Жыхароў Бабруйскага раёна просяць дапамагчы знайсці метэарыт
![Перад уваходам у атмасферу метэарыт важыў 1,5 тоны](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-05/2222222.jpg.webp?itok=f45vqc1I)
Перад уваходам у атмасферу метэарыт важыў 1,5 тоны / tribunapracy.by
Жыхароў Бабруйскага раёна просяць дапамагчы знайсці фрагменты метэарыта, які ўпаў уначы 1 траўня, піша "Трыбуна працы". Яркі вогненны шар зафіксавалі на паўднёвы ўсход ад Мінска. Мяркуецца, што перад уваходам у атмасферу метэарыт важыў 1,5 тоны.
У Мінскім планетарыі кажуць, што разлічана прыблізная тэрыторыя, дзе маглі ўпасці фрагменты метэарыта. Сіламі аматараў астраноміі і валанцёраў ужо праведзены першыя пошукі, якія пакуль не мелі поспеху. Падчас пошукаў выкарыстоўваліся спецыяльныя магніты.
Мяркуецца, што фрагменты метэарыта могуць знаходзіцца каля вёсак Вербкі, Раксалянка, Ізюмава і Пад'ясенка Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Спецыялісты просяць жыхароў гэтых населеных пунктаў звяртаць увагу на незвычайныя камяні розных памераў, якія ляжаць на паверхні. Метэарыт можа мець чорную абвугленую скарынку з расколінамі і сколамі, чорную аплаўленую матавую паверхню або карычневы ржава-буры колер.
Камень з космасу атрымае назву бліжэйшага населенага пункта ад месца першых знаходак. Ён можа стаць шостым вядомым метэарытам на тэрыторыі Беларусі.
![Жыхароў Бабруйскага раёна просяць дапамагчы знайсці метэарыт](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/333_34.jpg.webp?itok=NC-_8GIi)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.