Жыхары Замбіі памаліліся, каб вырас курс нацыянальнай валюты

У нядзелю ва ўсіх цэрквах Замбіі жыхары краіны маліліся пра аднаўленне эканомікі краіны і хуткі выхад з крызісу, перадае BBC.

Прэзідэнт Замбіі Эдгар Лунгу падзякаваў суайчыннікам за малітву і заявіў, што Бог пачуў іх просьбу аб дапамозе. Лунгу заклікаў жыхароў пастарацца зрабіць усё магчымае для паляпшэння сітуацыі, а ў астатнім спадзявацца на Божую волю.

У дзень малітвы ў Замбіі былі зачыненыя ўсе бары, начныя клубы ды іншыя забаўляльныя ўстановы. Таксама былі адмененыя матчы нацыянальнай футбольнай асацыяцыі.

Ад пачатку года нацыянальная валюта краіны — замбійская квача — патаннела ў адносінах да даляра амаль на 50%. Гэта адбывалася на фоне рэзкага падзення коштаў на медзь, якая складае аснову экспарту Замбіі.

Акрамя таго, краіна перажывае наступствы моцнай засухі. Праз адсутнасць дажджоў ураджай кукурузы апынуўся менш, чым спадзяваліся, а гэта прывяло да росту коштаў на прадукты. Таксама мясцовыя ГЭС скарацілі выпрацоўку электраэнергіі, што прывяло да масавых адключэнняў святла па ўсёй краіне.

Фота: Getty