Вы тут

Запуск Беларускай АЭС чакаецца "праз два-тры тыдні": няўжо да выбараў?

Беларуская АЭС / Reuters

Запуск Беларускай АЭС чакаецца "праз два-тры тыдні". Пра гэта заявіў намеснік дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Аляксей Кубрын. У панядзелак ён удзельнічаў у канферэнцыі "Атамная энергетыка ў Беларусі: выгады і перспектывы", паведамляе ria.ru. "2-3 тыдні" — гэта першая палова жніўня. Няўжо АЭС запусцяць да прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня?

Ускосна такія планы пацвярджаюць словы Кубрына пра тое, што якраз 9 жніўня 2012-га Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу на пляцоўцы будаўніцтва станцыі з пасланнем будучым пакаленням. Ды і карпарацыя "Расатам" разлічвае, што фізічны пуск Беларускай АЭС адбудзецца ў першых днях жніўня.

Тым часам БЕЛТА не паведамляе пра тэрміны запуску АЭС, згадвае толькі, што загрузку ядзернага паліва ў рэактар на першым блоку запланавалі пачаць у жніўні. Пасля — пераход да фізічнага пуску, далей — да энергетычнага. Пра гэта заявіў дырэктар Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мінэнергетыкі Беларусі Васіль Палюховіч. Магчыма, улады краіны ўсё ж вырашаць не рабіць запуск у спешцы і прымяркоўваць яго да выбараў. Тым больш, што будаўніча-мантажныя работы на першым энергаблоку БелАЭС і агульнастанцыйных збудаваннях "выкананы на 98%".

"Цяпер мы стаім на парозе гістарычнай падзеі для нашай краіны: Рэспубліка Беларусь у бліжэйшы час уступіць у клуб дзяржаў з ядзернай энергетыкай", — заявіў Палюховіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.