім чынам яна вас так балюча кранула?

Дзмітрый Углач: У гэтым “Рускім блоку” ёсць два чалавекі: Сяргей Цэкаў, намеснік Аксёнава, яго “шэры кардынал”, і атаман рускай казацкай сотні Храмаў. Гэтага Храмава я спрабаваў “прызямліць” цягам 8 гадоў. Усе ведалі, што яго казацкая сотня — гэта АЗГ (арганізаваная злачынная групоўка — Еўрарадыё), яны займаліся рэйдарствам, але як толькі мы яго бралі за “мяккае месца”, ён адразу пачынаў крычаць: “Дапамажыце — рускіх б’юць!”

Што да Цэкава, то калі я працаваў адвакатам, мы займаліся праверкай тэндарных закупак і выявілі, што гэты былы доктар “аджаў” у дзяржавы тры камп’ютарныя тамографы. І раптам усе паліклінікі Сімферопаля пачалі патрабаваць абавязковае праходжанне кожным пацыентам абследавання на тамографе. Мы ў судовым парадку даказалі, што гэта было супрацьзаконна, і вярнулі ўсё дзяржаве. Да ўсяго, многія мае сябры былі ўдзельнікамі Еўрамайдана, і адзін з іх загінуў у Кіеве. Але нам яго не дазвалялі пахаваць на тэрыторыі Крыма. І калі ўсё ў Крыме здарылася, то ў мяне спачатку спалілі машыну, а потым спрабавалі спаліць офіс. Таму я і выехаў у Херсон. Адразу ж мне прыйшло па электронцы паведамленне, што я на 5 гадоў неўязны на тэрыторыю РФ і што супраць мяне Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за распальванне міжнацыянальнай варажнечы. І нават аб’явілі кіраўніком “Правага сектара” ў Крыме.

Еўрарадыё: Нам расказвалі, што і ўкраінскія ваенныя часткі блакавала мясцовая самаабарона і яна ж сачыла за парадкам ды лавіла правакатараў, а не расійскія ваенныя…

Дзмітрый Углач: Самаабарона, створаная Аксёнавым, — гэта “гапата”. Ёсць у той самаабароне мой стары знаёмы з пазыўным “Самвэл”, які пазіцыянуе сябе дэсантнікам, які ваяваў у Афганістане. Дык вось, ён самы звычайны гопнік. І было так: расіяне стаялі ззаду, а наперад пускалі гэтую самаабарону і бабулек, якія так хочуць назад у Савецкі Саюз.

Еўрарадыё: Казалі, што крымскіх міліцыянераў, якія сталі рускімі паліцэйскімі, накіроўваюць служыць у гарачыя кропкі Расіі.

Дзмітрый Углач: Крымскі “Беркут” цяпер у поўным складзе знаходзіцца ў Кабардзіна-Балкарыі. А на тэрыторыі Крыма знаходзіцца новасібірскі АМАП, а ў Армянску стаіць батальён чачэнскай міліцыі “Усход”.

Еўрарадыё: А якія настроі цяпер сярод простых крымчан?

Дзмітрый Углач: Для мяне галоўны паказчык — мая маці. Яна 1948 года нараджэння, выкладчык сімферопальскага медыцынскага ўніверсітэта, інтэлігентны чалавек, яна “за Расію!” бегала з гэтай паласатай стужкай, на рэферэндум хадзіла. Але цяпер яна практычна ўвесь час у мяне, ва ўкраінскім Херсоне. Яна доктар-радыёлаг і часта ездзіла на розныя міжнародныя сімпозіумы. А калі ім паставілі ўмову: калі хочаце выкладаць у Сімферопалі, то ўступайце ў Медыцынскую акадэмію РФ, еўрапейцы сказалі, што ў такім выпадку яны губляюць свой еўрапейскі статус доктара. Таму яна адмовілася выкладаць у сімферопальскай ВНУ і чытае лекцыі ў Херсоне. Што да цэнаў на прадукты ў Крыме, то заўчора, да прыкладу, мне скінулі фотку з ялцінскага супермаркета: самы танны краснадарскі кефір, 0,5 літра, каштуе 69 расійскіх рублёў. У нас таннейшы ў тры разы. Цікавы факт: са мной у Херсон выехалі тры крымскія татарыны, якія тут набываюць сельгаставары і возяць у Крым.

Еўрарадыё: Ці лёгка ўладкавацца на новым месцы, ці гатовы быў той жа Херсон прымаць уцекачоў?

Дзмітрый Углач: Херсон, на жаль, для ўцекачоў ужо закрыты. Мы гэта разумеем і паўсюль пра гэта гаворым. Бо наш фонд у Херсоне адзін з першых кінуўся вывозіць людзей з зоны АТА. І сёння ў Херсоне і Херсонскай вобласці практычна няма месцаў. Днямі я прывёз чарговую групу з 94 чалавек і ледзь іх рассяліў. Што да крымчан, якіх сюды прыехала ад пачатку амаль 500 чалавек, то сёння ў інтэрнаце, які дала дзяржава, застаецца жыць толькі 4 чалавекі, халастыя, маладыя хлопцы. Крымчане ўсе на працу ўладкаваныя, дзеці тут ужо ў крымчан нарадзіліся. У выпадку ж з луганчанамі і данчанамі мы спадзяёмся, што рана ці позна гэтая вайнушка скончыцца, і яны вернуцца дахаты.

Еўрарадыё: Як вы пачалі вывозіць людзей з зоны АТА?

Дзмітрый Углач: Першапачаткова я займаўся “кропкавым” вывазам: першы раз мы 81-гадовую бабулю вывозілі, ад якой адмовіліся ўсе гуманітарныя місіі на падставе таго, што могуць не давезці. Потым з Луганска вывозілі інваліда 1-й ступені па зроку. Дзякуючы такім вывазам пра нас даведаліся, і вывезці групу з Данецка мяне папрасілі людзі, якія проста знайшлі мае кантакты праз сацсеткі. Спачатку я баяўся за гэта брацца, але потым знайшоў выйсце на, так бы мовіць, адэкватных сепаратыстаў, папярэдне з імі дамовіўся і толькі пасля гэтага прыняў рашэнне туды ехаць. Бо адпраўляць туды некага са сваіх валанцёраў і браць на сябе адказнасць, калі нешта там з імі здарыцца, я не мог: за сябе я магу адказваць, а за іншых — не.

Еўрарадыё: Чаго больш баяліся?

Дзмітрый Углач: Разумееце, у самім Данецку няма адзінага кіраўніцтва. І калі ў цэнтры яшчэ больш-менш адэкватныя сепаратысты, то на ўскрайках горада — “папандопалы”, як я іх называў. Ну, па выглядзе. Усе са зброяй, як мінімум нецвярозыя і паводзяць сябе як самалійскія піраты: спадабаліся нейкія бусікі — у цябе тупа іх адбяруць, проста адбіраюць машыны. Я калі туды ехаў, мяне адразу папярэдзілі, каб я не вёз туды ні аўдыё-, ні відэа-, ні фотатэхніку. І адзінае, што я з сабой узяў, — маленькі тэлефон з добрым разрозненнем. У выніку мяне “спалілі”, я паспеў зрабіць толькі 6 здымкаў, як той тэлефон разбілі. Але розуму не хапіла праверыць карту памяці, таму здымкі па вяртанні я апублікаваў.

Самыя вялікія праблемы па дарозе на Данбас былі нават не з боку сепаратыстаў, а з боку нашай СБУ: пашпарт у мяне хоць і ўкраінскі, але з крымскай прапіскай. І мяне 2,5 гадзіны пратрымалі ў нейкім намёце нашы контрразведчыкі з мехам на галаве ў Канстанцінаўцы — высвятлялі, хто я такі.

А першапачаткова стаўленне было такое: “А, падлюка! Едзеш ваяваць супраць украінскай арміі?!” Але больш за ўсё страшна, што незразумела, хто ў каго страляе. Куля — дура, а снарад жа ўвогуле ідыёт! Мы стаялі побач, калі прыляцелі снарады з “Градаў” і патрапілі ў мясцовы краязнаўчы музей. Вось што страшна. Да гэтага я настойваў на паездцы адразу ва Украіну, але калі гэта здарылася, то сказаў: “Халера з вамі — паехалі ў Расію!” У Расію мне было ехаць страшна — пашпарт паказваць трэба, а я неўязны. Нічога, выехалі праз пункт “Ізварына”, у Расіі ў мяне дакументы больш нідзе не правяралі, у Керчы мяне сустрэў кум, пасадзіў у машыну і мы спакойна праз Армянск выехалі. У нас толькі запыталіся: “Чаго ездзіце ва Украіну?”, “Па прадукты” — і ўсё.

Еўрарадыё: Як удалося разабрацца з роднай контрразведкай?

Дзмітрый Углач: Ну, я ж разумеў, куды еду, і разумеў, што мы павінныя супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі. Бо яны ўсё адно прыходзяць да нас: мужчын, якія прыязджаюць з зоны АТА, правяраюць на наяўнасць сепаратысцкіх настрояў. Таму калі я сабраўся ў Данецк, то паведаміў пра паездку ў мясцовыя органы, і калі мяне пачалі прэсаваць, проста даў ім нумар тэлефона намесніка начальніка контрразведкі Херсонскай вобласці. Звязаліся, тут жа мяне напаілі гарбатай з бутэрбродамі, пасадзілі ў машыну, якая ішла ў Данецк, і адправілі.

Еўрарадыё: Групу з Данецка вы вывозілі ў мінулую суботу. А як жа інфармацыя, што нікога з Данецка не выпускаюць, што ўсіх мужчын забіраюць у войска ДНР?

Дзмітрый Углач: Людзей не выпускаюць у бок Украіны — гэта ёсць. А ў Расію — калі ласка. Загад наконт мужчын ёсць, але я не бачыў, каб некага там сілай у войска забіралі. Я вывозіў шмат мужчын і падчас паездкі па Данецку і Данецкай вобласці нас дастаткова часта спынялі, але нікога з групы з аўтобуса не выцягнулі, не прымусілі браць у рукі аўтамат і ісці ваяваць.

Еўрарадыё: Пакуль былі ў Данецку, праблем з іх службай бяспекі не ўзнікала?

Дзмітрый Углач: Не, але дакументы там правяраюць дастаткова часта — амаль як у Беларусі! Я быў не так даўно ў Гомелі і за вечар у мяне разоў 8 праверылі дакументы. Там тое ж самае, але ратавала крымская прапіска і расказ, што я прыехаў дапамагчы, прывёз гуманітарную дапамогу і гэтак далей. Чалавек, з якім я дамаўляўся, адразу па прыездзе ў Данецк мяне папярэдзіў: “У гэтым раёне я гарантую тваю бяспеку ад дээнэраўцаў, але калі паедзеш, да прыкладу, у Пятроўскі раён, я табе нічога не гарантую, бо гэтыя хлопцы некантраляваныя”.

Еўрарадыё: Вы паехалі праз Расію, і ніхто з групы там не захацеў застацца?

Дзмітрый Углач: З Данецка я вывез 94 чалавекі, але ва Украіну са мной даехала толькі 7 — астатнія засталіся ў Расіі. Праўда, ведаю, што большасць з іх ужо з Расіі прыехалі ва Украіну. Расіяне самі сабе дрэнную паслугу зрабілі, калі пачалі людзей адпраўляць у Іркуцк, Магадан і гэтак далей.

Еўрарадыё: Ці сапраўды ў тым жа Данецку гуманітарная катастрофа?

Дзмітрый Углач: У Данецку нармальна функцыянуюць крамы: мы перад ад’ездам зайшлі ў звычайны супермаркет, набылі сабе ў дарогу вады. Нармальна там з прадуктамі. Там дрэнна з сувяззю, яна перыядычна вырубаецца, але інтэрнэт працуе ў звычайным рэжыме. Працуюць прадпрыемствы, працуе гарадскі транспарт…

Еўрарадыё: А як настроі ў людзей — усё яшчэ за ДНР?

Дзмітрый Углач: Дзесьці 50 на 50. Ведаеце, выязджаюць адтуль не тыя, хто за адзінства Украіны, а найперш тыя, хто баіцца за жыццё сваіх родных і блізкіх. Доказ? Павывозілі людзей, а яны ў Палтаве ДНРаўскі сцяг узнялі над інтэрнатам. Пакуль мы проста вывозім людзей, не разбіраючыся з іх палітычнымі поглядамі. “Ты падтрымліваеш ДНР — я цябе ва Украіну не павязу”, — гэта ненармальна.

Еўрарадыё: Уцекачы з Данбаса едуць і ў Беларусь. Я ўжо чуў, што большасць такіх уцекачоў хоць нейкім чынам, але ў сепаратызме запэцкаліся і цяпер баяцца праверкі СБУ…

Дзмітрый Углач: Зразумейце, не ставяць нашы чэкісты задачу пакараць увесь Данбас за ўдзел у нейкіх акцыях. І пасля вызвалення будзе амністыя для ўсіх, апроч тых, хто асабліва адзначыўся. Гэта ўсё прэса перагінае палку: і наша, і расійская. Вось пару тыдняў таму я вывозіў людзей з Луганска, у нас быў дызельны цягнічок і чатыры вагоны. І столькі сцягаў чырвонага крыжа і ўкраінскіх было на іх навешана, што за імі гэтых чатырох вагонаў не відаць было! І ўсё адно нас абстралялі нашы і раздзяўбалі наш цягнік. А ў прэсе напісалі, што гэта быў абстрэл “Градамі”. Таму ўсе хлусяць: і вашы, і нашы, і расіяне!

Еўрарадыё: Ну, а тое, што фільтрацыйныя лагеры для ўцекачоў з Данбаса паставілі, праўда?

Дзмітрый Углач: Ёсць фільтрацыйныя лагеры, але там ніхто больш чым на суткі не затрымліваецца. Найперш супрацоўнікі СБУ ва ўсіх правяраюць плечы, шыі і указальныя пальцы на руках: калі чалавек актыўна карыстаўся зброяй, то на пальцах застаюцца сляды парахавой гары, а на плячах і шыі — сляды ад пастаяннага нашэння зброі. Але я цалкам дапускаю, што пад выглядам уцекачоў могуць выехаць нейкія тэрарыстычныя групы, і гэта нармальная антытэрарыстычная праца. Як праваабаронца я на гэтым не акцэнтую ўвагу. Можа, гэта і парушэнне нейкіх правоў, але я лічу, што гэта вымушаная мера.

Еўрарадыё: Тым не менш я ўжо шмат гісторый чытаў пра “патрыятызм” уцекачоў з Данбаса, іх нежаданне працаваць і злоўжыванне алкаголем…

Дзмітрый Углач: На вялікі жаль, 90 адсоткаў менавіта такія. Просты прыклад: прыехала з Луганска 24-гадовая дзяўчына з трыма дзецьмі — сустрэлі, пасялілі. Патэлефанавала, кажа, трэба тое і тое. Падняў людзей, і простыя людзі сабралі ёй 19 тысяч грыўняў. Яна тэлефануе праз тры дні і кажа: “Там нейкую дапамогу абяцалі ад дзяржавы?” Выявілася, што тыя 19 тысяч яна ўжо патраціла. Паехаў разбірацца, на што патраціла. А яна купіла сабе за 8 тысяч ноўтбук і апошнюю мадэль айфона! Навошта табе ноўтбук? Дзецям мульцікі паказваць. Ладна, а айфон? Ну, мне дамоў трэба званіць… А тэлефон за 300 грыўняў цябе б не задаволіў?! Праўду скажу: элемент найчасцей прыязджае антысацыяльны, працаваць не хочуць, качаюць правы, ладзяць акцыі пратэсту: “Данбас вас карміў!”. Гэта ёсць.

Еўрарадыё: І чаго такіх вывозіць?

Дзмітрый Углач: Калі людзі просяць аб дапамозе, значыцца, людзям трэба дапамагаць. Там жа жанчыны, дзеці і бабулі ў асноўным.

Еўрарадыё: А нармальныя, сацыяльныя элементы не едуць?

Дзмітрый Углач: Нармальныя самі едуць, самі знаходзяць сабе жыллё і працу.

Еўрарадыё: Нават афіцыйныя асобы пачалі казаць пра тое, што, маўляў, чаго здаровыя мужчыны, якія выехалі з Данбаса, сядзяць па лагерах, а не ідуць вызваляць родны дом. Сапраўды не ідуць?

Дзмітрый Углач: Так. Ведаеце, мы па першым часе перасяленцаў засялялі ў інтэрнаты навучальных устаноў. Але ўжо хутка 1 верасня, прыедуць студэнты, якіх некуды таксама трэба засяляць. Што зрабілі мясцовыя ўлады: прыйшлі ў інтэрнат і кажуць: “Так, мужыкі! Заўтра ўсе а 9-й прыходзьце ў ваенкамат, будзем вас узбройваць і паедзеце ў зону АТА”. І гэтыя мужчыны раптам проста пазнікалі! Жадання бараніць краіну ў іх няма, большасць імкнецца не станавіцца на ўлік у міграцыйную службу. Тады мы сталі рабіць так: не рэгіструешся — няма жылля.

Еўрарадыё: Як доўга, на вашую думку, будзе гэтае супрацьстаянне на Данбасе?

Дзмітрый Углач: Гэтае перацягванне каната будзе яшчэ не адзін год. Вы ж бачыце, як толькі нашы пачалі душыць сепараў, адразу прыйшоў удар з боку расійскіх войскаў. Думаю, яны зараз пашыраць гэтую зону і сыдуць. Калі б расійскія ўлады абмежаваліся толькі падтрымкай узбраеннем, а не спецыялістамі, то ўжо даўно б мы іх задушылі.

Еўрарадыё: А Крым будзе ўкраінскім?

Дзмітрый Углач: Наўрад ці я да гэтага дажыву. Трэба цвяроза глядзець на рэчы. Я думаю, што гэта не пытанне нават найбліжэйшых 10 гадоў — значна больш.

Еўрарадыё: Цяжка будзе аднавіць сяброўскія адносіны з расіянамі?

Дзмітрый Углач: Дзеянні расійскіх уладаў усіх нас зрабілі бандэраўцамі. Калі я прыехаў у Херсон, мяне запыталіся, ці сапраўды я кіраўнік крымскай суполкі “Правага сектара”. Я сказаў, што пасля таго, што са мной зрабілі ў Крыме, я да такой ступені правы і такі сектар, што сам Яраш можа пазайздросціць. І да такой ступені бандэравец, што нават сам Бандэра не такі бандэравец! І Майдан, і гэтая вайна з украінцаў нарэшце зрабіла нацыю. Вельмі шмат патрыятычных людзей. Мы ж не толькі людзям, мы і арміі дапамагаем. Я цягаў з Польшчы бронікі. У нас ёсць бабуля, у якой 1082 грыўні пенсія, і яна з кожнай пенсіі 200 грыўняў на дапамогу арміі дае. І гэта бабуля, якая памятае Савецкі Саюз. Выстаім.

Фота з архіва Дзмітрыя Углача

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі