З вязняў калоній у Беларусі патрабуюць выплаты падатку

З вязняў калоній у Беларусі патрабуюць выплаты падатку, паведамляюць праваабаронцы. Гаворка пра падатак на першую кватэру, якая знаходзіцца ва ўласнасці грамадзяніна. Раней уладальнікі плацілі такі падатак за другую і наступныя кватэры. Новаўвядзенне пачало дзейнічаць пасля прыняцця новага Падатковага кодэкса. Апавяшчэнні на выплату сталі прыходзіць у ліпені. І выявілася праблема — асуджаныя папраўчых калоній ад выплаты падатку не вызваленыя (іх няма сярод катэгорый насельніцтва, якія не павінны плаціць падатак), а заплаціць няма магчымасці.

Падатак складае 0,1% ад кошту аднаго квадратнага метра жылля. У Мінску у сярэднім ён складзе 50-60 рублёў на год, а ў рэгіёнах — удвая менш. Сума невялікая, але ў папраўчых калоніях вязні зарабляюць 4-6 рублёў у месяц. Яны могуць мець невялікія грошы на рахунку і выкарыстоўваць іх для пакупкі прадуктаў у турэмнай краме. Але ці можна будзе з яго аплаціць падатак, пакуль невядома.

У банках патрабуюць даныя менавіта ўладальніка кватэры і просяць прад'явіць пашпарт. Праваабаронцы пішуць, што сваякам асуджаных даводзіцца ісці на розныя хітрыкі, каб аплаціць суму. Але гэта атрымліваецца не ва ўсіх. Адміністрацыі калоній пакуль ніякіх тлумачэнняў не даюць. Магчыма, што гэтая праблема для іх таксама з'яўляецца нечаканасцю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.