Жанна Ямайкіна: Гэта была б заслужаная прэмія Лукашэнкі

Жанна Ямайкіна: “Крапіўная галінка” будзе давацца за добрыя рэчы на карысць гендэрнага раўнапраўя. А “Залаты прусак” будзе давацца за сэксісцкіх тараканаў, напрыклад, калі чалавек не вельмі добра выказваецца пра жанчын, ці транслюе нейкія дыскрымінацыйныя стэрэатыпы.

Еўрарадыё: Гэта першая раздача прэмій, ці такога залатога прусака ўжо хтосьці атрымоўваў?


Жанна Ямайкіна: Не, прусакоў яшчэ ніхто не атрымоўваў, у Беларусі гэта першы раз праводзіцца. Летась была своеасаблівая рэпетыцыя з нашымі расійскімі сяброўкамі, ініцыятыўнай групай “За фемінізм”. Яны давалі прэмію “Сэксіст года” і паколькі мы ў вельмі добрым кантакце, мы таксама прапанавалі нашу спадарыню Ярмошыну, бо яна ў мінулым годзе вельмі файна выказалася і праявілася як сэксістка. Беларусы тады вельмі актыўна галасавалі і спадарыня Ярмошына выйграла са сваім выказваннем пра тое, што жанчыны павінны сядзець дома і варыць баршчы. Тады мы ёй даслалі рондаль, каб яна варыла боршч сама, калі лічыць, што месца жанчыны на кухні.

Еўрарадыё: А чаму антынамінантаў у вашай прэміі больш, чым намінантаў пазітыўных?


Жанна Ямайкіна: Можа, яны проста больш кідаліся ў вочы. Мы ўвесь год у групе на фэйсбуку збіралі лінкі на добрыя і дрэнныя прыклады сэксізма, антысэксізма, фемінізма. І дрэнных чамусьці набралася больш, можа таму, што ў нас такая постпатрыархальная сітуацыя і сэксізм у прынцыпе ў грамадстве ўспрымаецца як нешта нармальнае. Я думаю, што шмат хто з намінаваных не тое што махровы сэксіст, а проста не разумее, што транслююе нешта дрэннае, бо ў Беларусі гэта нармальна. Калі Лукашэнка кажа, што не пусціць жанчыну на сваё прэзідэнцкае крэсла – большасць грамадства не разумее, што гэта няправільна.

Еўрарадыё: А калі Аляксандр Лукашэнка пераможа ў сваёй намінацыі, вы ўзнагародзіце яго ці пабаіцеся?


Жанна Ямайкіна: Што значыць – пабаімся? Мы ж ужо яго намінавалі, выйграе дык выйграе. Для нас ён не з’яўляецца недатыкальнай асобай. Ён выказваецца і пра мытых даярак і шмат чаго яшчэ – гэта была б яго заслужаная прэмія.

Еўрарадыё: А як выглядае прэмія? Гэта проста дыплом ці штосьці яшчэ?


Жанна Ямайкіна: Пакуль што будзе толькі дыплом. На жаль мы яшчэ не вельмі фінансава здольныя. Хацелася б сапраўды адліць прусачка калі не з золата, то з чагосьці фізічнага, але ўсё наперадзе.

Еўрарадыё: Вынікі галасавання будуць падведзеныя 5 сакавіка. Ці можна яшчэ прапанаваць намінантаў? І як можна паўдзельнічаць у галасаванні?


Жанна Ямайкіна: Прапанаваць ужо напэўна позна, бо шмат хто ўжо прагаласаваў. Але можна зрабіць гэта на наступны год. Я думаю, што на наступны год у нашай ініцыятыўнай групы “Крапіва беларуская” ужо будзе свой сайт. Зараз мы не паспелі зрабіць сайт, таму галасаванне праводзіцца ў livejournal у маім прыватным блогу: http://petra-leleka.livejournal.com/380639.html. Яшчэ можна прыняць удзел у галасаванні праз Facebook-групу “Krapiva belaruskaya”, і можна напісаць на электронную скрынку [email protected]. На жаль пакуль што гэта можна зрабіць толькі ў інтэрнэце.

 


Прэмія “Галінка крапівы” прысуджаецца за развіццё грамадзянскай супольнасці і за барацьбу супраць дыскрымінацыі і сэксізму ў РБ і складаецца з двух намінацый:

1) за ўнёсак у справу раўнапраўя

2) жанчына, што змяняе грамадства

 

Антыпрэмія “Залаты прусак” прысуджаецца па трох намінацыях:

1) за сэксізм, мачызм, эйблізм, гамафобныя, жанчынаненавісніцкія і любыя іншыя дыскрымінацыйныя выказванні і ўчынкі ў публічнай сферы Беларусі

2) арганізацыі, заўважаныя ў дыскрымінацыі грамадзян Беларусі па прыкмеце пола

3) жанчыны, што праявілі сябе ў дыскрымінацыі жанчын па прыкмеце пола. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі