Вы тут

"Замах на будучыню нацыі"? Як у 1995 годзе адмянілі падручнікі да 1 верасня

"Новы год пачнецца па старых падручніках" / "Советская Белоруссия"

У канцы жніўня 1995-га Аляксандр Лукашэнка даў наказ: трэба памяняць падручнікі. Да пачатку навучальнага года заставалася дзесяць дзён.

Хтосьці лічыць, што падручнікі на самай справе былі добрымі і не дагадзілі Лукашэнку тым самым, чым не дагадзілі за пару месяцаў да гэтага герб і сцяг. Хтосьці згаджаецца: вучыць дзяцей па іх было немагчыма: заблытаныя сказы і ніякіх малюнкаў. Хтосьці перакананы: тая даўняя рэформа падручнікаў — замах на будучыню нацыі.

Еўрарадыё чытае старыя газеты і ўспамінае, як праходзілі ў школах гэтыя раптоўныя перамены.

 

"Падручнікі носяць палітызаваны, тэндэнцыйны характар"

Такім чынам, у жніўні Міністэрства адукацыі і навукі даведалася, што трэба з 1 верасня выключыць з сістэм школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі падручнікі 1992–1995 гадоў. Меркавалася, што школьнікі і студэнты будуць вывучаць гуманітарныя прадметы па кнігах, выдадзеных да 1991 года.

Міністэрству адукацыі даручылі стварыць спецыяльную камісію па распрацоўцы новых падручнікаў. Праз год гэтыя новыя падручнікі павінны будуць прайсці грамадскае абмеркаванне і ў 1996 годзе адправіцца ў заплечнікі школьнікаў.

Гэта рашэнне прэзідэнт прыняў, азнаёміўшыся з матэрыяламі камісіі, якая на працягу двух месяцаў вывучала напісаныя пасля 1992 года школьныя праграмы.

"Школы ў ролі падвопытных трусоў" / "Советская Белоруссия"

"Камісія прызнала, што змест гэтых падручнікаў носіць тэндэнцыйны, палітызаваны характар і па сваім узроўні не адпавядае патрабаванням сучаснай адукацыі", — цытавала "Советская Белоруссия" Адміністрацыю прэзідэнта.

Як высветлілася, Мінадукацыі пра рашэнне замяніць падручнікі даведалася з прэсы. Прынамсі, так казала ў інтэрв'ю "Советской Белоруссии" намесніца міністра адукацыі. У міністэрстве запэўнівалі: профільнае ведамства нават не было ў курсе таго, што Адміністрацыя прэзідэнта праводзіць нейкую праверку падручнікаў.

 

Што трэба было змяніць?

У СМІ пісалі, што планавалася выключыць каля 50 найменняў дапаможнікаў, з іх 20 — па гісторыі. Пад нож траплялі навучальныя дапаможнікі для школ нацыянальных меншасцяў — было незразумела, з якімі падручнікамі пачнуць год дзеці польскай, украінскай і літоўскай дыяспар.

Лукашэнка ж на сустрэчы з навукоўцамі запэўніваў, што ніякага ўказа або іншага дзяржаўна-прававога акта аб "адабранні 151 падручніка" ён не падпісваў і падпісваць не збіраецца.

"Усё гэта са сферы амаральных спекуляцый асобных журналістаў і каляпалітычных "дзеячоў".

У той жа час ён заўважыў, што цалкам падзяляе справядлівыя заўвагі навукоўцаў, педагогаў, бацькоў адносна палітычнай тэндэнцыйнасці, вульгарнай заідэалагізаванасці і навуковай неўгрунтаванасці шэрагу навучальных дапаможнікаў".

У новых падручніках, паабяцаў Лукашэнка, не будзе ні "нацыянал-радыкальных фальсіфікацый", ні "дагматычнай зашоранасці", затое будзе высокі навуковы ўзровень і яркі даступны выклад. А навукоўцам, якія будуць працаваць над падручнікамі, забяспечаць годную аплату працы.

У міністэрстве не спрачаліся з тым, што пры рэфармаванні сістэмы адукацыі маглі дапусціць памылкі. Але давалі зразумелыя тлумачэнні: перамены адбыліся значныя, значнага досведу рэформаў ні ў кога не было. Дый сацыяльна-палітычная сітуацыя ў 92-м, калі пісаліся падручнікі, была складаная.

У той год, калі Лукашэнка загадаў перапісаць іх, прасцейшай сацыяльна-палітычная сітуацыя не стала. Толькі-толькі памянялі не толькі кнігі, але і сцяг, статус рускай і беларускай моў зраўнавалі. Іосіфа Сярэдзіча знялі з пасады галоўнага рэдактара "Народнай газеты". Адным словам, падручнікі сталі толькі часткай рэформаў.

Доктар гістарычных навук, аўтар падручнікаў гісторыі для сярэдняй школы Георгій Штыхаў у каментары для "Советской Белоруссии" казаў, што рашэнне Лукашэнкі можа нашкодзіць не толькі гуманітарнай адукацыі, але і адукацыі ў краіне ў цэлым.

"І вось парадокс: калі гэтае рашэнне прынятае з прычыны "нацыяналістычнага ўхілу" цяперашніх гістарычных выданняў, то, напрыклад, у падручніку па гісторыі для 6-х класаў, адным з аўтараў якога я з'яўляюся, наадварот, аб'ектыўна гаворыцца і пра Кіеўскую Русь, і пра Маскоўскую, і г. д.

Тым часам падручнікі ўзору да 1991 года, па якіх цяпер збіраюцца выкладаць гісторыю, можна сказаць, "замшэлыя", стэрэатыпныя, да крайнасці ідэалагізаваныя. Бо там сцвярджаецца, нібыта Беларусь да 1919 года не мела сваёй дзяржаўнасці. Тым самым прыніжаецца наша гісторыя, а кампартыі даецца азначэнне як "кіраўнічай і накіравальнай сіле".

"Советская Белоруссия" тады яшчэ публікавала розныя меркаванні: і за, і супраць замены падручнікаў / "Советская Белоруссия"

Штыхаў падкрэслівае: гэты падручнік наогул супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, у якой гаворыцца, што наша дзяржаўнасць — шматвяковая.

Са Штыхавым у газеце спрачаецца кандыдат гістарычных навук Васіль Мілаванаў. На ягоную думку, у новых падручніках усё было пастаўлена з ног на галаву.

"У іх прапагандуюцца антырускія настроі і выказваюцца сімпатыі Захаду. Нельга працягваць атручваць свядомасць нашых дзяцей і моладзі такімі думкамі, скажаць гісторыю і падрываць добрыя адносіны грамадзян Беларусі з усімі народамі былога СССР", — тлумачыў навуковец сваю пазіцыю.

Ён згаджаўся з тым, што падручнікі, выдадзеныя да 1991 года, няпоўныя, і заклікаў хутчэй стварыць камісію, якая распрацуе новыя.

Падобную пазіцыю ў "Народнай газеце" выказваў лідар камуністаў Віктар Чыкін. Ён казаў, што нават тыя кнігі, па якіх выкладаліся гуманітарныя навукі да 1992 года, — меншае зло, чым тыя, якія з'явіліся ў незалежнай Беларусі.

 

"Яны напісаны мовай, не разлічанай на дзяцей"

Калі ў 91-м годзе вырашана было дадаць у адукацыю нацыянальнага, з'явіліся пытанні: напрыклад, як зрабіць матэматыку нацыянальна арыентаванай? У падручніках з'яўляліся задачы, у якіх, напрыклад, трэба было палічыць адлегласць паміж возерам Белае ў Чашніцкім раёне да Хотлінскага раёна.

Але віна гэтых непажаданых падручнікаў была не толькі ў "няправільнай ідэалогіі". Дырэктарка адной з мінскіх школ на ўмовах ананімнасці расказвала тады: настаўнікі на канферэнцыях пастаянна казалі, што падручнікі трэба мяняць. І рэч не ў ідэалогіі.

"Яны напісаны мовай, не разлічанай на дзяцей. Шматслоўнасць і заблытаная стылістыка робяць матэрыял цяжкім для ўспрымання. Пра мастацкае афармленне і гаварыць няма чаго — набор друкаваных тэкстаў. Ды яшчэ і недаўгавечная мяккая вокладка. Безумоўна, іх неабходна было памяняць, але зрабіць гэта не паспешліва, не за 2 тыдні да 1 верасня. Цяпер можа скласціся такая сітуацыя, што школа застанецца наогул без падручнікаў", — казала дырэктарка.

Пазней Генадзь Пятроўскі, які быў тады намеснікам міністра адукацыі, тлумачыў, чаму падручнікі выйшлі без малюнкаў. Проста таму, што аўтарам давялося напісаць іх літаральна за пару месяцаў. Ні пра якія схемы, табліцы гаворкі ісці не магло.

Пасля распаду СССР ён узначаліў працоўную групу, якая распрацоўвала новыя нацыянальна арыентаваныя планы і праграмы. І ўвосень 1992 года ў Саўміне перад міністэрствам паставілі задачу: да 1993-га школы павінны перайсці на нацыянальныя падручнікі па гісторыі і геаграфіі.

Тады слова ўзяў дырэктар выдавецтва "Народная асвета". Ён сказаў, маўляў, можаце прыняць колькі хочаце пастаноў Саўміна, але станкі ад гэтага круціцца хутчэй не стануць. Так што да 1 лютага 1993 года тэксты павінны быць у выдавецтве. Вось і выйшла, што ў аўтараў на падрыхтоўку падручнікаў засталося ўсяго пару месяцаў, якія ўжо тут табліцы і малюнкі.

А вось што казалі пра замену настаўнікі ў “Народнай газеце”. Яны, здаецца, стаміліся ад бясконцых зменаў:

СШ №1 Бабруйска: "Што сказаць — як былі школы падвопытнымі трусамі, так яны і засталіся. Як здзекаваліся з нас у 93–94 гадах, калі трэба было вывучаць гісторыю па газетах, так і цяпер".

СШ №2 Мінска: "Школы і так трасуном трасе, а тут яшчэ такое. Адно скажу. Ідзём мы наперад — у светлае мінулае".

 

"Інтэлектуальна нямоглае пакаленне"

Старыя падручнікі да таго моманту заставаліся толькі ў школьных бібліятэках, дый тыя былі ўжо спісаныя, на ўсіх магло не хапіць. Каб неяк кампенсаваць такую раптоўную нястачу, "Настаўніцкая газета" пачала друкаваць некаторыя матэрыялы ў спецыяльнай рубрыцы "У дапамогу настаўніку". А ўсе іншыя газеты пачалі абмяркоўваць гэта раптоўнае рашэнне Лукашэнкі ўзяцца за розумы.

Асабліва люта рашэнню выключыць новенькія, зусім нядаўна надрукаваныя падручнікі супрацівіўся Беларускі народны фронт. Сяргей Навумчык у гэтым рашэнні бачыў хітрую задуму: стварыць у Беларусі "плацдарм для камуністычнага рэваншу". І заступаўся за дзяцей, з якіх дзеля палітычных амбіцый праз такія перамены можа вырасці "інтэлектуальна нямоглае пакаленне".

— У больш шырокім сэнсе, гэта распараджэнне — спроба выкрасліць з памяці народа драматычныя старонкі яго гісторыі, перарабіць грамадзян у паслухмяную масу, — цытавала Навумчыка "Народная газета".

Неўзабаве ў "Народнай газеце" з'яўляецца адкрыты ліст "Замах на будучыню нацыі". Яго падпісалі дзесяць літаратараў, якія былі ўпэўненыя: рэформа школы — лагічны і небяспечны працяг пачынанняў травеньскага рэферэндуму.

Вось імёны тых, хто палічыў замену падручнікаў небяспечнай: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Васіль Зуёнак, Карлас Шэрман, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Анатоль Кудравец.

Статья "Замах на будучыню нацыі" / "Народная газета"

"Новы крок вярхоўнай улады — не што іншае, як замах на духоўную і інтэлектуальную свабоду нацыі, а значыць, на яе будучыню".

Падпісанты гэтага артыкула былі ўпэўненыя, што з заменай падручнікаў Беларусь адкоціцца ў мінулае, не зможа даць краіне "духоўна свабодных і высокаадукаваных грамадзян".

Аўтары артыкула сумняваліся, што абяцанае "шырокае грамадскае абмеркаванне" станецца для беларусаў больш даступным, чым таямнічыя матэрыялы "экспертнай камісіі", якая забракавала падручнікі, што існавалі тады.

"Робіцца спроба павярнуць гісторыю назад, хоць досвед еўрапейскіх краін, у тым ліку і бліжэйшых суседзяў Беларусі, сведчыць, што падобныя сацыяльна-палітычныя эксперыменты рана ці позна заканчваюцца крахам".

Алег Трусаў, які тады быў намеснікам кіраўніка камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, выступіў на старонках "Народнай волі". Ён заўважаў, што прыхільнікам Лукашэнкі ніхто не забараняе напісаць свой падручнік, атрымаць неабходныя рэкамендацыі ад вядучых навукоўцаў краіны і прапанаваць яго ў якасці альтэрнатывы для школьных настаўнікаў.

"Напрыклад, у Германіі існуе некалькі дзясяткаў розных падручнікаў па гісторыі краіны і настаўнік у рамках школьнай праграмы выбірае той, які яму падабаецца", — пісаў Трусаў.

Дарэчы, цяпер такая практыка існуе ўжо не толькі ў Германіі, але і ў Расіі: настаўнікі могуць выбіраць з некалькіх камплектаў падручнікаў. У Беларусі такі выбар дагэтуль недаступны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.