"Куля праляцела над самай галавой! Дастаў гэты снайпер!"

Цалкам размову з Юрыем Сямчуком можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Юрый Сямчук, выкладчык кафедры філасофіі Днепрапятроўскага ўніверсітэта імя Альфрэда Нобеля. Добраахвотнік, на фронце з траўня.

Еўрарадыё: Якая цяпер сітуацыя ў Данецкім аэрапорце, на тым кавалку фронту, дзе вы знаходзіцеся?

Юрый Сямчук: Я раскажу пра той кавалак, дзе знаходжуся. Ад аэрапорта мы знаходзімся на адлегласці “стралковай зброі”. Мы не “кібаргі” — мы тут на ўсходнім флангу ахоўваем, каб іх не акружылі. Мы тут ужо месяц і насупраць нас стаяць “кадыраўцы”, “Кальміус” — мясцовыя жыхары і расіяне. І цягам гэтага года ідзе эскалацыя канфлікту. Учорашні дзень быў пікавым: нас абстрэльвалі “Бураціны”, “Метэарыты”. Залпы і выбухі былі страшныя, побач з намі варонкі па 5 метраў у дыяметры і на 2 метры ў глыбіню. Супраць нас выкарыстоўвалі “Цюльпан”, “Точка У” некалькі разоў бухала. Ды так, што ажно падлятаеш! Я так разумею, што ўчора Расія, я не кажу пра нейкія там ДНР-ЛНР, на рэванш пайшла: яна спадзявалася знішчыць аэрапорт і атрымаць на перамовах (перамовы ў “Мінскім фармаце” былі запланаваныя на 16 студзеня — Еўрарадыё) нейкія бонусы. Але нашы хлопцы-дэсантнікі аэрапорт адстаялі. Але ўчора з 7-й раніцы і да 13 гадзін, а потым з 15-й і да 20-й гадзіны такі абстрэл быў, што зямля трэслася як падчас землятрусу. Ноч прайшла спакойна і цяпер ціха. Мы ходзім і не можам да гэтага прывыкнуць, бо за 5 сутак несупынных артабстрэлаў… Крыху перахваліў — у наш бок страляюць з аўтаматаў. Ці то зп’яну, ці то нервуюцца проста. Але артылерыя не працуе. Мы, праўда, троху напружаныя, бо гэта перад атакай можа быць. Але з іншага боку, на вярхах, відаць, пра нешта дамовіліся, бо зразумелі, што “лоб у лоб” выніку не дае.

Допіс на старонцы Юрыя Сямчука: За 5 дзён невпинних обстрілів, сьогодні з 7 ранку до 13 найщільніший вогонь, небо завивало, земля репалася. Від Спартака до Авдіівки стіна вибухів, ідуть танкові боі. Використовується новітня зброя, хлопці заміряли вирву від 240 мм снаряда — 5м х 1.80м. Зараз трохи стихло, в аеропорту один вибух на 5 секунд.

Еўрарадыё: Патлумачце, як атрымліваецца, што аэрапорт столькі дзён абстрэльвае цяжкая артылерыя, а ён да гэтага часу не пераўтварыўся ў шчэбень?

Юрый Сямчук: Нашы хлопцы сядзяць на вялікай глыбіні ў бункерах — так там камунікацыі зробленыя. Там такія моцныя бетонныя ўмацаванні, што снарады ў ім не робяць варонкі, а проста разлятаюцца і робяць эфект пляскача. Сам аэрапорт зроблены не з маналіткі, якая б была зруйнаваная на шчэбень, а з такіх канструкцый, якія проста прашываюць снарады. І яны ўжо так прашытыя, то выбухі праз іх праходзяць, як праз рыбалоўную сетку. Таму, верхнія канструкцыі вялікай ролі не граюць. Вось, калі па нас страляюць, мы тут невялічкую вышыню зоймаем, то звычайна артылерыя б’е з адлегласці ў 7-8 кіламетраў, а то і больш, і яна не можа дакладна патрапіць куды трэба, але стварае неабходнае прыкрыццё для атакі. Да ўсяго, аэрапорт вельмі вялікі. Праўда, палова яго разбітая ў шчэбень, і хлопцы з яго валы робяць, каб укрыцца. Але праўда, абстрэл тут ідзе шчыльны: звычайна ў сярэднім 1 выбух на 1 хвіліну. А ўчора на 1 хвіліну 20-30 выбухаў — гэта нават не кананада, а суцэльная “трасучка”. Учора хлопцы з аэрапорта званілі і казалі, што 2-і і 3-і падземныя паверхі захапілі…(размова перапыняецца не некалькі секунд: “арта ўсё ж такі ўдарыла — стрэльнула толькі што гаўбіца…” — тлумачыць Юрый) захапілі расіяне. Іх потым выбілі, але захапілі таму, што кавалак сцяны вываліўся і яны туды пралезлі…

Еўрарадыё: І якія страты ад супрацьстаяння ў бакоў? Бо я чытаю, што бывала, тыя ж сепаратысты за адну атаку нібыта страчвалі па 200-300 салдат…

Юрый Сямчук: Шчыра вам скажу: мы не можам дакладна вызначыць. Мы траплялі пад моцны артабстрэл, траплялі ў бліжні бой і такая сітуацыя — 300-х шмат (параненых), а 200-х (забітых) двое-трое. У нас і бронекамізэлькі ва ўсіх і схованкі добрыя з бетоннымі перакрыццямі. Міна 4 секунды ляціць, снарад з гаўбіцы — дзесьці 14 секунд, схавацца паспяваеш. Ад таго ж “Граду” багата шуму, а вынік слабенькі — калі толькі не схаваешся. Таму стратаў па 200-300 чалавек быць не можа. Там таксама хлопцы вопытныя ваююць і на дурня не лезуць. Таму страты такія: у тых, хто абараняецца — 1-3 і да 10 “трохсотых”. А ў іх… Калі ў нас 2, то ў іх дзесьці 6-7 “двухсотых”. Адзін толькі раз было, калі расіяне залезлі ў стары тэрмінал, то ў іх некалькі сотняў “двухсотых” было. Але яны там самі сябе падарвалі — нарваліся на пастку. За ўчора ў аэрапорце пры такім шалёным абстрэле было 2 “двухсотых”, і хлопцы званілі адтуль, казалі, што 10 параненых верталётам адправілі ў Днепрапятроўск.

Еўрарадыё: Аэрапорт знаходзіцца амаль у акружэнні, яго пастаянна атакуюць, туды складана падвозіць зброю і прывесці папаўненне — навошта яго так упарта абараняць?

Юрый Сямчук: Першыя прычына — там стаіць “Правы сектар”. Не нейкія там фашысты, як расказваюць, а звычайныя патрыёты, як беларускія радыкалы, да прыкладу. Дарэчы, я асабіста ведаў Міхася Жызнеўскага, і я бачыў, як ён загінуў. Гэта за 2 метры ад мяне здарылася. І гэты батальён “Правага сектара” нікому не падпарадкоўваецца. І калі нашы захочуць адтуль салдат вывесці, то гэтыя хлопцы ў будынак учэпяцца і будуць сядзець. Другая прычына: там у свой час загінулі хлопцы з 25-й дэсантнай брыгады. І цяпер для дэсантнікаў, якія там знаходзяцца, справа прынцыпу — не здаць гэты аб’ект (размова зноў перапыняецца: …во, і танк пачаў біць па нас…) Ну, а трэцюю прычыну і я фізічна бачу: гэта такая вышыня, нібыта зрэзаная піраміда, з якой можна весці артабстрэлы на 30-40 кіламетраў на захад па Украіне, гэта выдатны плацдарм для наступу. Учора Захарчанка (лідар "ДНР", — Еўрарадыё) прагаварыўся: “Заўтра мы возьмем аэрапорт, а потым пойдзем на Славянск і Краматорск. Яны плануюць адсюль адштурхнуцца і зрабіць такі бліц-крыг на Кіеў. Ведаеце, я вам шчыра скажу пра настроі мясцовых людзей. Яны галодныя, да нас ходзяць просяць чаго паесці, але кажуць: “Вось, мы на Кіеў пойдзем і нарэшце наядзімся хлеба”. Яны тут ужо ўсё, што маглі, “адціснулі” і цяпер мрояць пайсці на Кіеў. І гэты аэрапорт для іх будзе, як спускавы кручок, каб рвануць на Кіеў, Львоў, а там далей ужо і Варшава, і, выбачайце, Беларусь. Бо беларусы сімпатызуюць украінцам, Лукашэнка на нашу карысць выказваецца, і гэтыя злобныя карлікі не прабачаць у перспектыве. Калі ў іх будзе ўсё паспяхова.

Еўрарадыё: Адкуль па вашых пазіцыях ідзе артабстрэл, ці праўда, што з жылых раёнаў Данецка?

Юрый Сямчук: Гэта сапраўды так. Разумееце, яны ставяць гарматы ў жылых кварталах і лупяць па нас, а жыхары мясцовых дамоў хадзілі вакол, калупаліся ў носе і крычалі “Бей украў!” і радаваліся. Ёсць міжнародная канвенцыя, паводле якой, калі войскі заходзяць у населены пункт і побач праходзіць фронт, то яны абавязаныя эвакуіраваць мясцовае насельніцтва. І калі яны гэтага не зробяць, то ўся адказнасць на тых, хто ў населены пункт увайшоў. У Данецку "ДНР" гэтага не зрабілі, і я вам скажу страшную праўду: калі вядзецца агонь з жылых кварталаў і дужа жорстка па нас, то нашы цяпер адказваюць, і туды ж ляціць арта. Але! Цяпер калі яны страляць з жылых кварталаў і прылятае “адказ”, то яны хутка ўцякаюць і больш адтуль не страляюць. Яны зразумелі, што жылыя кварталы іх не ратуюць, і пачалі хавацца ў пасадках, нейкіх ямах, шахтах. (размова перапыняецца: Опа! Міна па нас хлопнула). Але глядзіце, я насупраць Аўдзееўкі стаю і бачу, што яны па ёй так лупяць! Яны хочуць коксахімзавод разнесці. Але колькі разоў яны ўжо патрапілі па жылых кварталах, па людзях? Па прынцыпе “не дастанься ты нікому” — маўляў, вы нам здрадзілі і цяпер мы вас будзем накрываць. Учора там школу разбамбілі, ПТВ… Вы не чуеце, але агонь узмацняецца.

Еўрарадыё: Чытаю заявы асобных вайскоўцаў пра тое, што калі б ім далі загад, то ўкраінская армія за пару дзён узяла б Данецк і зачысціла яго, а вы што думаеце пра гэта?

Юрый Сямчук: Не, сіл у нас няма. А там шмат расіян і мясцовых шмат у войска набралі. Да ўсяго, Данецк такі горад, які вельмі шырока раскінуўся, тут вялікі прыватны сектар, ён вельмі заблытаны. Браць яго — будзе вельмі шмат ахвяр. Таму ніхто атакаваць не будзе. Ды, і Расія гэтага ад нас чакае. Да ўсяго, трэба ўлічваць настроі мясцовага насельніцтва. А яно не падтрымлівае Украіну. Тут хоць украінцаў і шмат, але яны — маргіналы. Раскажу адзін дыялог свой з мясцовым: “Мы вас никогда не примем. Вот, у меня образования нет, у моих соседей тоже, мы тут бухаем, пьём, гуляем, а вы пришли и хочете нам что-то навязать — у нас будет президент такой же, как и мы”. Адбыўся разлом цывілізацыйны, маральны. Я маю права так казаць, бо я сам на Данеччыне нарадзіўся. Я прыязджаў да сваіх сваякоў сюды і пастаянна гэта бачыў. Няма сэнсу вызваляць тэрыторыю, дзе ты нелюбімы. Гэта тое ж, што жанчыну прыкаваць да батарэі і сказаць: “Ты мяне будзеш кахаць!” Ну, не хочуць яны з намі жыць, так выйшла!

Еўрарадыё: Як толькі становіцца горача ў аэрапорце, у сацсетках адразу пачынаецца істэрыка: “Нас злілі, нам здрадзілі, мы ўсе памром!” Вас зліваюць?

Юрый Сямчук: Ведаеце, на пачатку ўсё так і было. Я ад самага пачатку быў ў батальёне добраахвотнікаў і бачыў тры галоўныя нашы праблемы. Першая — унутрывайсковая карупцыя, кралі самі ў сябе ў буйных маштабах. Мой сябра па Майдане патрапіў у Ілавайскі кацёл і расказваў, як іх камандзіры іх прадавалі рускім і за гэта атрымлівалі грошы проста на карткі. І калі расіяне пайшлі ў наступ, то пазабівалі ўсіх гэтых прадаўцоў. Адзін выпадкова застаўся ў жывых і ён у істэрыцы крычаў: “У мяне картка руская, там быў амаль мільён, а яны ўзялі і ўсё абнулілі, і мяне ледзь не забілі, а маіх сяброў ўсіх пазабівалі!”. Ды што казаць: калі да нас кіраўніцтва прыязджае, нас ніколі не абстрэльваюць! “Там снайпер сядзіць, там — мінамётчык!”, а ён хмыкае і ходзіць спакойна! Карацей, нас прадавалі: набіралі кадравых афіцэраў у добраахвотнікі, і там шмат было кратоў. Дайшло да таго, што армія пачала развальвацца, шмат дэзерціраў было — гэта ж не вайсковае становішча, а АТО. А як нас камандзіры сепарам прадалі? Нас неяк кінулі на Данецк, мы туды зайшлі, і там нас трое сутак няспынна атакавалі чалавек 700, а нам дапамогі ні артылерыяй, ні чым не давалі. У выніку ў нас толькі 12 чалавек ў жывых засталося, і калі мы выйшлі з бою, то яны так здзівіліся, што мы жывыя! Пасля такога баец не хоча ваяваць, і батальён пачаў рассыпацца. Цяпер я ўваходжу ў рэгулярную частку і сэрца радуецца: тэхніка, забеспячэнне, навучанне неабходнае — усё на ўзроўні. Армія кардынальна змянілася. І гэта дало вынік: аэрапорт мы не здалі. І панікаваць не трэба абсалютна.

Еўрарадыё: Вы на вайне з траўня. Што за гэты час для вас было самым страшным?

Юрый Сямчук: Распавяду пра тры самыя страшныя выпадкі. Быў вельмі жорсткі бой з “кадыраўцамі”, якія ішлі на нас з крыкам: “Зачем ты пришёл на нашу землю?!”, і я разумеў, што больш фізічна не магу гэта вытрымліваць — пастаянны абстрэл, цябе зямлёй засыпае ў акопе і ты, каб не задыхнуцца, пастаянна выкопваеш сябе сапёрнай лапаткай. Я Бога прасіў, каб ён мяне забраў. Я рэальна пачуў голас: “Чаму ты за мяне вырашаеш, калі мне цябе забраць?” Гэта было рэальна страшна, і менавіта тады я з моцнай кантузіяй трапіў у шпіталь. Другі мой страх: мой унук лічыць, што я недзе ў іншай краіне, і калі я з вайны не вярнуся, то ён доўга не зможа зразумець, чаму я да яго не вяртаюся? Тут перажыванне не за сябе, а за псіхіку дзіцяці. А трэці самы страшны і непрыемны выпадак… Быў адзін момант калі я пад абстрэлам адчуў: усё, капец і адскочыў з акопа ў кукурузу на 3-4 метры. Я рэальна ўцёк! А гэта “чуйка” была: у акоп, дзе я сядзеў, патрапіў снарад. Але мне стала сорамна, што я хлопцаў сваіх кінуў, хай і на некалькі секунд, і зноў заскочыў у тую варонку. Але я потым некалькі месяцаў пакутаваў ад таго, што ўцёк і пакінуў пазіцыю. Аказваецца, што кінуць таварышаў, струсіць і збегчы, хай гэта і дало эфект паратунку, страшна. Бо потым ты не можаш прабачыць сабе. Для мяне самае страшнае, што я ўбачыў у сабе падлюку. Хай і на секунд 10, але з гэтым, як высвятляецца, жыць немагчыма.

Еўрарадыё: Ці была карысць ад “Мінскіх перамоў”, ці трэба іх працягваць?

Юрый Сямчук: На вайне я стаў пацыфістам. І лічу, што перамовы патрэбныя. Я вам скажу такую рэч: насупраць нас стаяла вельмі моцнае фарміраванне: там і танкаў нашмат больш, чым у нас, і іншых узброеных сіл — ну, і што? Па іх бахнула добрая артылерыя, і няма гэтай вялікай групоўкі. Так што, значэнне мае не колькасць, а якасць. З іншага боку, мы ўбачылі, што мы б’ем-б’ем, ваюем-ваюем, а яно ўсё на месцы, і мы ўжо не хочам ваяваць. Пакуль мы вызвалялі мясцовасці, якія нас чакалі — адно. Але цяпер мы падышлі па месцаў, дзе нас не хочуць бачыць, і мы адчуваем сябе нібыта акупанты. І таму мы кажам, што мы не хочам далей ваяваць. І таму мы маем патавую сітуацыю. (Размова перарываецца: Опа! Куля праляцела над самай галавой! Відаць, бачаць, што размаўляю — снайпер прыцэльваецца. Схаваюся за брус). Карацей, я за “Мінскія перамовы”. Хоць у якім фармаце, хоць з якімі бандытамі, але каб дасягнуць хоць нейкага кампрамісу і каб зберагчы жыцці людзей — гэта самае каштоўнае. (Размова перарываецца: Блін! Ізноў страляе — дастаў той снайпер!) Дык вось, я за перамовы. Няхай дамаўляюцца з Дайнегам, з Захарчанкам, але няхай нешта робяць. Вось, глядзіце, сёння хлопцы ходзяць і пасміхаюцца, снайпер шмаляе, а ім пофіг, і ўсё таму, што “арта” маўчыць — проста свята. (Размова перарываецца: Ну, зусім ўжо, гад, дастаў! Што ж ён усё па мне страляе? Пайду ў хованку — там можа сігнал зусім знікнуць) Для нас ужо плюс “Мінскім перамовам”, калі з-за іх нас гадзіну ці дзве “Градамі” не накрывае. А вось і “Грады” запрацавалі…

Сігнал знік…

А потым пачаўся паўтор мінулага дня:

От Петра Шуклинова:


— пишет командир группы ДРГ, боец Кировоградского спецназа из Донецкого аэропорта: "Насчет газа не совсем правда. Взяли кадыровцев. Будем колоть". Ещё: "С кадыровцев сорвали погоны, стоят на коленях и плачут". И ещё: "Мы на своей земле! Мы победим!".

От Бирюкова:


Во-первых, очень много дымовых гранат — сепары забросали густо, вытягивают туши своих погибших. Во-вторых, загорелся пластик обшивки внутри 1-го этажа, что добавило истерической вони. Информация по боевому отравляющему газу — неправда.
Потери: 1 — 200 / 11 — 300.

От Алекса Нойта  

ДАП. Отбили первый и второй этаж. Работают наши танки и арта.
Так что, не паникуем. Есть инфа, что наши расколотили недавно как минимум один танк и ЗУшку россиян. Арта накрыла подкрепление оккупантов в р-не Спартака. Вторая половина дня. Уничтоженные 2 БТР и 2 БПМ рашистов...Р-н н.п. Донецк, аэропорт Подразделение сводного ударного батальона МВД ЧР при выполнении боевой задачи "200" -12, "300" - 9 ТМН - 11

Фота: З архіва Юрыя Сямчука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі