Жлобінскі металургічны камбінат не трымае ўдару

Цэхі Беларускага металургічнага камбіната ў Жлобіне ператвараюцца ў гіганцкія запханыя  склады. Аднак генеральны дырэктар пераконвае, што вытворчасць застаецца эфектыўнай
У нумары за 17 снежня 2008 г. газеты “Металург”, якую добраахвотна-прымусова выпісваюць усе працаўнікі прадпрыемства, генеральны дырэктар РУП БМЗ Мікалай Андрыянаў павучае, што “крызіс – для тых, хто не ўмее працаваць”.

Калі зайсці ў цэх металакорда праз два месяца пасля публікацыі, у вочы кінуцца завалы прадукцыі – ступіць няма дзе. Паводле цэтлікаў АТК, яна вырабленая з лістапада па люты  (пры абмежаваным тэрміне захоўвання). Запханае ўсё, нават участкі гальванікі і валачэння, якія патрэбныя для працы. Цэхі пераўтвораныя ў вялікія склады – і гэта пры забароне прэзідэнта "вырабляць дзеля захоўвання”. А горы труб ляжаць нават пад адкрытым небам.

Дырэктар у сваім артыкуле паведамляе: “У адрозненне ад бальшыні прадпрыемстваў Беларусі наш завод дае справаздачу Мінпраму не па вырабленай, а па прададзенай прадукцыі. Ці магчыма, каб БМЗ працаваў на склад? Восем тысяч тон металакорда ў суткі! Дзе захоўваць? У нас няма такіх складоў!”

Сп. Андрыянаў запэўніваў працаўнікоў заводу аб гатовасці да ўсіх перыпетыяў: “Мы добра падрыхтаваліся, на заводзе распрацаваная антыкрызісная праграма. Кіраўнікі, з якімі я маю справу – абазнаныя, удумлівыя людзі, і мы ў стане вытрымаць усю гэтую істэрыку” (крызіс - М.К.), “які існуе для таго, хто не хоча або не ўмее працаваць”).

Сёння працаўнікоў з некаторых цэхаў паволі адпраўляюць каго ў аплатныя, а каго і ў неаплатныя адпачынкі.

Генеральны дырэктар пісаў: “Мне зусім незразумела, чаму на нашым заводзе з'яўляюцца чуткі пра затрымкі заробкаў, неаплатныя  адпачынкі або пра пераход на скарочаны тыдзень. Калі хтосьці не хоча працаваць, ён можа прыйсці ў аддзел кадраў, напісаць заяву, адправіцца ў той самы адпачынак, пра які гаворыць. Трымаць яго ніхто не будзе”.

Гэта падобна на пагрозу і прымушае задумацца: ці патрэбныя на заводзе спецыялісты.

Далей чытаем: “Самае страшнае, калі людзі абыякавыя адно да аднаго, да працы, да заробкаў. Калі надыходзяць такія “мір і згода”, церпіць справа. Людзі павінныя абменьвацца думкамі, спрачацца і прыходзіць да агульнай высновы”.

Дзе цяпер тыя людзі, якія калісьці спрачаліся або абменьваліся думкамі са сп. Андрыянавым? Ён, мабыць, не падазрае, што менавіта да яго прыходу на прадпрыемства сапраўды быў спакойны, працоўны клімат. Людзі выконвалі план без стрэсаў і нерваў,  былі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні. А сёння разнастайныя пошасці пераследуюць кожнага, металургі баяцца не дагадзіць начальніку-самадуру і страціць з-за гэтага працу.

Праца працаўнікоў БМЗ бачная  – горы корда і труб. А вось эфектыўнасці мэнэджменту нешта не відаць. Маем запханы завод, затое не маем металалому. Як жа тады разумець лозунгі на прахадных: “Один сделал много, другой маловато. Закон справедлив, по труду и зарплата".

На здымку
- Жлобінскі металургічны камбінат

Рэгіёны.By

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі