“Кібарг”: Мы хутчэй падарвём і аэрапорт, і сябе, чым аддадзім яго ворагам

Цалкам размову з Міколам Ціханавым можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Мікола Ціханаў, баец батальёна добраахвотнікаў “Карпатска січ”, былы кіраўнік Абалонскай раённай дзяржадміністрацыі Кіева, па ратацыі 16 студзеня вярнуўся з Данецкага аэрапорта.

Еўрарадыё: Тры дні як вы вярнуліся з Данецкага аэрапорта, але ж сувязь з тымі, хто там застаўся, падтрымліваеце — што на самой справе там адбываецца?

Мікола Ціханаў: Безумоўна, я хоць і з’ехаў з аэрапорта па ратацыі, але сувязь з пабрацімамі маю. Чатыры дні таму там пачалося абвастрэнне, калі расійскія сілы пачалі масіраваны наступ з прымяненнем цяжкай артылерыі і танкаў на новы тэрмінал. Тое, што гэта менавіта расійскія сілы, я ведаю дакладна: калі напярэдадні Новага года мы ехалі на ратацыю ў аэрапорт і праходзілі праз блокпост “ДНР”, нас даглядалі расіяне — я два гады працаваў у Маскве і пазнаў іх па адмысловым маўленні. Падчас гэтага наступу артылерыя цалкам разбурыла вежу тэрмінала: пад яе абломкамі загінулі 3 чалавекі і 6 былі параненыя. Пад націскам нашы вымушаныя пакінуць шэраг пазіцый. Баі працягваліся два дні, але потым падключылася нашы артылерыя, і нашы здолелі падвезці боезапас, вывезці параненых і цалкам адбіць новы тэрмінал у тэрарыстаў. Параненых на той момант было вельмі шмат: у новым тэрмінале ўсяго каля 60 абаронцаў, і палова з іх у выніку баёў была параненая, 10 чалавек за ўвесь час загінула. Адначасова была праведзеная аперацыя па зачыстцы бліжэйшых да тэрмінала тэрыторый: царква побач з аэрапортам, дзе знаходзіліся карэкціроўшчыкі, снайперы і мінамётчыкі, стары тэрмінал і будынак крамы “Метро”. Нашы пашырылі зону кантролю, і калі б не было рэжыму спынення агню, то мы маглі б і далей пайсці ў наступ і зачысціць яшчэ большую тэрыторыю.

Еўрарадыё: А ў сацсетках пісалі, што ўкраінскія танкі ўварваліся на ўскрайкі Данецка…

Мікола Ціханаў: Гэта не так, хоць, па вялікім рахунку, сам аэрапорт знаходзіцца фактычна на ўскрайку Данецка. Але галоўнае, што ніякіх танкавых атак з нашага боку не адбывалася, нашы войскі ў Данецк не заходзілі і вулічных баёў, зачысткі на тэрыторыі горада не вялі.

Еўрарадыё: Дзе знаходзяцца абаронцы тэрмінала? Гэта нейкія падземныя ўзроўні — сам будынак ўжо мусіць быць як рэшата?!

Мікола Ціханаў: За час, што я там быў, не было ніводнага дня, каб нас не абстрэльвалі з усяго, што толькі ёсць у тэрарыстаў. Будынак тэрмінала ўяўляе сабой магутныя бетонныя калоны, зашытыя гіпсакардонам — схавацца там на самой справе няма дзе. Падвалы да нядаўняга часу кантралявалі баевікі, пераважна чачэнцы. Дваіх мы нават узялі ў палон: мы пачалі закідваць іх шашкамі і гранатамі, і яны выскачылі адтуль проста на нас. Мы знаходзімся на першым і другім паверхах: за калонамі — блокпасты, адпачываем у адным памяшканні, нешта накшталт вентыляцыйнага аддзела, дзе ёсць сцены і можна схавацца ад скразнякоў. Праўда, даводзіцца кожную раніцу заклейваць новыя дзюркі ў гіпсакардоне. Тэрмінал прастрэльваецца наскрозь, цяжка патрапіць па саміх калонах. Хаця тыдзень таму мэтанакіравана была разбураная частка тэрміналу і паступова ён разбураецца, але не такімі тэмпамі, як хацелася б нашым ворагам. Але пакуль мы там трымаемся — такі вось дзіўны будынак.

Еўрарадыё: А ў чым сакральны сэнс гэтага будынка — навошта яго так упарта абараняць?

Мікола Ціханаў: Пачнём з таго, хто яго абараняе? Хлопцы з “Правага сектара”, я быў з батальёна добраахвотнікаў “Карпатска січ”, ёсць хлопцы з “Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў”, дэсантнікі. Сакральнасць гэтага месца ў тым, што мы такім чынам паказваем сілу нашага духа. Тыя, хто супраць нас, ваююць за грошы, а мы за сваю зямлю. У нас быў выпадак цікавы: 4 студзеня мы назіралі за перастрэлкай паміж старым тэрміналам, які ўтрымліваюць мясцовыя наёмнікі ДНР, і будынкам крамы “Метро”, які ўтрымлівалі расійскія наёмнікі. Мясцовым плацяць па 8 тысяч грывень — гэта прыблізна 500 долараў, а тым — 3 тысячы долараў. Акурат яны атрымалі грошы, мясцовыя пакрыўдзіліся і пачалася перастрэлка. Гэта як прыклад таго, хто і за што ваюе. Мы ведаем, што мы адтуль не сыдзем ні ў якім выпадку: тэрмінал цалкам замініраваны і мы хутчэй падарвём і тэрмінал, і сябе, чым аддадзім яго ворагам. Вы чулі дзіўную заяву МЗС Расіі, што мы павінны аддаць тэрмінал тэрарыстам? Справа ў тым, што зараз усё ж такі павінны будуць здзейсніць адвод сіл у 15-кіламетровую зону, каб зафіксаваць лінію, якую ўтрымліваюць нашы войскі. Калі лічыць 15 кіламетраў ад тэрмінала, то Данецк мусіць быць дэмілітарызаваны. Гэта добрая навіна для жыхароў Данецка і дрэнная — для тэрарыстаў і расійскіх войск. Таму яны і хочуць адбіць тэрмінал, каб на меншую адлегласць адводзіць войскі. Праўда, я слаба веру, што яны выканаюць нейкія дамоўленасці, але цяпер мы бачым, што перамовы спыніліся менавіта праз аэрапорт.

Еўрарадыё: Адкуль вы ведаеце, колькі хто з наёмнікаў атрымлівае?

Мікола Ціханаў: А яны самі да нас на сувязь выходзяць — мы перамаўляемся па радыёстанцыях. Стары тэрмінал, які займалі тэрарысты, я 100-120 метрах ад новага тэрміналу — яны перакрыкваюцца з намі. Можа вам гэта падаецца дзіўным, але мы перамаўляемся паміж сабой: мы ж не іншапланецяне, жылі некалі разам. І камандзіры перамаўляюцца. Я ўжо не кажу пра тое, што пэўны час таму ратацыя адбывалася праз іх блокпост, я так праходзіў, і мне дазволілі з сабой пранесці толькі адзін поўны “ражок” да аўтамата…

Еўрарадыё: Днямі з’явілася інфармацыя, што і ў самім тэрмінале ваююць “беларускія кібаргі” — гэта праўды, беларусы там ёсць?

Мікола Ціханаў: Гэта сапраўды так. І з адным я асабіста знаёмы, мы былі разам у аэрапорце. Не думаю, што трэба называць яго прозвішча, але магу вас упэўніць — гэта не “фэйкавая” навіна. Паводле яго словаў, у яго былі сваякі на ўсходзе Украіны, і ён прыехаў сюды спачатку, каб іх вывезці з Украіны. А потым, паводле яго словаў, сказаў сабе: “Я не хачу, каб такое было ў Беларусі — спачатку была Грузія, цяпер — Украіна, а потым можа чарга дайсці да Беларусі і Прыбалтыкі”, — і запісаўся ў батальён добраахвотнікаў. Вось, такая ў яго была аргументацыя, крыху дзіўная для мяне…

Еўрарадыё: Чаму дзіўная?

Мікола Ціханаў: Дык у вас жа з Расіяй Саюзная дзяржава, амаль адзінае цэлае. Хоць і ёсць пэўныя непаразуменні: Расія забараняе вам то малако сваё ім пастаўляць, то нешта ў вашай бульбе знаходзіць…

Еўрарадыё: Вернемся ад геапалітыкі да будняў аэрапорта — ці можна там сабе есці прыгатаваць?

Мікола Ціханаў: Мы там вельмі непатрабавальныя ў аэрапорце. Піць хацелася пастаянна, а есці — не вельмі. Мне хапала адной кансервы на дзень. Прыгатаваць паесці там немагчыма практычна, калі толькі гэтую кансерву на буржуйцы падагрэць. Адна бяда — дроў практычна няма. Калі мы туды перад новым годам заязджалі, то не адразу зарыентаваліся і не ўзялі з сабой дастаткова дроў. І таму ў нас практычна не было чым тапіць буржуйку і падаграваць ежу — мы елі мёрзлыя кансервы. Але самае цяжкае было з вадой: яна ўся замерзлая, і мы проста смакталі гэтыя ледзяшы. І там сапраўды вельмі мала месца для тых 60-80 абаронцаў аэрапорта: у тым нашым пакойчыку цяжка размясціцца, каб адпачыць. Хоць траціна байцоў пастаянна знаходзіцца на пастах, калі спакойна, а калі не спакойна, то ўсе. Што яшчэ пра бытавыя ўмовы расказаць? Спім на бетоннай падлозе на карэматах, холадна, скразняк, больш за ўсё хочацца гарачай гарбаты, але нагрэць вады і заварыць не заўжды ўдаецца. Асабіста для мяне нават не абстрэлы і атакі, а цяжкія бытавыя ўмовы былі самым складаным — пастаянны холад, пастаяннае жаданне піць і немагчымасць выспацца.

Еўрарадыё: А што самае страшнае?

Мікола Ціханаў: Калі параняць твайго сябра побач. І калі ты не можаш яму аказаць нармальную дапамогу і своечасова вывезці. 1 студзеня нас расійскія ваенныя “павіншавалі” з Новым годам — атакавалі нас з верхніх паверхаў. Зайшлі па “рукавах” і закідвалі нас гранатамі. У нас быў адзін забіты і адзін паранены. Жгут мы параненаму наклалі, але паводле правілаў тактычнай медыцыны ён цягам двух гадзін мусіць быць у шпіталі, а нам 14 гадзін не давалі гуманітарны калідор, каб яго з тэрмінала вывезці. А ў нас жа былі адпаведныя дамоўленасці! Гэта самае цяжкае: толькі што мы разам пілі гарбату, а цяпер ты не можаш яму нават медычную дапамогу аказаць. Увогуле, аэрапорт — гэта малапрыемнае месца, але калі трэба будзе, то я ізноў туды паеду.

Еўрарадыё: Моцна вы змяніліся пасля аэрапорта, службы ў Пясках?

Мікола Ціханаў: Я стаў менш талерантным, скажам так. У мяне знікла любое спачуванне да тэрарыстаў, лічу, што перамовы з імі нельга весці, хоць гэта і справа палітыкаў. Але калі ў палітыкаў нешта ўсё ж атрымаецца, то мне цяжка будзе з імі жыць у адной краіне, з тымі тэрарыстамі, з якімі мне давялося ваяваць, шчыра вам кажу.

Еўрарадыё: Вы бачылі, як вораг гіне ад вашай кулі?

Мікола Ціханаў: Я чакаў гэтага пытання і не вельмі хачу на яго адказваць. Так, страляць даводзілася, падыходзілі да нас на блізкую адлегласць. Але… не, як гіне менавіта ад маёй кулі, не бачыў — бачыў, як вораг гіне ад рукі майго сябра. Гэта вайна, у наш дом прыйшлі, мы вымушаныя абараняцца і забіваць ворага.

Еўрарадыё: Ці ёсць сэнс у тых жа “Мінскіх перамовах”?

Мікола Ціханаў: Усе перамір’і, усе рэжымы цішыні парушаліся сепаратыстамі і расійскімі ваеннымі. Але перамовы, напэўна, патрэбныя. Бо які б рэжым цішыні ні быў, людзей у гэты час гіне менш. Але я не думаю, што гэтыя перамовы прынцыпова вырашаць праблему на ўсходзе. Я не бачу, што з Расіяй мы можам пра нешта дамовіцца.

Еўрарадыё: І што рабіць?

Мікола Ціханаў: Мы перагрупаваліся, ўзмацнілі нашу армію, і я лічу, што зараз мы можам адціснуць сілы ДНР, расійскую армію бліжэй да расійскай мяжы. Хаця ваенныя кажуць, што Расія ўзмацніла сваю групоўку войск непадалёк ад мяжы з Украінай, і невядома, чым гэта можа закончыцца. 

Фота: З архіва Міколы Ціханава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі