Збіў Іран або тэхнічныя непаладкі? Усе версіі крушэння ўкраінскага "Боінга"

Месца крушэння самалёта "Міжнародных авіяліній Украіны" ў Іране / Reuters
Месца крушэння самалёта "Міжнародных авіяліній Украіны" ў Іране / Reuters

Boeing 737-800 авіякампаніі "Міжнародныя авіялініі Украіны" разбіўся ноччу 8 студзеня пасля вылету з міжнароднага аэрапорта Імам Хамейні ў Тэгеране. На борце было 167 пасажыраў і 9 членаў экіпажа, усе яны загінулі. Сярод загінулых: 82 грамадзяніны Ірана, 63 — Канады, 11 — Украіны, 10 — Швецыі, 4 — Афганістана, а таксама па 3 грамадзяніны Германіі і Вялікабрытаніі. Што мы ведаем пра гэтую трагедыю.
 

Тэхнічныя непаладкі

Адразу пасля падзення ўкраінскага Boeing 737-800 побач з аэрапортам Тэгерана ўлады Ірана агучылі адзіную прычыну катастрофы — тэхнічныя няспраўнасці, а дакладней узгаранне рухавіка. Ужо тады з'явіліся чуткі, што самалёт маглі збіць ракетай, але ўкраінская амбасада ў Тэгеране версію ракетнай атакі выключыла.
 

Што не так з гэтай версіяй?

Версія пра тэхнічныя непаладкі першая і адзіная, якую агучылі ў Тэгеране. Гэта ўжо падазрона, таму што пры расследаванні авіякатастроф заўсёды разглядаецца некалькі версій. І само па сабе ўзгаранне рухавіка не магло прывесці да катастрофы. Любыя катастрофы з'яўляюцца збегам некалькіх абставін, акрамя тых выпадкаў, калі самалёт збіваюць ракетай.

Гэта пацвярджаюць дасведчаныя пілоты, што лёталі на самалёце, які ўпаў. Вось, што расказаў Hromadske пілот Фёдар (імя зменена па просьбе пілота):

"Я лятаў на гэтым самалёце. Ён дастаткова новы, масавы, надзейны. Гэта сапраўды борт новай эпохі, там вельмі шмат сістэм дублявання, ён вельмі зручны для экіпажа ў гэтым сэнсе. Калі загараецца рухавік, яго нават не рэкамендуюць адразу тушыць — набіраеш вышыню, спрацоўвае сістэма тушэння. Вышыня, хуткасць — гэта жыццё. Зайсці на пасадку можна з адным рухавіком".

Яго словы пацвярджае пілот Аляксандр:

"Гэты самалёт вельмі добра вывучылі і выпрабавалі, абляталі. Узгаранне рухавіка лічыцца сур'ёзнай, але не небяспечнай сітуацыяй для экіпажа. Рухавік можа гарэць больш за паўгадзіны. За гэты час па кароткай схеме можна зрабіць два заходы на пасадку".

Нават без аднаго рухавіка Boeing 737-800 мог даляцець да аэрапорта і здзейсніць паспяховую пасадку.

4 асноўныя версіі і 3 сакрэтныя

Пасля таго як у Тэгеран прыляцелі ўкраінскія спецыялісты, з'явілася яшчэ некалькі версій катастрофы, у тым ліку 3 сакрэтныя.

Пра гэта паведаміў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў.

"Вывучаюцца розныя версіі раптоўнага падзення самалёта, сярод асноўных — паражэнне самалёта зенітнай ракетай ЗРК, у прыватнасці ЗРК "Тор", паколькі інфармацыя аб выяўленні абломкаў расійскай ракеты паблізу месца катастрофы ўжо з'явілася ў сетцы інтэрнэт; сутыкненне з БПЛА або іншым лятальным аб'ектам; разбурэнне і выбух рухавіка па тэхнічных прычынах; выбух унутры самалёта ў выніку тэрарыстычнага акта".

І яшчэ тры сакрэтныя версіі, якія не сталі агучваць.
 

Іранская ракета

Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо заявіў, што самалёт быў збіты ракетай з ЗРК "Тор".

"У нас ёсць звесткі выведкі — як канадскай, так і саюзнікаў, — якія паказваюць на тое, што самалёт збіла іранская ракета "зямля — паветра", — сказаў ён.

Прэм'ер дадаў, што гэта магло адбыцца ненаўмысна. Ён таксама адзначыў, што канадскія спецыялісты працуюць з украінскімі калегамі і хочуць прыцягнуць сваіх спецыялістаў да расследавання.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заявіў, што існуе "куча інфармацыі", якая пацвярджае, што самалёт Boeing 737-800 МАУ магла збіць іранская ракета. Ён таксама адзначыў, што гэта "цалкам магло адбыцца ненаўмысна".

Сбил Иран или технические неполадки? Все версии крушения украинского “Боинга”
Месца крушэння самалёта "Міжнародных авіяліній Украіны" / Reuters

У распараджэнні The New York Times аказалася відэа, на якім, як мяркуецца, зафіксаваны момант паражэння ракетай украінскага самалёта МАУ ў Іране. Выданне адзначае, што праверыла відэа і відавочна на ім момант збівання самалёта.

Газета звярнула ўвагу, што пасля паражэння ракетай самалёт не выбухнуў цалкам адразу, а спрабаваў вярнуцца ў аэрапорт. І гэта можна растлумачыць. Ракета ЗРК не трапляе непасрэдна ў корпус самалёта, а выбухае побач і паражае цэль шрапнеллю. Украінскі "Боінг" не паспеў набраць вялікую вышыню, дзе яго б разарвала з-за розніцы ціску. Таму ён цалкам мог яшчэ нейкі час заставацца на ляту.
 

Галоўны доказ — шрапнель

На думку крыніц "Новой газеты", якія прайшлі службу ў СПА, ёсць шэраг абставін, якія сведчаць за і супраць версіі аб тым, што самалёт быў збіты падраздзяленнем СПА Ірана.

"Тор-М1" — сістэма блізкага радыуса дзеяння (далёкасць стральбы не большая за 12 км), яе можна выкарыстоўваць і для абароны аэрапортаў. Сістэма мае свае характарыстыкі работы. Па іх нескладана вызначыць, што працавала менавіта РЛС "Тор-М1". Амерыканская радыётэхнічная разведка зафіксавала ўключэнне РЛС незадоўга да падзення ўкраінскага лайнера. Значыць, самалёт як мінімум трапіў у поле зроку "Тор-М1" іранскай СПА. Пераблытаць гэты зенітны комплекс з чымсьці іншым радыётэхнічная разведка ЗША не магла.

Па тых жа паведамленнях, спадарожнікі зафіксавалі два інфрачырвоныя сляды пры запуску ракет СПА і адзін пры выбуху каля лайнера. З гэтага разведка зрабіла выснову, што самалёт быў збіты ракетай.

Ёсць шэраг абставін супраць такой гіпотэзы.

Атрымліваецца, што "Тор-М1" страляў па цэлі, якая аддалялася ад аэрапорта. Сам комплекс абсталяваны цалкам сучаснымі сістэмамі апазнавання цэляў і на такой кароткай дыстанцыі немагчыма пераблытаць ракету/беспілотнік з велізарным лайнерам.

Іран адмаўляе, што самалёт, які пацярпеў крушэнне, магла збіць ракета. Падобныя заявы ўлады краіны назвалі псіхалагічнай вайной і запрасілі прыняць удзел у расследаванні авіякатастрофы Нацыянальнае ўпраўленне па бяспецы на транспарце ЗША, прадстаўнікоў Boeing і ўсіх краін, чые грамадзяне былі на борце самалёта.

Сбил Иран или технические неполадки? Все версии крушения украинского “Боинга”
Сваякі загінулых у авіякатастрофе ў Іране каля мемарыяла ў аэрапорце Барыспаль / Reuters

Незалежныя эксперты змогуць на месцы вызначыць наяўнасць у рэштках загінулага самалёта самага галоўнага доказу — цяжкіх паражальных элементаў, а прасцей кажучы, шрапнелі з боегалоўкі зенітнай кіраванай ракеты.

Гэтая шрапнель — абавязковы доказ пры такіх трагедыях. Без шрапнелі, якая захрасла ў абшыўцы, самалётаў, збітых зенітнымі ракетамі, не бывае. Гэта выключана.


Медиасеть па матэрыялах "Новой газеты" і Hromadske

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі