Закрыццё беларускамоўных класаў апраўдваюць крызісам

А Мінадукацыі заяўляе пра павелічэнне колькасці беларускамоўных школ У жодзінскай гімназіі №1 спынілі беларускамоўную праграму, паводле якой навучаўся Янка Лапіцкі — адзіны, хто вучыўся ў горадзе на беларускай мове. Гарвыканкам кажа, што гэта зроблена з-за крызісу — маўляў, трэба эканоміць сродкі. Янку Лапіцкаму прапанавалі перайсці ў рускамоўны клас, кажа бацька вучня Алесь Лапіцкі.

Алесь Лапіцкі: "Дырэктара абавязваюць, каб ён вучня Янку Лапіцкага забяспечыў навучаннем на рускай мове. І забяспечыў яго факультатыўнымі заняткамі беларускай мовы".

Янка наведваў клас, які быў створаны спецыяльна для яго. Гэта было невялічкае памяшканне з адной партай і дошкай. З астатнімі дзецьмі беларускамоўны хлопчык навучаўся толькі фізкультуры і маляванню.

Алесь Лапіцкі: "Адкрылі маленькі клас. На першым паверсе на калідоры ёсць асобныя дзверы. Там партачка стаіць, там дошка — там ён навучаўся. Але такія прадметы як фізкультура і маляванне ён праходзіў з другім класам".

Янка навучаўся паводле гэтай праграмы з 2005 года. Зараз ён скончыў 8 клас. Алесь Лапіцкі кажа, што будзе змагацца за канстытуцыйныя правы свайго сына. Але калі не атрымаецца дамагчыся адмены рашэння выканкама, то бацькі гатовыя плаціць за адукацыю Янкі.

Алесь Лапіцкі: "Мы тады прыйдзем і калі спатрэбіцца, то будзем насіць ім грошы — калі яны такія бедныя".

Паводле падобнай праграмы, але ў Горках, навучалася Маша Каралькова. У Горках было больш ахвотных атрымоўваць веды на роднай мове, кажа Маша.

Маша Каралькова: "Спачатку я індывідуальна навучалася, паўгода ў пятым класе я навучалася дома. А потым у школе стварылі клас, у якім было 5 чалавек, а потым 4. Нас усіх навучалі на беларускай мове".

Машы пашанцавала больш за Янку — і ў гэтым годзе яна скончыла школу. Вышэйшую адукацыю Маша збіраецца атрымоўваць за мяжой, яшчэ не вырашыла, дзе. Але, хутчэй за ўсё, не па-беларуску.

Маша Каралькова: "Хацелася б атрымаць вышэйшую адукацыю не ў Беларусі".

У Горках ёсць яшчэ адзін беларускі клас. Але, што цікава, гэта той, у якім навучаецца брат Машы, які скончыў ужо 5 класаў. Разам з братам навучаюцца яшчэ 4 чалавекі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў моцна сумняваецца, што ў закрыцці класа, ў якім навучаецца Янка Лапіцкі, замяшаны крызіс.

Алег Трусаў: "Калі крызіс, тады давайце перш-наперш зачынім рускамоўныя школы, бо іх больш, і пакінем беларускія (смяецца). Гэта ўсё лухта, пры чым тут крызіс?"

Алег Трусаў лічыць, што частку віны павінен на сябе ўзяць сам бацька Янкі — Алесь Лапіцкі: бо менавіта ён ўзначальваў у Жодзіне гарадскую арганізацыю ТБМ. Гадоў дзесяць яны з жонкай былі добрымі актывістамі, але пасля нешта здарылася і праца спынілася, а жодзінскі ТБМ зачынілі.

Алег Трусаў: "Бацька Янкі Лапіцкага Алесь раней ўзначальваў ТБМ. Але потым заваліў працу і з намі ніякіх кантактаў не падтрымлівае. Яму сорамна. Таму і зачыняюць беларускамоўны курс у гімназіі, бо Лапіцкі заваліў усю працу".

Сам Алесь Лапіцкі кажа, што закрыццё жодзінскай філіі ТБМ адбылося, калі ўлады ліквідавалі дэмакратычныя арганізацыі, якія былі зарэгістраваныя ў прыватных памяшканнях. І цяпер ён шукае памяшканне адміністратыўнае, каб аднавіць працу.

Кожны год сітуацыя з навучаннем на беларускай мове пагаршаецца. Згодна са словамі Алега Трусава, колькасць беларускамоўных вучняў штогод памяншаецца.

Алег Трусаў: "З кожным годам у Беларусі колькасць беларускамоўных вучняў зніжаецца на 0,5-1%".

Дарэчы, начальнік аддзела кіравання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй Міністэрства адукацыі Надзея Ганушчанка сцвярджае, што праблем с выкладаннем агульных дысцыплін па-беларуску не існуе. Адказваючы на пытанні дэлегатаў V З'езду беларусаў свету, які днямі адбыўся у Мінску, яна заявіла, што Мінадукацыі, наадварот, узяло курс на пашырэнне колькасці гімназій і ліцэяў з беларускамоўным навучаннем. Паводле яе словаў, толькі ў Мінску каля 3% школьнікаў навучаюцца на роднай мове.

Фота — intex-press.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі