З трупы "Купалаўцаў" сыходзіць акторка Крысціна Дробыш

Акторка Крысціна Дробыш вырашыла пакінуць трупу "Купалаўцаў". Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю буйному парталу, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім.

Дробыш кажа, што канфліктнай сітуацыі ў трупе няма. Сваё рашэнне яна тлумачыць асабістымі матывамі: "Не, не было ні канфліктнай сітуацыі, ні пратэсту, ні дэмаршу. Ёсць рознае бачанне будучыні каманды. Але адносна мяне — імкненне да ўласнай свабоды і ўласнага шляху.

Тэатрам павінны займацца тыя, каму баліць і ў каго гарыць. Але яшчэ восенню 2021-га раптам прыйшло разуменне, што не хачу працаваць актрысай. Мне стала цесна ў гэтым целе і стала цяжка выходзіць на сцэну. Згубілася разуменне, як я магу гаварыць з людзьмі тэатральнымі сродкамі. Паўгады я варылася ў гэтых думках і дакладна зразумела: хацела б паспрабаваць нешта іншае".

Акторка кажа, што працягне граць ва ўжо адрэпетаваных спектаклях, бо замяніць у цяперашніх умовах досыць складана. Аднак новыя праекты ўжо будуць без яе. 

Цяпер Крысціна Дробыш плануе засяродзіцца на працы з "Кніжным возам" — праектам, дзе размяшчаюцца прафесійна агучаныя кнігі для дзяцей і падлеткаў па-беларуску. "Увогуле з агучкай я працую ўжо дзевяць гадоў. Яна ніколі не выходзіла на першае месца: яго заўжды займаў тэатр. Але цяпер усё больш паглыбляючыся ў беларускую літаратуру і беларускую кнігу — як дзіцячую, так і дарослую — разумею, што магу зрабіць нашмат больш, чым раблю цяпер. Усё больш з’яўляецца паведамленняў, што тую ці іншую кнігу прызналі экстрэмісцкай, што з’явіўся спіс непажаданай літаратуры, або закрылі чарговае выдавецтва. Разумею, што ёсць шанец гэта захаваць. Наклад кніг арыштаваны, але ў выдання можа быць іншае жыццё, яго можна данесці да людзей праз аўдыяфармат", — тлумачыць акторка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі