Збітага мігранта, за якога перажывалі на БТ, дэпартавалі з Беларусі

Збітага мігранта, за якога перажывалі на БТ, дэпартавалі з Беларусі

Беларускія памежнікі дэпартавалі 19-гадовага Алі Салах Аддана, якога знайшлі ў непрытомным стане ў лесе каля мяжы з Польшчай. Пра гэта піша "Гродзенская праўда" са словаў старшага інспектара групы па грамадзянстве і міграцыі Свіслацкага РАУС Аліны Шулейка.

Мігранта знайшлі каля вёскі ў Свіслацкім раёне Гродзеншчыны. Яму аказалі меддапамогу ў лякарні. Па словах беларускіх памежнікаў, на целе хлопца былі прыкметы фізічнага гвалту.

У сюжэце на тэлеканале СТБ за Алі моцна перажывалі: "Цяпер жыццю Алі Салах Аддана нічога не пагражае, вось толькі раны на руках і нагах моцна ныюць. Трымаецца за сэрца — яно пасля моцнага стрэсу стала балець".

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкула 159 (пакіданне ў небяспецы). Мігрант расказаў следчым, што прыляцеў у Беларусь з Багдада па турыстычнай візе, разам з двума таварышамі зарэгістраваўся ў мінскім гатэлі. Потым на таксоўцы яны прыехалі ў Гродзенскі раён і нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу. Па словах Алі, у Польшчы мясцовыя жыхары здалі іх памежнікам. Пры затрыманні нелегалы кінуліся ўцякаць у розныя бакі, памежнікі здолелі затрымаць толькі Алі. Па словах хлопца, яго білі дубінкамі і ўжылі электрашокер. Як зноў апынуўся на тэрыторыі Беларусі, мігрант не ведае.

Пасля таго як падлячылі, на Алі склалі пратакол за знаходжанне ў памежнай зоне без пропуску. Яго вырашылі дэпартаваць у Ірак і забаранілі ўезд у Беларусь на пяць гадоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі