“Заганіце рускіх так далёка, каб ані яны, ані вы не вярнуліся”

120626 ArlouS.mp3

Еўрарадыё: Беларусь будзе ўшаноўваць 200-годдзе вайны 1812-га года паводле расійскай мадэлі. Ці правільна гэта?


Арлоў: Трэба пачаць з таго, што тая вайна 1812-га года, якая ў расейскай гістарыяграфіі называецца “айчыннай” вайной, для нашых продкаў мела зусім іншы характар. Яна не была айчыннай, яна мела рысы грамадзянскай вайны. Калі казаць пра ўсё па парадку – трэба пачаць з таго, што напрыканцы XVIII ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай нашы землі – землі былога ВКЛ – апынуліся ў кіпцюрах дзвюхгаловага імперскага расейскага арла і тут пачалі ўсталёўвацца каланіяльныя парадкі. Паўмільёна беларускіх сялян, якія ў большасці сваёй да гэтага былі вольныя, былі раздадзеныя расейскім памешчыкам. І ўвогуле – прыгон у Расейскай Імперыі быў значна больш цяжкі, чым у Рэчы Паспалітай. Гарады былі пазбаўленыя магдэбургскага права. Прафесійнае войска ВКЛ было расфармавана, і на змену яму прыйшлі невядомыя нашым продкам раней рэкруцкія наборы. Была ўведзеная мяжа аселасці для габрэяў. Былі абмежаваны ў сваіх правах нашы жанчыны. І падаткі ў беларускіх губернях да 1811-га года былі ў 3-4 разы цяжэйшыя, чым ва ўнутраных расійскіх губернях. І тое, што прынеслі нам расейскія штыкі, можна пералічваць яшчэ доўга. І ўсё гэта будзе са знакам “мінус”.

Між тым, менавіта ўсе гэтыя падзеі, у тым ліку (я яшчэ не сказаў) наступ на ўніятаў, якія тады складалі каля 80% насельніцтва Беларусі – усё гэта выклікала ў грамадстве вострую незадаволенасць: у самых шырокіх колах грамадства, не толькі ў ягоных вярхах. І таму з Напалеонам – з пачаткам кампаніі 1812-га года – і шляхта, і гараджане, і сяляне, кожны па-свойму, звязвалі вялікія надзеі-спадзяванні. Гэта былі спадзяванні на тое, што будзе адноўлена незалежнасць ВКЛ. Гэта былі спадзяванні на вяртанне гарадскіх магдэбургскіх вольнасцяў. Гэта былі спадзяванні сялян на тое, што тут, на нашых землях, (як раней Напалеон зрабіў у Варшаўскім княстве) будзе скасаваны прыгон. І таму вялікую армію Напалеона, якая перайшла Нёман, як вядома, у ноч на Янаў дзень, сустракалі як вызваліцеляў. На чацвёрты дзень войскі Напалеона ўвайшлі ў Вільню. Яго закідвалі кветкамі, і большасць студэнтаў Віленскага ўніверсітэта выказала жаданне запісацца ў вялікую армію Напалеона. Яго называлі вызваліцелем: дамы высыпалі на балконы – яго войскі ўваходзілі ў Вільню пад воклічы “Слава Імператару! Слава вызваліцелю!”.

Трэба сказаць, што першымі ў Вільню ўвайшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі войскі князя Дамініка Радзівіла, якія ваявалі ў складзе напалеонаўскіх сіл. Напалеона ўрачыста сустракалі ў Віцебску. Маршала Даву ўрачыста сустракалі ў Менску. У Магілёве войскам Напалеона прысягнула і праваслаўнае духавенства на чале з праваслаўным епіскапам Варлаамам. У грамадстве былі вельмі вялікія спадзяванні напачатку гэтай кампаніі. На жаль, Напалеон вёў сваю гульню, і аднаўленне Вялікага княства Літоўскага зусім не было першым пунктам у яго планах. Тым не менш фармальна аднаўленне Вялікага княства адбылося – быў створаны часовы ўрад, які, праўда, быў вельмі абмежаваны ў сваіх магчымасцях (па сутнасці, кіравалі французскія камісары). Тым не менш – 25000 нашых суайчыннікаў добраахвотна ўступілі ў вялікую армію Напалеона, і са зброяй у руках ваявалі. Яшчэ нават потым у бітве пад Ватэрлоа некалькі тысяч беларусаў-ліцвінаў ваявалі на баку Напалеона. У той самы час у дзейнай расейскай арміі – каля 50000 рэкрутаў-беларусаў ваявала. Таму я і кажу, што гэтая вайна мела рысы грамадзянскай.


Еўрарадыё: Гісторыю пішуць пераможцы. Мабыць, мы доўга былі пад ярмом каланіяльнага прыгнёту, і, на жаль, дагэтуль успрымаем гэтую вайну праз прызму расійскай гістарыяграфіі. Ці можна нешта змяніць сёння?


Арлоў: Ведаеце, гэтыя ілюзіі, звязаныя з Напалеонам, вельмі хутка – ужо ўлетку, у жніўні, калі Напалеон у Віцебску адзначаў свой Дзень нараджэння – яны ўжо развейваліся. Захаваўся такі анекдот (у першапачатковым значэнні гэтага слова – як сапраўднае гістарычнае здарэнне) аб тым, што пад Віцебскам Напалеон запытаўся, саскочыўшы з каня, у беларускай бабулі, сялянкі – каму яна зычыць перамогі ў гэтай вайне – расейцам ці французам. І мудрая бабуля-ліцвінка адказала, што каб вы французы загналі расейцаў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы. У гэтых словах, я думаю, адлюстравана стаўленне не толькі сялянаў, але і самых шырокіх слаёў нашага тагачаснага грамадства. Таму што ўсе абяцанні Напалеона скончыліся, ўрэшце, патрабаваннем стотысячнага войска і бясконцымі рэквізіцыямі, якія ператвараліся ў рабункі і марадзёрства.

Тым не менш, я лічу, што ўсталяванне такіх помнікаў, як помнік расійскаму грэнадзёру ў Шклове – гэта праява пост-каланіяльнага сіндрому. Гэта з той самай серыі, што і славуты домік Пятра І ў Полацку. ( На шчасце я ўчора ўбачыў, што гэтую шыльду пры рэстаўрацыі знялі, я думаю, што яна ніколі туды не вернецца. Яна ўшаноўвала памяць расейскага імператара, які праславіўся тым, што яго жаўнеры ўзарвалі Сафійскі сабор, а ён сам з прыдворнымі забіў пяць уніяцкіх святароў-манахаў, прычым у час прычасця ў Сафійскім саборы). Таму, безумоўна, гэта вельмі важная дата для нас, але ў мяне ніколі б язык не павярнуўся назваць расейцаў, якія прынеслі сюды каланіяльныя парадкі, вызваліцелямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі