ЗАГС: Бывае, працуем на мяжы нашых магчымасцяў

У Магілёве за чатыры месяцы году ажаніліся 792 чалавекі! Гэта на сотню больш, чым год назад. Часам не хапае залаў, гавораць у магілёўскім Доме грамадзянскіх абрадаў:

“Улетку ёсць дні, калі працуем на мяжы магчымасцяў. У аддзеле ЗАГС адразу будуць рэгістраваць чатыры залы з перапынкам у 20 хвілінаў цэлы дзень”.

Такі выбух шлюбаў тут тлумачаць “магіяй лічбаў”, бо мінулы год быў высакосны.

“Прачытаюць у інтэрнэце, што 3 жніўня, напрыклад, супер-дата. Ці новая фішка сёлета — хочуць рэгістравацца 13 ліпеня 2013 году”, — у магілёўскім Доме грамадзянскіх абрадаў гавораць, што ўзрост маладых — 21-22 гады.

Шлюбаў з замежнікамі ў Магілёве стала больш на пару дзясяткаў, чым было летась. У прыярытэтах — расіяне, украінцы, ёсць туркі і нават… сірыйцы.

На Гомельшчыне ўжо прымаюць заявы на шлюб на жнівень. Людзі тут не хочуць жаніцца ў “год удавы” і “год удаўца”.

“Гэта ад высакоснага году залежыць, ад гадоў “удавы” і “ўдаўца”. Знаёмствы па інтэрнэце моцна не ўплываюць, хутчэй на шлюбы з замежнікамі. Стала больш шлюбаў з французамі і немцамі. Трапляюцца і нявесты з Францыі”, — гавораць у Доме абрадаў.

А вось мінчане жаніцца не спяшаюцца. У сталіцы шлюбаў столькі ж, як летась. За чатыры месяцы ў Доме шлюбаў адгулялі 450 вяселляў. Але стала больш маладых і замежнікаў:

“Кожны чацвёрты шлюб — з замежнікамі: і Італія, і ЗША, і Ізраіль. Прадстаўнікі 62 краін. Ну і агулам у асноўным моладзь жэніцца. Сёлета стала болей шлюбаў у 21 год, 22 гады. Яны кажуць, што ўжо гатовыя, сустракаюцца са школы”, — тлумачыць кіраўніца мінскага Дому шлюбаў Надзея Рэуцкая.

Ад студзеня па сакавік гэтага года таксама менш разводаў: 535 на адну тысячу шлюбаў, замест леташніх 800.

Фота: povtoriashki.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі