З-за падзення еўра арэндатары зэканомілі 178 тысячаў рублёў на двухпакаёўцы

Прывязаўшы здачу кватэраў да еўра, беларускія наймадаўцы выйгравалі пры росце еўрапейскай валюты. Аднак цяпер, калі курс упаў з 3424 да 2712 рублёў за адзін еўра, у выйгрышу аказаліся арандатары.  Пра гэта Еўрарадыё расказаў старшыня Савета Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Мiкалай Прасталупаў:

“Арэнда стала разлічвацца з еўра. Ну так, еўра прыпала. Арандатарам у беларускіх рублях гэта стала некалькі танней”.

А некалькі танней, па разліках Еўрарадыё, - гэта, да прыкладу, эканомія 178 тысячаў з 250 еўра за двухпакаёўку ў параўнанні з красавіком.

З-за падзення еўра таксама знізіліся цэны на веласіпеды, авія-квіткі і білеты міжнародных чыгуначных кірункаў. Аднак татальнага паніжэння цэнаў чакаць не варта, а хутчэй наадварот, расказалі Еўрарадыё спецыялісты.

Пакуль зніжэнне цэнаў неістотнае. І тычыцца яно, у большасці, міжнародных разлікаў. Калі раптам з-за падзення еўра цэны стануць зніжацца яшчэ больш, нашая дзяржава проста прывяжа кошты да долара, расказаў Еўрарадыё эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Гэта будзе мінімальнае зніжэнне. Таму што калі ёсць міжнародныя разлікі, тады гэта будзе прывязана. Там, дзе авіяперавозкі, нейкі транзіт, пошліны. А калі ўнутраныя разлікі, тады не будзе. Калі еўра ўпадзе, тады прывяжамся зноў да долара. І будзе ўсё такое ж”.

Хаця нават пры некаторых міжнародных разліках цэны застаюцца тымі ж. Напрыклад, з’ездзіць у Еўропу праз турагенцтва танней не атрымаецца. Падымацца цэны ў еўратурызме таксама не будуць. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў тураператары “Трэвэл”.

А вось старшыня Беларускага саюза прадпрымальнiкаў Аляксандр Патупа лічыць, што цэны не тое, што моцна не ўпадуць, а наадварот − будуць расці. І нават не еўра ў гэтым вінаваты. У нас усё так. Ва ўсім свеце нафта патаннела ў два разы, а ў нас па кошце на паліва пра гэта ніяк не скажаш.

Аляксандр Патупа: “Цэны будуць расці. І гэты працэс нават зусім не абумоўлены падзеннем еўра. Думаю, наглядны прыклад з палівам. Нафта зараз патаннела ў два разы. Вы бачыце якую-небудзь рэакцыю на бензін? Абсалютна! У Амерыцы бензін стаў таннець. У беднай Амерыцы... А ў багатай Беларусі – роўным лікам, быццам нічога не адбываецца”.

На колькі б еўра не падаў, для беларускага прадпрымальніка, які закупаецца ў Еўропе, гэта ўсё роўна дорага. І як бы гэта ні было натуральным, зніжаць цэны ён не будзе. У некаторых гандляроў яны і без таго нізкія – пакупніцкая здольнасць у беларусаў сёння вельмі слабая. Ад падзення еўра гандлярцы зімовай вопраткай Людміле ні горача, ні холадна.

Людміла: “Адна з прычынаў – тое, што зараз вельмі мізэрны гандаль, ніякі, можна сказаць. Зараз прадпрымальнікі ставяць вельмі нізкія цэны з-за таго, што тавар вельмі дрэнна купляецца. Не будуць цэны зніжацца”.

Яшчэ адну прычыну роста цэнаў назваў Яраслаў Раманчук. Гэта – дрэнныя фінансавыя паказчыкі ўнутры краіны.

Яраслаў Раманчук:
“Не будуць у нас цэны паніжацца. Цэны будуць расці. Таму што гэта залежыць ад таго, колькі грошай друкуе нацыянальны банк і колькі крэдытаў выдаюць нашыя дзяржаўныя банкі. А паколькі гэтыя паказчыкі застаюцца нязменна дрэннымі, то падзення цэнаў нам чакаць не даводзіцца”.

Хаця пакуль вы ўсё яшчэ можаце выйграць на падзенні цэнаў на некаторыя тавары і паслугі. Напрыклад, купіўшы веласіпед. Можна замовіць ровар па адной цане, а пакуль яго прывязуць з Еўропы, глядзіш – ён патаннее тысяч на 20.




Фота www.novonews.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі