Затулін: Калі Лукашэнка працягне цешыць самалюбства, ён страціць усё

Дырэктар інстытута краін СНД, дэпутат Дзярждумы Расіі распавёў Еўрарадыё, як адрозніваецца Лукашэнка на публіцы і на перамовах, чаму цяжка дамовіцца з чалавекам, які цягам паўтара дзясятка гадоў узначальвае дзяржаву, дзе праходзіць мяжа цярпення Расіі і як доўга могуць працягвацца перапалкі паміж Мінскам і Крамлём. Еўрарадыё: Раней Расія часта даравала выпады нашага прэзідэнта ў бок Масквы. У сераду Дзмітрый Мядзведзеў адказаў Мінску вельмі жорстка. Чым гэта можа быць выклікана?

Канстанцін Затулін: Для гэтага ёсць падставы. У тым ліку і межы цярпення, якія на гэты конт ёсць у бакоў. Кожны з бакоў лічыць, што мае рацыю, ніводзін не лічыць сябе вінаватым. Беларусь лічыць, што мае права на льготы ад Расіі, нават калі яна не ідзе на сур’ёзную інтэграцыю.

З цягам часу на ўсё гэта накладваюцца характары палітыкаў ды палітычная сітуацыя. Яе характар складаны. Я не чуў ніколі, каб нехта лічыў простым чалавека, які цягам паўтара дзясятка гадоў узначальвае дзяржаву.

Безумоўна, у яго свае амбіцыі, прывычкі, стыль выказванняў, я маю на ўвазе Аляксандра Лукашэнку. Ён нецярпімы да іншадумства — не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі. У гэтым сэнсе ён паслядоўны, цэльны чалавек. Ён не дае падняць галаву апазіцыі ўнутры краіны, а таксама хваравіта рэагуе на любую крытыку з-за мяжы.

Еўрарадыё: Нават калі гэтая крытыкуе Расія...


Канстанцін Затулін: У Расіі лічаць само па сабе зразумелым, што калі людзі звяртаюцца да вас па крэдыт — гэта просьба, а не ўльтыматум. Таму калі гэты зварот пачынае набываць характар пошуку самаапраўдання: вось я звяртаюся да Расіі, мне тут грошай не даюць, — значыцца я маю маральнае права памяняць арыентацыю — вектар уласнай палітыкі.

Я не падтрымліваю ў цэлым гэтай перапалкі і не падтрымліваю яе працягу. У гэтай сітуацыі заўсёды ёсць трэці, хто радуецца. Ні Расія, ні Беларусь гэтым трэцім не з’яўляюцца.

Еўрарадыё: Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што мог бы распавесці пра сапраўдную эфектыўнасць нашых эканамічных захадаў, чаму мы просім грошы… Як вы мяркуеце, што мог мець на ўвазе расійскі прэзідэнт?

Канстанцін Затулін: Не хацеў бы гадаць. Калі сам Дзмітрый Мядзведзеў не раскрывае сутнасць – не хацеў бы трапіць пальцам у неба. Верагодна, размова ідзе пра нейкія прапановы Расіі, якія не былі ўспрынятыя Беларуссю.

Мне здаецца, што вось гэта рэакцыя расійскага кіраўніцтва залішне эмацыйная.

Яна акурат звязана з тым, што Беларусь публічна вядзе сябе адным чынам, а непублічна — іншым. Непублічна выступае прасіцелем, а публічна — ледзь не патрабуе ад Расіі ва ўльтыматыўным тоне крэдыту. Непублічна абвяргае ініцыятывы Расіі па інтэграцыі, а публічна робіць выгляд, што яна за інтэграцыю, а Расія яе тармозіць.

Вось гэта разыходжанне нажніцамі паміж прапагандай і сутнасцю палітыкі, мне здаецца, кіраўніцтва Расіі дадаткова раздражняе.

Расійская ўлада аддае перавагу дамаўленню, а не прапагандзе. Такое ўражанне, што ў апошні час прэзідэнт Лукашэнка больш зацікаўлены ў прапагандзе, а не ў дамоўленасці.

Еўрарадыё: А да якой мяжы могуць, на ваш погляд, працягвацца падобныя перапалкі?


Канстанцін Затулін: Яны і цяпер ужо перавысілі тую ступень, якая карысная для справы. Перапалкі могуць працягвацца і на больш высокім узроўні. Межаў тут няма ніякіх. Ясна, што справа да вайны не дойдзе. Але фактычна гаворка ідзе пра здачу ў архіў ранейшых намераў.

Еўрарадыё: А што Беларусь можа страціць у такой сітуацыі?


Канстанцін Затулін: Беларусь з цягам часу, відавочна, на гэтым страціць цяперашні рэжым. Таму Лукашэнка, мне здаецца, контрпрадуктыўны з пункту гледжання сваіх уласных інтарэсаў.

Ён рубіць сук, на якім сядзіць. Ён цешыць сваё самалюбства, амбіцыі. Але не разумее, што калі будзе настойліва мяняць сваю арыентацыю – знойдуцца людзі, якім Захад паверыць значна больш. Ён немінуча павінен балансаваць паміж Захадам і Расіяй.

Страціць адносіны з Расіяй — для яго гэта прысуд!

Чытайце таксама:

Мядзведеў наконт заявы Лукашэнкі: Мы таксама маглі б нешта сказаць


Інфармацыю пра Беларусь Кудрыну перадала ФСБ

"Не атрымліваецца ў Расіі... шукайце шчасця ў іншай частцы планеты" (відэа)


Прадказанне Кудрына, альбо расіяне праверылі беларусаў на трываласць


Фота: zatulin.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі