З Венгрыі ў Аўстрыю прыбылі тысячы бежанцаў

З Венгрыі ў Аўстрыю прыбылі тысячы бежанцаў

Тысячы бежанцаў з ліку тых, каму Венгрыя ў пятніцу дала аўтобусы для выезду ў Аўстрыю, перасеклі мяжу. Цягам апошніх дзён венгерскія ўлады не давалі ўцекачам выехаць з краіны на цягніках, але ўрэшце выдзелілі ім аўтобусы, каб тыя змаглі ехаць.

Паліцыянты на аўстрыйскай мяжы і журналісты налічылі болей за 4 тысячы мігрантаў, большасць з якіх уцяклі з Сірыі. Іх колькасць працягвае ўзрастаць і чакаецца, што бежанцаў будзе да 10 тысяч чалавек.

Некаторыя перасякаюць венгерска-аўстрыйскую мяжу пешшу.  

Венгрыя з’яўляецца транзітнай краінай для бежанцаў. Паводле Дублінскага пагаднення 2013 года, мігранты павінны зарэгістравацца і падаць прашэнні аб наданні статуса ўцекача ў краіне ўезду. Аднак мігранты стараюцца дабрацца да Аўстрыі і Германіі, бо там маюць болей шансаў, чым у Венгрыі, якая адчувае эканамічныя праблемы.

Еўропа сутыкнулася з нечуваным дагэтуль прытокам мігрантаў з ахопленых ваеннымі канфліктамі краін Блізкага Усходу, Афрыкі і Азіі. Канфлікт у Сірыі, які доўжыцца з 2011 года, — адзін з найбуйнейшых фактараў росту колькасці бежанцаў.

Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, з пачатку гэтага года каля 2500 чалавек загінулі, спрабуючы дабрацца да Еўропы праз мора. Летась было зафіксавана 3279 смерцяў за ўвесь год. Сёлета межы Еўрасаюза перасеклі каля 300 тысяч бежанцаў, перадае ВВС.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі