Камбат Цецярук: Махаць кулакамі і раздаваць кухталі ў Радзе не збіраюся

Цалкам размову з камбатам "Міратворца" Андрэем Цецяруком можна паслухаць:

Еўрарадыё: Ці можна да вас і цяпер, пасля абрання дэпутатам Вярхоўнай Рады, звяртацца “камбат”?

Андрэй Цецярук: Пакуль можна: я цяпер у афіцыйным адпачынку, заяву на які напісаў як кандыдат у народныя дэпутаты 30 верасня. Днямі я выйду з адпачынку, каб скласці з сябе абавязкі камандзіра батальёна, перадаць іх свайму намесніку. Бо я не магу адначасова сядзець на двух крэслах — гэта не па законе.

Еўрарадыё: Вядома, што вам прапанавалі стаць кандыдатам у дэпутаты ад партыі “Народны фронт”. Але як гэта выглядала: ваюю сабе спакойна, сяджу ў акопе і раптам заходзяць Яцанюк з Авакавым (прэ’мер-міністр і міністр унутраных спраў Украіны — Еўрарадыё) і прапаноўваюць далучыцца да іх... ці ўсё адбывалася неяк інакш?

Андрэй Цецярук: Ну, я не сядзеў у акопах — гэта ўсё крыху ўтрыравана. Мы выходзілі з боем з акружэння пад Ілавайскам, дзе 5 сутак выконвалі баявую задачу па абароне ілавайскага чыгуначнага дэпо і пярэдняй лініі. Вырваліся мы адтуль з боем і ўжо ў Днепрапятроўскай дзяржабладміністрацыі мяне, камандзіраў “Данбаса” Сямёна Сяменчанку і “Дняпра” Юрыя Бярозу ўзнагароджвалі імянной зброяй. І менавіта ў гэты дзень нас запрасілі на размову да Арсена Авакава і Арсенія Яцанюка, дзе і прапанавалі ўзмацніць шэрагі партыі “Народны фронт”. Я ўзяў суткі, каб падумаць, даў у выніку згоду, актыўна падключыўся да гэтай дзейнасці і не шкадую ні пра што ні дня.

                                   Андрэй Цецярук, Сямён Сяменчанка, Юрый Бяроза

Еўрарадыё: А пакуль прапановы не было, то і думак пайсці ў палітыку не з’яўлялася?

Андрэй Цецярук: На момант камандзіроўкі ў Данецкую вобласць я не распыляўся на нейкія іншыя жыццёвыя пытанні. Галоўным для мяне было выкананне пастаўленай баявой задачы з захаваннем чалавечых жыццяў. Гэтым і пытаннямі забеспячэння свайго батальёна я займаўся 24 гадзіны на суткі і ў той момант менш за ўсё думаў пра нейкую іншую кар’еру. Сапраўды, я не ўяўляў сябе ў палітычнай барацьбе да таго, як усё ў нашай краіне пачало змяняцца, як мне паступіла гэтая прапанова ад лідараў “Народнага фронту”. Цяпер я бачу, што як змяняецца наша грамадства, так змяняюцца і нашы палітыкі. Я абсалютна свабодны ў сваіх выказваннях, сваіх учынках і дзеяннях і ў такой палітыцы гатовы сябе паспрабаваць. Як атрымаецца, наколькі я буду запатрабаваны ў палітыцы? Не ведаю, але прынамсі скарыстаю гэты шанец, каб узмацніць пазіцыі тых хлопцаў, што на перадавой, знаходзячыся ў тыле. Бо ў нас і сёння існуе праблема, што частка нашых дэпутатаў, які сядзелі ў Вярхоўнай Радзе, адкрыта прапаведавалі прарасійскую ідэалогію і падтрымлівалі сепаратызм. Што і прывяло да вайны. Таму я лічу цалкам нармальным крок, у выніку якога я буду ўзмацняць пазіцыі нашага простага парламентарыя сваімі дзеяннямі і ўчынкамі ў Радзе.

Еўрарадыё: З кім вы абмяркоўвалі прапанову Авакава і Яцанюка, якія за і супраць аргументы былі?

Андрэй Цецярук: Паколькі мы атрымалі гэтую прапанову ўтрох, то спачатку і абмяркоўвалі яе разам — з Сямёнам і Юрам. Мы разумелі, што павінныя разам зрабіць усё неабходнае, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Тое, што мы ўзялі ў рукі зброю, — першая частка гэтага дзеяння. Але значна лепш весці да міру мірнымі сродкамі. І таму наша размова зводзілася да таго, што мы будзем узаемадзейнічаць і дапамагаць адзін аднаму ў парламенце. А потым я адзін сядзеў у пакоі ў гатэлі і аналізаваў: што адбываецца, абстаноўку, ацэньваў свае сілы. Размаўляў сам з сабой, са сваякамі не раіўся. З гэтай думкай заснуў, а раніцай, калі адчуў, што маральна гатовы, даў згоду.

Еўрарадыё: Тым не менш ад гэтай прапановы той жа Сяменчанка адмовіўся і пайшоў у партыю львоўскага мэра Андрэя Садовага…

Андрэй Цецярук: Мы ўсе дарослыя людзі, са сваім меркаваннем. Я Сямёна вельмі паважаю, ён прыняў сваё рашэнне. Не было ж на нас ніякага ўціску: толькі ў гэтую партыю і больш нічога ў вас няма. Мяне, да прыкладу, запрашалі ў “Блок Пятра Парашэнкі”, у прыватнай размове прапаноўвалі падумаць пра тое, каб “узмацніць” “Радыкальную партыю” Ляшко. Кожны з нас меў права выбару і кожны гэтым правам скарыстаўся. Не думаю, што ў нас з Сямёнам будуць розныя мэты ў парламенце — тое, што ён у іншай партыі, не мае ніякага значэння. А сведчыць, што на нас ніхто не цісне і мы вольныя ў сваіх рашэннях.

Еўрарадыё: Але ж “палітыка — брудная справа”, “палітыкі — людзі без сумлення”… Не баіцеся ва ўсім гэтым палітычным брудзе запэцкацца?

Андрэй Цецярук: Тое ж можна казаць і пра ваенных, у любой галіне дзейнасці можна бачыць і пазітыў, і негатыў. На вайне можна казаць, што галоўнае не скаціцца да забойства дзеля забойства, не стаць “сабакам вайны”. Але такое здараецца, і потым такія “салдаты ўдачы” ездзяць па ўсім свеце і прапануюць свае паслугі, атрымліваюць кайф ад забойства іншага чалавека. Тое ж і тут: мы ведаем, што палітыка — брудная справа, але ведаем, што палітыка можа змяняць да лепшага лёс дзяржавы. Большасць тых, хто ў нас прыходзіць у парламент, ставіць сабе за мэту вырашэнне сваіх бізнес-інтарэсаў. І вельмі мала тых, хто прыходзіць са шчырай мэтай нешта змяніць. Але цяпер мы змяняем расстаноўку сіл, і большасць з тых, хто вырашаў свае бізнес-інтарэсы і прывёў нас да стану вайны, зараз будуць у меншасці, і мы пабачым змену сітуацыі ва Украіне. І ці атрымаецца мяне спакусіць грашыма, будзе бачна па маёй дзейнасці. Я чалавек самадастатковы і калі пасля сыходу на пенсію захацеў мець добры прыбытак, то заняўся бізнесам (у Вінніцы Андрэй Цецярук заснаваў “ПП Спецтэхніка”, якая спецыялізавалася на вырабе палівазапраўшчыкаў — Еўрарадыё). І калі я адчую, што палітыка мне не прыносіць кайфу і драйву, убачу, што не дасягаю сваіх мэтаў, то кіну ўсё і ізноў займуся бізнесам. Не бачу тут праблем.

Еўрарадыё: Склалі планы: што найперш будзеце рабіць, чаго дабівацца як дэпутат?

Андрэй Цецярук: Якімі будуць нашы першыя крокі ў парламенце, цяпер распісваюць у штабе партыі. Галоўнае — мы распрацоўваем законапраект “Аб зменах ваеннай дактрыны і рэформах ва ўзброеных сілах”. Шмат залежыць ад таго, як будзе сфармаваная кааліцыя. Адна справа, калі міністр абароны і дэпутаты ўваходзяць у сілавы блок і мы можам гэта змяняць адной камандай, і іншае — калі мы будзем траціць час на ўзгадненні і пераконванні ў неабходнасці гэтых рэформ. Цяпер ідуць перамовы, і шмат будзе залежаць ад таго, як нашы лідары дамовяцца: хто будзе якія ведамствы кантраляваць. Я лічу, што трэба ставіць вузкіх спецыялістаў, профі ў сваёй справе, а не даверанай асобай. Бо былы міністр Гелетэй быў даверанай асобай прэзідэнта, але відавочна слабым спецыялістам, і гэта прывяло да катастрафічнага пагаршэння сітуацыі. Я хацеў бы займацца сілавым блокам, але не супраць займацца і іншымі кірункамі — дзіцячы спорт, медыцына, сацыяльныя гарантыі параненым. Галоўнае, каб была карысць ад мяне — буду падтрымліваць усё, што будзе паляпшаць сітуацыю ў краіне.

Еўрарадыё: Вы неаднаразова казалі, што вам, прапануючы далучыцца да “Народнага фронту”, ніякіх умоў не ставілі, а ці ставілі вы нейкія свае ўмовы?

Андрэй Цецярук: Мы бачым, што робяць людзі ў “Народным фронце”, яны бачаць, што раблю я. Практычна мы былі аднадумцамі і ішлі да адной мэты. Адно я быў камандзірам батальёна добраахвотнікаў, а яны ўваходзілі ў склад палітычнай улады. Я рабіў неабходныя краіне рэчы на фронце, яны — у палітыцы. І таму не было ніякіх ультыматумаў ні з аднаго боку. Я буду толькі спрабаваць свае сілы ў палітыцы. І калі пабачу, што ўпісваюся ў працу, тады буду спрабаваць сілы ў тым, каб патрабаваць нейкіх зменаў. Цяпер я бачу, што мне даюць магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял — што яшчэ трэба? Людзі задаволеныя маёй працай, я задаволены працай каманды, і няма сэнсу ставіць дадатковых умоў.

Еўрарадыё: Вы, можа, усім і задаволеныя, а вось шмат хто казаў: “А хто будзе ваяваць, калі камбаты ў Раду пойдуць?!” І як да вашага рашэння паставіліся ў батальёне?

Андрэй Цецярук: Гэтыя воклічы — панічныя закіды тых, хто баіцца прыходу сумленных людзей у Вярхоўную Раду. Незаменных людзей не бывае: сышлі “прафесіяналы”, якія прадстаўлялі камуністаў і Партыю рэгіёнаў з парламента, і неба на зямлю не ўпала, а гэтая Рада, я лічу, будзе больш прадуктыўнай і прафесійнай. Дый лепш пацярпець некалькі месяцаў непрафесіяналізм новых палітыкаў — яны навучацца, чым цярпець бясконцы сабатаж вопытных профі. А што кажуць, што я кінуў батальён — нічога такога! І ўсё дзякуючы таму, што там адзінаначалле: сышоў з пасады камандзіра батальёна палкоўнік Пятроў — пачаў абавязкі камбата выконваць яго намеснік. У войску няма, як у палітычных партыях, імянных пасад. Камусьці падабалася са мной служыць, а камусьці не. І гэта права выбару: каму не падабалася — тыя пісалі заявы і сыходзілі. Ці я кагосьці выганяў за нягодныя паводзіны. Але месца маё не толькі не застанецца незанятым, а наадварот — добра, што я даю магчымасць больш маладым камандзірам рэалізавацца! А я іду ў палітыку, каб там рэалізоўваць свае таленты — гэта нармальнае жыццё.

Еўрарадыё: Не плануеце працягнуць слаўную традыцыю ўкраінскіх парламентарыяў — раздачу кухталёў калегам-апанентам? Відавочна, там будуць і тыя, каму рукі так і свярбяць даць “ляшча” — днямі вы з Сяменчанкам ледзь не надавалі кухталёў Ляшко проста ў жывым эфіры ў Савіка Шустара…

Андрэй Цецярук: Не, планаў такіх ужо сёння няма! Спадзяюся, і надалей патрэбы ў гэтым не ўзнікне. Што да Ляшко, то на яго ў мяне вельмі спакойная рэакцыя — ён усё ж такі выбачыўся за падман выбаршчыкаў і за фэйкавы франтавы “двіжняк”.

Еўрарадыё: Эксперты даюць гэтай Вярхоўнай Радзе год, максімум два на існаванне. А ваш прагноз?

Андрэй Цецярук: Эксперты, як і сіноптыкі, памыляюцца адзін раз, але кожны дзень. Спачатку эксперты не давалі шанцаў на перамогу “Народнаму фронту”, а цяпер знаходзяць нейкія тупыя тлумачэнні таму, што адбылося наадварот. Усе іх экспертныя выказванні — сродак адпрацаваць грошы, якія яны атрымліваюць ад грантавых арганізацый. Я лічу, што наша Рада будзе значна больш пісьменная ў сваіх учынках і дзеяннях. Я скіраваны на плённую працу цягам усяго тэрміну, які ёй адведзены па законе.

Еўрарадыё: Апішыце сваё бачанне сённяшняй сітуацыі на Данбасе.

Андрэй Цецярук: Вельмі складаная, і мы бачым, што пазіцыі тэрарыстаў пастаянна ўзмацняюцца расійскім бокам — ідзе нарошчванне ваеннага патэнцыялу. З якой мэтай гэта робіцца, калі Расія кажа пра мір? Калі яны кажуць пра мір, але рыхтуюцца да вайны, то тут ёсць пэўная крывадушнасць. І гэта не можа не насцярожваць і мяне як камандзіра батальёна, і людзей, што знаходзяцца на перадавой. Вельмі спадзяюся, што гэта завершыцца бразганнем зброяй, бо і расійскі бок нясе вялікі страты. Але эскалацыя адбываецца: то 20 танкаў заедзе з РФ, то 50. Зразумела, што ў маштабах групоўкі гэта не ўварванне войскаў, але гэта сведчыць, што яны трымаюць руку на пульсе, падтрымліваюць тэрарыстаў. Яны спрабуюць наводзіць парадак у асяродку груповак тэрарыстаў, працуюць спецслужбы — Расія мае намер захоўваць там вялую эскалацыю.

Еўрарадыё: Чуваць заклікі адрэзаць ад Украіны хворы на вірус сепаратызму Данбас і пачаць будаваць нармальную дзяржаву, аб’яднаную агульнай ідэяй. Ваша меркаванне?

Андрэй Цецярук: Вас у руку ўкусіў шэршань, і пачалося заражэнне. Усе вакол крычаць: “Ды адсячы руку, і ўсё будзе добра”. Але ёсць магчымасць зняць боль лекамі, можна вылекаваць руку нават без хірургічнага ўмяшальніцтва. Вы які варыянт выбераце? Калі размова тычыцца сябе любімага, то ўсе разумеюць, што трэба рабіць усё магчымае, каб усё засталося так, як было да хваробы. Так, людзі павяліся на прапаганду і захацелі жыць у Расіі, але з іншага боку, гэта нашы людзі, трэба разумець сітуацыю, у якой яны апынуліся, і больш праводзіць тлумачальнай працы. Так, нават перажыўшы паўгода вайны, людзі галасуюць за “Апазіцыйны блок”,  палітыкі з якога і давялі да гэтай вайны. Значыцца, нам трэба больш тлумачыць, чаму неабходна рухацца ў бок ЕС, чаму мы павінныя будаваць зусім іншыя адносіны з Расіяй, чым у нас былі дагэтуль.

Еўрарадыё: І чым, на вашу думку, канфлікт у выніку завершыцца?

Андрэй Цецярук: Канфлікт будзе лакалізаваны, любая вайна заканчваецца, і ўсе тэрыторыі, якія былі ў нас на момант абвяшчэння незалежнасці, будуць ізноў пад украінскай уладай. Канечне, потым трэба будзе праводзіць пісьменную і акуратную палітыку што да гэтых тэрыторый. Усё у нас атрымаецца, галоўнае не апускаць рукі.

Еўрарадыё: Расійскае тэлебачанне паказвае ўкраінскую армію, добраахвотнікаў як забойцаў-бандэраўцаў, якія распінаюць дзяцей, жылыя дамы расстрэльваюць. Колькі вы і ваш батальён такіх жахлівых злачынстваў здзейснілі?

Андрэй Цецярук: Расказаць, як я стаў Дракулам? А па шчырасці, я нават не хачу каментаваць відавочную хлусню. Яны вядуць не толькі фізічную вайну з дапамогай зброі, але і ідэалагічную, з дапамогай СМІ. Прычым дзейнічаюць па прынцыпе “чым больш цынічная і нахабная хлусня, тым хутчэй ёй павераць”. Апошнія 23 гады мы жылі рознымі краінамі: Беларусь развівалася сваім шляхам, Украіна — сваім, РФ — сваім. Але мы былі сябрамі і партнёрамі з цеснымі духоўнымі сувязямі. І раптам украінцы робяцца фашыстамі, бандэраўцамі, крывасмокамі. А чаму не беларусы? Заўтра пачнуць гаварыць, што тут злачынствы ўчынялі пераапранутыя беларусы, і ўсе будуць і гэтаму верыць?

Калі быў гэты “распяты дзіцёнак”, мае падраздзяленне было ў Славянску. І жыхары бегалі і шукалі, дзе ж тут той распяты дзіцёнак. Ну, нейкая жанчына ўзяла гэтыя 33 срэбранікі і нагаварыла гэтую гадасць, але як ёй жыць далей з гэтай хлуснёй, з разуменнем, што яна распальвае нянавісць аднаго народа да другога? Гэта вельмі страшна, на энергетычным узроўні людзі сябе знішчаюць.

Еўрарадыё: А відавочцам злачынных дзеянняў іншага боку вы былі?

Андрэй Цецярук: Мы наводзілі парадак на тэрыторыях, занятых тэрарыстамі. І нам людзі мясцовыя распавядалі, як тых, хто падтрымліваў Украіну, расстрэльвалі, растваралі ў кіслаце ў Дзяржынску — казалі пра такія рэчы, ад якіх нават у нас, ваенных, валасы дыбарам станавіліся. Мы гэта ўсё дакументавалі, і калі гэтыя злачынцы не загінуць падчас баёў, яны абавязкова будуць адказваць за зробленае. У групоўкі тэрарыстаў уваходзяць розныя крымінальнікі, наркаманы — маральна нізкія людзі. І народ гэта ўсё бачыць. Калі ў жылых кварталах ставяць для абстрэлу ўкраінскіх пазіцый артылерыю, а потым у адказ на абстрэл прылятае снарад і разбурае дом, то не Украіна вінаватая, а той гаспадар, які дазволіў, каб абстрэл вялі з яго агарода. Шмат злачынстваў, якія патрабуюць сур’ёзнага разбіральніцтва і якія сведчаць, што не ўсё так проста… Вайна — самая жахлівая і самая бязлітасная падзея ў жыцці любой дзяржавы.

Еўрарадыё: Калі вы ўжо згадалі Беларусь і беларусаў: ці ёсць яны ў вашым батальёне і як вы ацэньваеце магчымасць небяспечнасць “беларускага кірунку”?

Андрэй Цецярук: Мы павінныя разумець, што Расія будзе выкарыстоўваць усе магчымыя метады. Ваш прэзідэнт пры ўсёй сваёй палітычнай гнуткасці дастаткова цвёрды ў пытаннях нацыянальнай самасвядомасці народа, ён падтрымлівае цэласнасць Украіны. Не думаю, што ён хоча стаць саўдзельнікам генацыду народа — калі будзе аб’яднанне беларусаў і расіян у знішчэнні Украіны. Не думаю, што ён створыць умовы для таго, каб расіяне беспакарана выкарыстоўвалі беларускую зямлю для агрэсіі да Украіны — гэта малаверагодна. Што да беларусаў, то іх у мяне не было: у мяне ў батальёне практычна ўсе былі альбо дзейныя супрацоўнікі міліцыі, альбо міліцыянеры на пенсіі. Не, цалкам магчыма, што беларусы па нацыянальнасці былі, але такога, каб беларус прыехаў з Беларусі і стаў байцом майго батальёна, не было. Калі ў іншых батальёнаў маглі і грамадзяне іншых краін змагацца за Украіну, то ў мяне — толькі грамадзяне Украіны.

Еўрарадыё: Дарадца прэзідэнта ў інтэрв'ю Еўрарадыё Юрый Бірукоў выказаўся за тое, каб батальёны добраахвотнікаў увесці ў склад, а то і раскідаць па розных частках рэгулярнай арміі — як вы ставіцеся за гэтага?

Андрэй Цецярук: Акурат на прыкладзе б добраахвотнікаў мы бачым найбольш правільныя і рашучыя дзеянні людзей. А вось у частках Міністэрства абароны бачым няўмелае прымяненне сіл, сродкаў і ўсяго таго, што звязана з ваенным мастацтвам. Няхай Бірукоў у генералітэце наводзіць парадак, а батальёны добраахвотнікаў з’яўляюцца ідэалагічным стрыжнем, вакол якога фармуецца змаганне з агрэсарам. У адрозненне ад арміі, нашы батальёны напоўненыя і камандзірамі прафесійнымі, у нас няма практыкі закідвання трупамі перадавой, што прысутнічае ў дубаломных рашэннях ваенных камандзіраў.

Еўрарадыё: Да гэтага часу ніхто не пакараны за “Ілавайскую трагедыю”, і нават расследаванне яе прычын не завершанае. Як дэпутат будзе сачыць за вынікам гэтай гісторыі?

Андрэй Цецярук: Я спадзяюся, што ў мяне хопіць маральных сіл дамагчыся завяршэння расследавання. І я буду ўважліва сачыць за працай парламенцкай камісіі па гэтым пытанні. Зразумела, я буду імкнуцца, каб вінаватыя былі пакараныя.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да версіі, што пад Ілавайскам адмыслова сабралі знакавых камандзіраў батальёнаў добраахвотнікаў, каб там ад іх пазбавіцца?

Андрэй Цецярук: Я не прыхільнік тэорый змовы, але такая версія сапраўды існуе і сапраўды вельмі дзіўна, што пяць знакавых батальёнаў сабраліся  адным месцы і былі акружаныя двайным кальцом. Размовы былі пра тое, што “мы можам выпусціць тых, хто пад прыказам, але ідэйныя мусяць застацца”. Толькі гэта вельмі складанае пытанне, каб я мог некага беспадстаўна абвінавачваць — у мяне занадта мала доказаў. Інакш шмат у чым давялося б расчаравацца, і я пакуль не гатовы прымаць нейкія рашэнні. Трэба больш інфармацыі, каб разумець, што адбылося.

Еўрарадыё: Але вы паставілі пытальнік насупраць пэўных прозвішчаў?

Андрэй Цецярук: Так, пасля доўгіх разваг у мяне ўзніклі пэўныя пытанні да канкрэтных людзей.

Фота: з архіва Андрэя Цяцерука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі