За дзіцячую горку жыхары плацяць па 4 мільёны

Жыхарка Заводскага раёна Алена распавядае, што ў іх двары на вуліцы Варвашэні нядаўна ўсталявалі пясочніцу для дзетак.

“Пра нас успомнілі, усталявалі нядаўна пясочніцу! Пясок яшчэ не завезлі быццам, але гэта толькі чуткі, будуць браць па 300 тысяч з кватэры за пясок! З каго будуць браць грошы і колькі, не ведаю. Мо ён будзе нейкі суперэкалагічны”, — іранізуе Алена. Калі ўзяць па 300 тысяч рублёў з кожнай кватэры аднаго пад’езда 9-павярхоўкі — гэта 32 мільёны. Няўжо столькі каштуе грузавік пяску? І колькі ўвогуле каштуе цяпер паставіць замест старой савецкай пляцоўкі яркую і вясёлую?

У ЖЭСе № 56, які абслугоўвае двор на вуліцы Варвашэні, кажуць, што за пясок плаціць не трэба. Мала таго, усталяванне самой пясочніцы была добрай воляй ЖЭСа, яе яшчэ мо пафарбуюць — і двор ажыве!

“Разумееце, там проста прасілася дзіцячая пляцоўка — траўка расце, месца добрае”, — нечакана праяўляюць клопат у ЖЭСе. Але незадача, усё, што звыш пясочніцы — арэлі ці нейкія горкі, — усё за кошт жыльцоў. Збіраюць добраахвотна: калі не хоча пенсіянерка, у якой няма ўнукаў, здаваць грошы на арэлі, яна і не будзе. У ЖЭСе №56 Заводскага раёна агучваюць прайс на арэлі.

“Самая танная горка, вось як для ясельнай групы дзетак, каштуе 4 мільёны. Самая дарагая — 44. Там нешта ў выглядзе карабля. Ёсць і даражэйшыя, але мы ўжо не заказвалі прайс на такія дарагія”, — тлумачаць у ЖЭСе.

Цікава, што нягледзячы на тое, што тэрыторыю вакол дома абслугоўвае ЖЭС, добраўпарадкоўваць дзіцячую пляцоўку арганізацыя не абавязаная. 

“Раней добраўпарадкаванне горкі ўваходзіла ў капітальны рамонт. То бок калі дом становіцца на капітальны рамонт, дзіцячую пляцоўку таксама ўпарадкоўваюць. А вось калі ваш дом ставяць на капітальны рамонт у 2015 годзе, гэта ў яго цяпер не ўваходзіць”, — расказваюць у ЖЭСе.

Абслугоўваць новую горку будзе ўсё ж такі ЖЭС і бясплатна. Сачыць за тым, каб горку не пашкодзілі, ЖЭС не будзе, але калі горку зламаюць — ЖЭС парамантуе яе за свой кошт. Толькі калі горку ці арэлі зламыснікі зламаюць так, што нельга будзе парамантаваць, — горку проста знясуць. Новую паставяць, але па вядомым алгарытме — за кошт бацькоў. Дарэчы, такім жа спосабам ля дома можна арганізаваць клумбы ці паставіць нейкія канструкцыі для кветак. Прыходзіш у ЖЭС, абмяркоўваеш кошт — і клумбу зробяць.

Падлічваем, самыя танныя горкі: 4 мільёны, плюс устаноўка 600 000 рублёў. Ці многія бацькі скінуцца на такую горку? У аддзеле добраўпарадкавання ЖРЭА Заводскага раёна кажуць, што цяпер з гэтым туга.

“Горкі заказваюць і арэлі, хоць нам яны не вельмі падабаюцца (іх робіць дзяржпрадпрыемства “Жылкамплект” — заўвага Еўрарадыё). І комплексы заказвалі, але гэта бывае нячаста — заказвалі, калі з грашыма ў людзей было добра”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі