Жыхар Гомеля прадаваў алкаголь праз сацыяльную сетку
Міліцыянеры канфіскавалі 51 бутэльку элітных напояў.
Гомельскія праваахоўнікі выявілі продаж элітнага алкаголю праз вядомую сацыяльную сетку. 22-гадовы жыхар горада стварыў там суполку, апублікаваў фотаздымкі і прайс. Патэнцыйных пакупнікоў прадавец запэўніваў, што тавар з Расіі і што ён мае адпаведныя акцызы.
Як інфармуе прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці, першыя ўдзячныя водгукі ад пакупнікоў з’явіліся ўжо праз некалькі дзён. У суполцы было 29 падпішчыкаў, калі ёй зацікавіліся праваахоўнікі. Яны вызначылі асобу, месца жыхарства гандляра і прыехалі да яго з праверкай.
51 бутэлька (45,7 літраў) спіртнога замежнай вытворчасці з небеларускімі акцызамі была канфіскавана. Сярод іх — каньяк “Hennessy” і “Старейшина”, тэкіла “Olmega”, віскі “Black Label”, “Jack Daniel’s”, “Red Label”, ром “Bacardi”, ірландскі віскі “Jameson”. Агульны кошт элітнага алкаголя склаў 23,5 мільёны рублёў.
У адносінах да прадаўца складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф — да 18 млн рублёў.
Як паведамляла Еўрарадыё, днямі ў гомельскага калекцыянера алкаголю канфіскавалі калекцыю з 178 бутэлек. Яе ён сабраў дзякуючы сваім пацыентам.
Фота: uvd.gomel.by