З універсітэтаў на АЭС ідзе менш за палову выпускнікоў-атамшчыкаў

“Частка размекравалася ў дырэкцыю па будаўніцтве АЭС, частку непасрэдна на будаўніцтва станцыі. Яны хацелі самых лепшых, а самыя лепшыя ўжо ўзялі сабе накіраванні ў энергасістэму, з праектных інстытутаў. Трэба, каб дамову з намі заключылі, тады лепшыя пойдуць на АЭС”, — расказваюць пра размекраванне на факультэце энергетычнага будаўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Тут рыхтуюць будаўнікоў цеплавых і атамных станцый.

На факультэце не змаглі задаволіць усе заяўкі на “атамшчыкаў - будаўнікоў”. Першы блок беларускай атамнай станцыі плануюць запусціць у 2018 годзе. Маглі будаваць яшчэ 4 гады.

Большасць выпускнікоў энергетычнага факультэта БНТУ, дзе рыхтуюць спецыялістаў “паратурбінных установак атамных электрычных станцый”, не ідуць на АЭС.

“40% пайшлі на атамную станцыю. Астатнія — на іншыя аб’екты энергетыкі. Спецыяльнасць жа “паратурбінныя устаноўкі”, а яны ёсць амаль на ўсіх цеплавых электрастанцыях”, — расказваюць Еўрарадыё на факультэце.

З БДУ на будучую Астравецкую станцыю ўзялі толькі 6 чалавек. І гэта з 25 інжынераў ядзернай фізікі. Астатнія — у Акадэмію навук і Дзяржатамнагляд.

“Чатыры чалавекі пайшлі ў Дзяржатамнагляд. Яшчэ ў Акадэмію навук, інжынерамі па цеплазабеспячэнні таксама ўладкоўваліся. Але цікавасць да АЭС была”, — апісваюць размеркаванне на фізічным факультэце БДУ.

“Я ўжо месяц на станцыі адпрацаваў. Людзі хацелі сюды. Нас сюды размеркавалася 6 чалавек, але хацелі больш. Адбіралі па сярэднім бале, з самых высокіх у групе. У мяне ў раёне 8 быў агульны бал па дыпломе”, — расказвае Еўрарадыё пра сваё размекраванне інжынер-атамшчык, выпускнік БДУ Яўген.

Па працы яму далі пакой у кватэры, збудаванай пад інтэрнат. Жыве разам з суседам. А таксама паабяцалі да 5 мільёнаў акладу.

“Мне было цікава, я не толькі з-за матэрыяльных бонусаў туды пайшоў. Пакуль вучыўся, зразумеў што гэта маё. Не спужала, што гэта іншы горад, бо я сам з Магілёва”, — даводзіць Яўген.

Выпускніца Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ірына, якая заканчвае факультэт энергетычнага будаўніцтва па спецыяльнасці “будаўніцтва цеплавых і атамных станцый” у Астравец не едзе. Размеркавалася на звычайную электрастанцыю ў Ліду.

“Нам адразу не абяцалі гэтыя месцы, таму і не разлічвалі. А калі паведамілі, што там ёсць праца, людзі ўжо свае месцы знайшлі. Але там некалькі толькі чалавек патрабавалася. Таму я па месцы жыхарства размеркавалася”, — гаворыць Ірына.

На будаўніцтве Астравецкай АЭС сёння працуе 90% беларускіх спецыялістаў: 9 беларускіх будаўнічых кампаній і 2 расійскія. Сёлета на будаўніцтва станцыі плануюць “засвоіць” 470 мільёнаў долараў, паведамляе Белта.

Фота: tut.by На фота - будаўнічая пляцоўка Астравецкай АЭС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі