Вы тут

Журналістак Андрэеву і Чульцову вінавацяць у нанясенні шкоды "Мінсктрансу"

Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова / @belsat

Журналістак "Белсату" Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову вінавацяць у нанясенні шкоды "Мінсктрансу". Следства сцвярджае, што стрым журналістак з мірнай акцыі пратэсту на “Плошчы Пераменаў” пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13-ці аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. “Мінсктранс” ацаніў шкоду ў 11 562 рублі і 14 капеек.

Пра гэта стала вядома ад адваката Андрэевай. Паводле абвінавачвання, на акцыі журналісткі бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі "групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак", якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту. 

Як акцыя пратэсту, якая праходзіла ў дварах, паўплывала на грамадскі транспарт, “Мінсктранс” не тлумачыць. Пытанне ў іншым: ці выстаўлены такі ж рахунак сілавікам, якія пастаянна перакрывалі вуліцы і праспекты? Рытарычнае пытанне.

Тым часам дзяўчаты застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Андрэевай і Чульцовай выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу, матэрыялы справы ўжо перададзеныя ў суд. Праваабаронцы прызналі Кацярыну і Дар'ю палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.