За кастрычнік па “пратэсных” крымінальных справах асуджана не менш за 114 чалавек. На ўсіх — 425 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі, 15 гадоў “хіміі”, 67 гадоў “хатняй хіміі”, 4 месяцы арыштаў, паведамляюць праваабаронцы “Вясны”.
Сярод вядомых пакараных 36 жанчын і 78 мужчын. Таксама ім прысудзілі штрафаў на 391 тысячу рублёў.
Аднаго чалавека пазбавілі воінскага звання “старшы прапаршчык у адстаўцы”.
— Пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе “хіміі”, “хатняй хіміі” і арышту суды ўжывалі ў 99,13 адсотках выпадках асуджэння фігурантаў “пратэсных” спраў, — робяць сумную выснову праваабаронцы.