Вы тут

За вызваленне ў Беларусі польскіх актывістаў Лукашэнку прасіў Назарбаеў

Нурсултан Назарбаеў / БЕЛТА

За вызваленне ў Беларусі польскіх актывістаў Аляксандра Лукашэнку ў красавіку прасіў экс-прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Пра гэта распавяла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. Паводле яе слоў, "у гэтай гісторыі... застаюцца істотныя недамоўленасці". Але Эйсмант не патлумачыла, чаму менавіта Назарбаеў быў заклапочаны лёсам польскіх актывістаў.

Прэс-сакратар кажа, што абмяркоўвалася вызваленне "некаторых дзеячоў беларускага Саюза палякаў". І пасля просьбы Нурсултана Назарбаева было прынята рашэнне. Наталля Эйсмант падкрэслівае, што з Польшчай у гэтым пытанні нічога не абмяркоўвалася.

Але згаданае вызваленне насамрэч было дэпартацыяй. 2 чэрвеня стала вядома, што ў канцы траўня затрыманых па “справе палякаў” Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву вывезлі з Беларусі ў Польшчу. Нават іх сваякі нічога не ведалі пра гэта. За кратамі ў Беларусі засталіся старшыня непрызнанага ўладамі нашай краіны “Саюза палякаў Беларусі” Анжаліка Борыс і журналіст Андрэй Пачобут. Меркавалася, што яны адмовіліся выехаць у Польшчу. Магчыма так і было. Малаверагодна, каб Назарбаеў прасіў толькі за трох актывістаў, а не за ўсіх.

Ірэна Бярнацкая, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава. Варшава, 4 чэрвеня 2021-га / prezydent.pl

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.