Золатавалютны рэзерв Беларусь узяла ў крэдыт

Як падлічыла Еўрарадыё, у 2013-14 гадах краіна пачне разлічвацца па самых вялікіх пазыках. Але ўжо сёння мы аддаем 228 мільёнаў долараў на пагашэнне дзяржаўных крэдытаў. Толькі сёлета Беларусь атрымала тры крэдыты: расійскі, венесуэльскі і ад Міжнароднага валютнага фонду. Па дадзеных Нацбанка, сукупны знешні доўг на 1 студзеня склаў амаль 15 мільярдаў долараў. Дзяржаўны доўг з гэтай сумы каля 3,6 мільярдаў долараў. Эканаміст Сяргей Чалы гаворыць, што гэтыя дадзеныя састарэлі — доўг ужо ў паўтара разы больш!

Сяргей Чалы: “На 1 сакавіка знешні дзяржаўны доўг склаў 4,5 мільярды долараў. Пасля яшчэ прыйшло ад Расіі 500 мільёнаў, таму зараз сума доўга складае каля 5 мільярдаў”.

Як даведалася Еўрарадыё, у бюджэце на пагашэнне дзяржаўных крэдытаў сёлета прадугледжана 288 мільёнаў долараў. І гэта мы не пачыналі разлічвацца па самых вялікіх крэдытах!

Загадчык Галоўнага упраўлення міжнародных фінансавых адносін і дзяржаўнага доўга пры Міністэрстве фінансаў Вадзім Місюкавец кажа, што ніякіх праблем з выплатай па даўгах няма:

Вадзім Місюкавец: “Вызначаны максімальны памер доўга — на дадзены момант гэта 6 мільярдаў долараў. Колькі трэба, столькі будзем выплачваць”.

Па словах Сяргея Чалага, расійскія крэдыты мы атрымоўваем па льготных умовах: тэрмінам на 15 гадоў, але выплаты па ім пачнуцца толькі праз 5 гадоў. То бок недзе ў 2014 годзе. А вось выплаты па раней атрыманым расійскім крэдытам пачнуцца недзе праз тры гады — у 2012-м.

Сяргей Чалы: “Прыкладна ў 2012-2013 годзе павінны паступіць першыя плацяжы па расійскіх крэдытах”.

Крэдыт ад МВФ пералічваецца па частках на працягу 1,5 года, бо гэта грошы пад канкрэтную праграму ўрада. МВФ хоча прасачыць, як яна будзе выконвацца. Потым у нашай краіны будзе яшчэ 3,5 гады, каб вярнуць МВФ пазыку. Гэта таксама 2013-2014 гады.

Пакуль жа большую частку знешняй запазычанасці складаюць кароткатэрміновыя крэдыты камерцыйнага сектара. Гэта каля 10,7 мільярдаў долараў — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Такіх грошай у нас няма, таму банкі ды прадпрыемствы чакаюць праблемы:

Яраслаў Раманчук: “Многія нашы юрыдычныя асобы, банкі, камерцыйныя прадпрыемствы сутыкнуцца з тэхнічным дэфолтам, таму што разлічыцца з крэдытамі пры зніжэнні экспарту ўдвая будзе вельмі цяжка. Гэта будзе можа ўвосень, у залежнасці ад даўгоў, але напэўна ў гэтым годзе”.

Сяргей Чалы кажа, што галоўная праблема не ў тым, што мы шмат пазычаем, а ў тым, што шмат “праядаем”. Дзяржава траціць больш валюты, чым зарабляе.З-за гэтага дзірка ў плацежным балансе, якую па словах Сяргея Чалага мы закрывалі з золатавалютных запасаў. А крэдыты выкарыстоўвалі для падтрымкі валютнага курса. Такім чынам, золатавалютны рэзерв паступова скарачаўся. Каб яго папоўніць, пачалі выкарыстоўваць крэдытныя грошы.

Сяргей Чалы: “У красавіку было каля 3,4 мільярдаў, але справа ў тым, што фактычна ўсё гэта крэдытныя грошы”.

Эканамісты кажуць, што можна і далей браць замежныя крэдыты, толькі ахвотнікаў пазычаць грошы будзе станавіцца ўсё менш. Нават сёння нашы крэдыторы гавораць, што Беларусь і так зашмат напазычала.