Жыццё за заслонай: гісторыя нямецкай сям'і, якую падзяліла Берлінская сцяна

"Берлінская сцяна разрэзала сям'ю напалову" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Берлінская сцяна разрэзала сям'ю напалову" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Доктар навук Марціна Вейраўх нарадзілася і ўсё жыццё жыла ва Усходнім Берліне. Яна памятае дзень, калі краіну падзялілі Берлінскай сцяной, — і гэтак жа добра памятае, як сцяна абрынулася.

У гутарцы з Еўрарадыё яна распавяла, якім было жыццё ў ГДР паміж двума гэтымі падзеямі. Мы распыталі Марціну не аб палітыцы ўрада ГДР. А пра тое, што было на стале ва ўсходніх немцаў, якія кнігі хацелася займець асабліва моцна і чаму заходнія немцы ўздрыгвалі, калі чулі гук тэлефоннага званка з усходу.
 

"Мы глядзелі навіны і даведаліся: пабудавалі сцяну"

Берлінскую сцяну пачалі ўзводзіць, калі Марціне Вейраўх было тры гады. І ўсё ж яна добра памятае дзень, калі па тэлевізары сказалі, што краіну, горад і сем'і падзеляць сцяной.

Жизнь за занавесом: история немецкой семьи, которую разделила Берлинская стена
Марціна Вейраўх / Еўрарадыё

Я сапраўды ўсё вельмі добра памятаю. Наша сям'я сядзела ў кватэры бабулі і дзядулі. Тады, у 1961 годзе, у бабулі і дзядулі ўжо быў тэлевізар. Гэта была вялікая рэдкасць.

Уся сям'я глядзела вячэрнія навіны — так як мы жылі ў Берліне, мы маглі глядзець заходнія перадачы. Калі стала зразумела, што будзе пабудавана сцяна, мае бацькі вельмі спалохаліся. Яны думалі, што пачнецца вайна, што мы павінны з'ехаць з Берліна да бацькавых бацькоў, якія жылі ў Саксоніі. Гэта была шакавальная навіна, і я вельмі добра памятаю гэтую сітуацыю з дзяцінства!

Праз некалькі гадоў, калі Марціне споўнілася 11 гадоў, ва ўсходняй частцы Берліна пабудавалі высокую тэлевежу. Разам з бацькамі яна паднялася наверх, каб паглядзець зверху на Заходні Берлін і даведацца, дзе жыве яе цётка.

Жизнь за занавесом: история немецкой семьи, которую разделила Берлинская стена
Тэлевежа ва Усходнім Берліне / Еўрарадыё

Мы размаўляем з Марцінай у яе кватэры ва Усходнім Берліне. У пакоі — высокая кніжная шафа. Верхнія паліцы займаюць энцыклапедыі Бракгаўза — гэта шматтомная серыя, якая выдаецца ў Германіі з XIX стагоддзя. Гэтыя кнігі — першае, што купіла Марціна ў Заходнім Берліне пасля падзення сцяны.

Так, на гэтыя кнігі давялося збіраць — але затое можна было прынамсі атрымаць магчымасць купіць любую. Усходнія немцы не маглі дазволіць сабе такой раскошы.
 

Што такое "Палац слёз"?

Ад заканчэння вайны і да 1961 года, калі была пабудавана сцяна, з ГДР на захад з'ехала 3 мільёны чалавек — з 18 мільёнаў. І нават пасля таго, як горад і краіну падзялілі сцяной, людзі працягвалі ўцякаць — часам спроба ўцёкаў каштавала ім жыцця.

Але проста паехаць у Заходні Берлін у госці да сваякоў пасля будаўніцтва сцяны стала канчаткова немагчыма. А вось заходнія немцы маглі лёгка ездзіць ва ўсходні Берлін, таму на святы сем'і ўсё ж збіраліся разам, распавядае Марціна.

Напрыклад, калі ў мяне і ў маёй сястры-блізняці было першае прычасце — гэта было вялікае свята — усе сваякі, усе сябры маіх бацькоў, у тым ліку з Заходняй Нямеччыны, прыехалі да нас у госці.

Цікава, што ніхто не павінен быў ведаць, што мы адкладалі грошы тыднямі, каб аплаціць гэтае вялікае свята. Тое, што можна было лёгка купіць у Заходняй Германіі, было вельмі складана дастаць ва Усходняй.

І заходнія немцы заўсёды казалі: так добра, як на ўсходзе, мы дома не ядзім!

Жизнь за занавесом: история немецкой семьи, которую разделила Берлинская стена
Герб ГДР / Marc Ben Fatma

Калі ўся сям'я збіралася разам, гэта не заўсёды сканчалася мірным застоллем. Заходнія сваякі пачыналі абмяркоўваць, у якіх падарожжах пабывалі і колькі чалавек дапамагае ім па гаспадарцы — сваякі Марціны была даволі заможныя нават "па заходніх мерках".

— І часам пачыналіся звадкі. А мая мама бегала паміж сталамі і прасіла — не сварыцеся, не сварыцеся! Мы ўсе за мір!

А потым прыходзіў час развітвацца — заходнія немцы мусілі вяртацца дадому. Самае драматычнае месца, звязанае з гадамі існавання Берлінскай сцяны, — "Палац слёз". Менавіта тут развітваліся многія сем'і. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца музей раздзеленай Германіі.

Марціна кажа, што яе бацькі развітваліся там са сваякамі. Асабліва журлівай была гісторыя з бабуляй Марціны, якая яшчэ да будаўніцтва сцяны пераехала ў Заходнюю Нямеччыну, у горад Гесэн. Яна не магла прыязджаць часта, і таму кожнае развітанне было асабліва балючым.

Жизнь за занавесом: история немецкой семьи, которую разделила Берлинская стена
Марціна Вейраўх і яе муж, аўтар дакументальнай літаратуры Томас Вейраўх / Еўрарадыё

Сама Марціна ў дзяцінстве ні разу не была ў «Палацы слёз». Бацькі бераглі дзяцей і не бралі іх з сабой у гэтае месца.

Паказная "гісторыя поспеху"

Марціна кажа, што заходнія немцы нярэдка хацелі паказаць усходнім "гісторыю поспеху". Нават калі асаблівага поспеху і не было. Прыязджаючы ў госці на ўсход, заходнія немцы прывозілі неверагодныя падарункі, каб паказаць недасягальны ўзровень жыцця.

Заходнія немцы спрабавалі ствараць прыдуманы свет, каб паказаць сябе ў лепшым святле. Калі сцяна ўпала, аказалася, што многія жывуць самым звычайнай жыццём. Пра гэтыя гісторыі мала хто кажа.
 

Часам лепш, калі не тэлефануюць

Падзеленыя сем'і падтрымлівалі сувязь праз лісты. А тэлефонных званкоў баяліся.

Усходнім немцам тэлефонныя размовы каштавалі дорага. Але можна было тэлефанаваць на станцыю і заказваць размову з Заходняй Германіяй, якую аплочваў прымаючы бок. Але сувязь была настолькі дрэнная, што даводзілася крычаць у тэлефонную трубку.

І добра, калі дома быў тэлефон, як у нашай сям'і. Але многім даводзілася тэлефанаваць ад суседзяў. І ўявіце гэтую сітуацыю: ты тэлефануеш ад суседзяў, крычыш у трубку! Таму тэлефанавалі зрэдку і па асаблівых выпадках. Нярэдка — калі ў сям'і здарылася гора.
 

Сцяну "прабілі"

У ГДР будавалі сацыялізм, вось толькі сапраўднай роўнасці так і не атрымалася, кажа Марціна. Напрыклад, не для ўсіх сцяна стала непераадольнай перашкодай. Мастакі, да прыкладу, маглі выязджаць на захад.

— Сацыялістычная партыя дазваляла мастакам атрымліваць візу ў Заходнюю Германію. Яны працавалі ў Заходнім Берліне, а жылі — ва Усходнім. Некаторыя навукоўцы таксама маглі атрымаць візы і працаваць, напрыклад, у Вялікай дзяржаўнай бібліятэцы Заходняга Берліна.

Гэта значыць, сцяну ўсё ж "прабілі". І ў ГДР было пастаяннае нераўнапраўе.

Дарэчы, апазіцыя, якая змагалася з уладамі ГДР, не заўсёды добразычліва ставілася да людзей, якія спрабавалі збегчы на захад.

— Апазіцыянеры ўспрымалі як "здраду", калі іх паплечнікі падавалі заявы на выезд і адпраўляліся на Захад. Таму што яны казалі: "Нам тут патрэбныя ўсе, хто выступае супраць дыктатуры". Яны не думалі пра тое, што з'ехаць з краіны — гэта адно з правоў чалавека. Так што гэта выклікала розныя пачуцці. У людзей у грудзях білася як быццам некалькі сэрцаў.
 

А потым сцяна ўпала

 

Ну, цяпер нам трэба яшчэ тры гадзіны, каб пра гэта расказаць! — кажа Марціна, калі мы просім расказаць яе пра той дзень, калі ўпала Берлінская сцяна.

Марціна ўспамінае, як пачула па тэлевізары словы нямецкага журналіста Гюнтэра Шабоўскага — маўляў, тыя, хто хоча з'ехаць у Заходнюю Германію, цяпер могуць спакойна гэта зрабіць.

История Берлинской стены в трёх минутах

— Мы не хацелі з'язджаць, гэта для нас было вырашана. А потым пазванілі ў дзверы. Я жыла ў 4-павярховым доме, па тры кватэры на паверсе — усяго 12 сем'яў з дзецьмі. У дзверы званілі суседзі. Яны сказалі: "Сцяна ўсё, мы ідзем на захад".

Але я сказала: "Не. Тыя, хто хоча з'ехаць з краіны назаўсёды, могуць ехаць, але астатнія — не!" Суседзі кажуць: "Ды не ж, мы ўсе цяпер пойдзем на захад". Я ім: "А што будзе з дзецьмі? Вы ж не зможаце вярнуцца!" А яны: "Ды не, мы вернемся". Я іх пераконваю: "Не, вы не вернецеся".

Дзеці спалі  — у нас на ўсходзе было цалкам нармальна, калі дзеці застаюцца адны дома. І потым усе суседзі аддалі мне ключы, і я сядзела, рыдаючы перад тэлевізарам, глядзела, як бурыцца сцяна, а ў мяне на каленях ляжалі ключы ад усяго дома. Я баялася, што яны ніколі ўжо не змогуць вярнуцца, і я цяпер нясу адказнасць за ўсіх дзяцей у доме! І ў той вечар засталася дома.

А ўжо праз тры дні Марціна сустрэлася са сваім дзядзькам у Заходнім Берліне. Шампанскага ва Усходнім Берліне да таго дня ўжо не засталося, смяецца суразмоўніца Еўрарадыё.

— Я ледзь здабыла нейкага венгерскага белага віна ў якасці падарунка і прывезла яго з сабой.

Калі сцяна ўпала, Марціна ўзрадавалася двум магчымасцям. Па-першае, яна змагла прачытаць любую кнігу. Пра існаванне многіх аўтараў яна нават не ведала. Па-другое, яе парадавала, што ў Заходняй Германіі ўсе землі розныя. Ніякай "ураўнілаўкі".

Пра тое, што аб'ядноўвае сучасную Беларусь і ГДР, глядзіце ў спецрэпартажы Еўрарадыё.

Глядзіце спецрэп "Еўрарадыё" на нашым Ютуб-канале

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі