Вы тут

Зніжкі "дармаедам" на рамонт тэхнікі, шынамантаж, аўташколу, футбол і сноўборды

"Ліст шчасця" з падатковай можа вам яшчэ спатрэбіцца

"Лісты шчасця" аб аплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў атрымалі 470 тысяч беларусаў — "дармаедаў". Згодна з Дэкрэтам прэзідэнта №3 "аб дармаедах", аплаціць збор трэба было да 20 лютага, але гэта зрабілі 54 тысячы чалавек. Некаторыя "дармаеды" на мітынгах публічна знішчылі свае "лісты шчасця", а дарма! З імі можна атрымаць зніжкі да 30%. Такія рэкламныя аб’явы працягваюць з’яўляцца ў Беларусі.

 

Зніжка на камп’ютарныя паслугі

Такі "флаер" атрымала жыхарка Магілёва Таццяна ў паштовую скрыню. Зніжка 30% на рамонт камп'ютараў уладальнікам ліста з падатковай.

Зніжка 20% на сноўборды

Такі ж маркетынгавы ход зрабіла і мінская крама сноўбордаў. Прад’яўляеш ліст з падатковай, і атрымліваеш зніжку 20%. Такой зніжкай ніхто з "дармаедаў" не скарыстаўся. Відаць, няма ў людзей грошай, адказваюць у краме.

Шынамантаж

Адразу ідэю падтрымаў шынамантаж з Гродна, які аб’явіў 20-працэнтную зніжку на свае паслугі па працоўных днях для ўладальнікаў лістоў шчасця. Праўда, і тут дагэтуль ніхто не скарыстаўся зніжкай. Гарадзенскія "кіроўцы-дармаеды", вы дзе?

Ламбард

Мінскі ламбард даваў зніжку 20% для "дармаедаў", праўда толькі да канца лютага. Як распавялі Еўрарадыё ў ламбардзе, зніжкай ніхто не скарыстаўся. Таму і працягваць акцыю яны пакуль не плануюць. Ну вы ж памятаеце: каб прадаць нешта непатрэбнае, трэба спачатку набыць нешта непатрэбнае. Відаць, няма чаго "дармаедам" ужо здаваць у ламбард.

Абанемент на "Крумкачы"

Футбольны клуб "Крумкачы" абяцяе зніжку 10% на абанемент на свае матчы.

Зніжка на аўташколу

Віцебская аўташкола дае зніжку 20 рублёў усім "дармаедам". Яна мае філіял таксама ў Оршы, таму зніжкай могуць скарыстацца і аршанскія "дармаеды".