"Залазім на вышку і працуем ломам". Як і чаму электрыкі разбураюць гнёзды буслоў

"Залазім на вышку і працуем ломам". Як і чаму электрыкі разбураюць гнёзды буслоў

Уявіце сабе пару буслоў. Ляцяць яны дадому на беларускае Палессе з далёкай Паўднёвай Афрыкі, а родны слуп — пусты... Гэта як вярнуцца ў Мінск пасля доўгай вандроўкі і даведацца, што Асмалоўку знеслі...


Хутчэй за ўсё, буслікі не разгубяцца. Яны паклічуць на дапамогу суседзяў і пачнуць будавацца на тым жа слупе ці побач. Назло электрыкам. Серыял "Раскіданае гняздо" будзе працягвацца, пакуль буслы будуць заставацца сімваламі Беларусі.


Бусліныя фекаліі раз'ядаюць нават ізаляваныя лініі электраперадач

 


Жыхарка Маларыцкага раёна Лідзія Макарэвіч нядаўна ўбачыла, што энергетыкі руйнуюць бусліныя гнёзды ў яе вёсцы Чарняны.

"Я званіла на Зялёны тэлефон, каб даведацца, што рабіць у такіх выпадках. Гэта ж перыядычна здараецца, але не вырашае пытанне. Там, дзе гняздо было скінутае, буслы зноў яго будуюць", — кажа ў размове з Еўрарадыё Лідзія.


Летась у Маларыцкім раёне аварый на лініях электраперадач, звязаных з буслінымі гнёздамі, было не менш за дзесяць. Начальнік дыспетчарскай службы "Маларыцкіх электрасетак" Аляксандр Бабёр распавядае, што іх прычынай становяцца галінкі, якія птушкі кідаюць на правады, фекаліі, якія раз'ядаюць нават ізаляваныя лініі электраперадач, і птушаняты. Малыя вучацца лётаць, трапляюць на правады — і гінуць. Вёска стаіць без святла.


"Звычайна, мы руйнуем гнёзды падчас капітальнага рамонту ліній ці ў выпадку, калі здарылася аварыя. У Чарнянах у той час буслы яшчэ не прыляцелі. Яек у гняздзе не было. Таму мы былі вымушаныя скінуць гняздо. Калі б буслы прыляцелі, мы б нейкім чынам выкручваліся, бо чапаць іх не маем права па законе", — распавядае энергетык.

"Залазім на вышку і працуем ломам". Як і чаму электрыкі разбураюць гнёзды буслоў
Буслы будуюць новае гняздо. Энергетыкі кажуць, што птушкі часцей за ўсё выбіраюць лініі 0,4 кВ. На апорах высокавольтных электраперадач адмыслова, каб буслы не вілі гнёзды, цяпер робяць штыры. Фота: wildlife.by

70% буслоў гняздуюцца на апорах ЛЭП

 


Паводле закона "Аб жывёльным свеце", разбураць бусліныя гнёзды з 15 лютага па 15 жніўня забаронена. Аднак часам энергетыкам даводзіцца рызыкаваць і ісці на крайнія меры: калі праз буслоў людзі сядзяць без святла, гняздо здымаюць са слупа. У гэтым выпадку ў энергетыкаў ёсць небяспека быць "застуканымі на месцы злачынства" арнітолагамі ці актывістамі "Аховы птушак Бацькаўшчыны" і атрымаць штраф. 


"Скідваць гняздо — гэта натуральная практыка. Але гэта праблема для ўсіх краін, дзе размнажаюцца буслы, — тлумачыць Еўрарадыё спецыяліст па буслах, арнітолаг Юрась Янкевіч. — У апошні час у сувязі з развіццём ЛЭП бусел пачаў кардынальна мяняць тып апор. Калі раней ён гнездаваўся на дахах дамоў ці гумнаў, выбіраў дрэвы ці воданапорныя вежы, дык цяпер 70% папуляцыі гняздуецца на апорах ліній электраперадач. Відаць, птушкам так зручна".

"Залазім на вышку і працуем ломам". Як і чаму электрыкі разбураюць гнёзды буслоў
Юрась Янкевіч некалькі гадоў займаўся кальцаваннем буслоў. Фота з яго старонкі ў фэйсбук

Каб было камфортна і буслікам, і энергетыкам, у Заходняй Еўропе прыдумалі будаваць штучныя платформы, і на іх падымаць бусліныя гнёзды над слупамі. Беларусы паспрабавалі пераняць досвед: на слуп, дзе было гняздо, дабудоўваецца металічная канструкцыя, на якой буслам мусіць быць зручна пабудаваць сабе новы дом. Юрась Янкевіч кажа, што ў Брэсцкай вобласці ў мінулыя гады было пабудавана каля 20 тысяч такіх платформ. Цяпер жа, здзіўляе энергетык Аляксандр Бабёр, ўсталяванне такіх канструкцый спыненае. Прычына: яны маюць вялікую вагу і нагрузку на слуп.


Увогуле, гаворачы з Аляксандрам Бабром, можна падумаць, што лепшыя сябры буслоў — энергетыкі. Менавіта яны абслугоўваюць "буснелкі" — так называюць гнёзды на тамтэйшай гаворцы:


"Нядаўна брыгада ў вёсцы Лукава пачысціла, падрэзала лішнія галінкі, кругленькім гняздо зрабіла. Гнёзды могуць важыць вельмі шмат, калі іх не чысціць (дасягаць 500 кілаграм! — заўв.рэд.). Гняздо не заўсёды скінеш. Асабліва зімой. Даводзіцца лезці на вышку і працаваць ломам".

"Залазім на вышку і працуем ломам". Як і чаму электрыкі разбураюць гнёзды буслоў
Такія платформы для бусліных гнёздаў былі ўсталяваныя ў Пінскім раёне яшчэ ў 2015 годзе. Фота: ptushki.org

"Выйсце адно — ставіць платформы"

 


Па апошніх падліках у Беларусі гняздуецца 25 тысяч пар буслоў. А любімы край беларускіх буслоў — Палессе. На Піншчыне, напрыклад, ёсць вёскі, дзе можна ўбачыць 50 гнёздаў! Арнітолаг Юрась Янкевіч кажа, што да кожнага гнязда, размешчанага на апорах ліній электраперадач, хаця б раз на год, але прыязджаюць энергетыкі. А гэта вялікія выдаткі. Каб іх не было, варта было б працягнуць практыку штучных платформаў. 


Такога ж меркавання прытрымліваецца і энергетык Аляксандр Бабёр:


"Выйсце адно — ставіць платформы. Трэба рабіць іх з больш лёгкага металу. Ці з пластмасы. Варта ўдасканаліць канструкцыю, пераймаючы замежны досвед".


Натуральна, што буслік можа не захацець будаваць новае гняздо на платформе, а абярэ слуп побач. І ўся сітуацыя паўторыцца праз год. Але ўсё ж людзям трэба зрабіць усё, каб даць буслам магчымасць жыць у бяспецы.

"Залазім на вышку і працуем ломам". Як і чаму электрыкі разбураюць гнёзды буслоў
Лёгкімі на выгляд падаюцца платформы для бусліных гнёздаў у Польшчы. Фота: energetyka.wnp.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі